Мінгандаль Беларусі ініцыіруе адмену гранічных адпускных цэн на бульбу і агародніну са стабфондаў
02.04.2011
—
Новости Общества
|
Мінгандаль Беларусі ініцыіруе адмену гранічных адпускных цэн на бульбу, капусту, моркву, буракі, цыбулю рэпчатую, якія рэалізуюцца са стабілізацыйных фондаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні арганізацыі спажывецкага рынку харчовымі таварамі Мінгандлю. На думку спецыялістаў, гэта дасць магчымасць стабілізаваць попыт насельніцтва на гэтыя віды прадукцыі. Як лічаць у Мінгандлі, асноўнай прычынай павелічэння рэалізацыі бульбы і агародніны са стабілізацыйных запасаў з'яўляецца дыспарытэт цэн на аналагічную прадукцыю ў магазінах і на рынках. Аптова-адпускныя (рознічныя) цэны на бульбу і агародніну са стабілізацыйных фондаў устанаўліваюцца рашэннямі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама. Гэтыя цэны значна ніжэйшыя, чым на рынках у фізічных асоб. Напрыклад, на 24 сакавіка гэтага года максімальныя рознічныя цэны на бульбу айчыннай вытворчасці ў магазінах склалі Br2970 за 1 кг, а на рынках яна прадавалася па Br4500 за 1 кг. Капуста ў магазінах прадавалася па Br3560, а на рынках — па Br4800, морква — адпаведна па Br2500 і Br4000, буракі — па Br1960 і Br3500. Рэпчатую цыбулю ў магазінах рэалізуюць па Br2970, на рынку — па Br4000 за 1 кг. "Між тым гандлёвыя арганізацыі на працягу зімы нясуць пэўныя затраты па захаванні бульбы і агародніны, закладзеных на перыяд міжсезоння, праводзяць пераборку, апрацоўку, нясуць страты, хоць і вымушаны прадаваць іх на ўзроўні гранічных адпускных цэн", — адзначылі ў Мінгандлі. На 1 сакавіка гэтага года рэалізавана 37,3 тыс. т бульбы, 24,1 тыс. т капусты, 9,8 тыс. т морквы, 7 тыс. т буракоў, 9 тыс. т цыбулі, 9,8 тыс. т садавіны. Гэта складае больш за палавіну аб'ёму, закладзенага на перыяд міжсезоння, а па асобных пазіцыях — 60—70 працэнтаў. У параўнанні з аналагічнай датай папярэдняга міжсезоннага перыяду рэалізацыя бульбы павялічылася на 19 працэнтаў, капусты — на 33 працэнты, морквы — на 17 працэнтаў, буракоў — на 20 працэнтаў, цыбулі — на 21 працэнт, садавіны — на 24 працэнты. У папярэднім сезоне бульба і агародніна са стабілізацыйных фондаў расходаваліся не так інтэнсіўна, а да 1 чэрвеня назіраліся нават невялікія лішкі, адзначылі спецыялісты. Як сцвярджаюць у Мінгандлі, існуючыя запасы дадуць магчымасць да канца сезона забяспечыць пакупніцкі попыт поўнасцю. Калі ў 2010 годзе, паводле даных статыстыкі, у сярэднім за месяц бульбы прадавалі па 8 тыс. т, то ў гэтым годзе яго астаткаў дастаткова для продажу каля 9,2 тыс. т у месяц. Акрамя таго, паводле даных Мінсельгасхарча, у спецыялізаваных гаспадарках рэспублікі ёсць свабодныя рэсурсы агародніннай прадукцыі ўраджаю 2010 года. Сельгасарганізацыі ў выпадку неабходнасці могуць прапанаваць 800 т бульбы, 3,1 тыс. т агародніны, з іх 200 т капусты, 400 т буракоў і 2,1 тыс. т морквы, 200 т рэпчатай цыбулі. Далейшаму насычэнню ўнутранага рынку агароднінай будзе садзейнічаць нядаўні дазвол урада размяшчаць агароднінныя магазіны на першых паверхах жылых дамоў. Цяпер у гандлёвай сетцы рэспублікі рэалізуюцца бульба і агародніна як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Увесь імпарт — гэта ранняя прадукцыя ўраджаю гэтага года. Напрыклад, бульба з Марока (па цане Br4,8—6,5 тыс.), белакачанная капуста — з Расіі і Нідэрландаў, морква — з Польшчы. У пакупнікоў ёсць выбар, якія прадукты набываць. Стан спажывецкага рынку і насычэнне яго харчовымі таварамі ў цэлым стабільныя, падкрэслілі ў Мінгандлі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінгандаль Беларусі ініцыіруе адмену гранічных адпускных цэн на бульбу, капусту, моркву, буракі, цыбулю рэпчатую, якія рэалізуюцца са стабілізацыйных фондаў,...
|
|