Нацбанк Беларусі поўнасцю выключае магчымасць разавай дэвальвацыі. 21.by

Нацбанк Беларусі поўнасцю выключае магчымасць разавай дэвальвацыі

02.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі.

У сувязі са зніжэннем суверэнных крэдытных рэйтынгаў Рэспублікі Беларусь, а таксама прыняццем Нацыянальным банкам шэрагу мер на ўнутраным валютным рынку ў адрас органаў грашова-крэдытнага рэгулявання паступаюць пытанні ад замежных інвестараў, асноўных гандлёвых партнёраў краіны і вядучых міжнародных страхавых арганізацый, якія датычацца эканамічнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

У сувязі з гэтым Нацыянальны банк Беларусі паведаміў, што ў мэтах стабілізацыі сітуацыі ў эканоміцы і скарачэння адмоўнага сальда бягучага рахунку плацежнага балансу з пачатку 2011 года прадаўжаецца курс на істотнае ўзмацненне грашова-крэдытнай палітыкі і абмежаванне сукупнага ўнутранага попыту. Для гэтага выкарыстоўваюцца ўсе існуючыя інструменты.

У галіне грашова-крэдытнай палітыкі ў студзені—сакавіку 2011 года быў прыняты шэраг мер. У прыватнасці, павышаны на 1,5 працэнтнага пункта стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка (да 12 працэнтаў гадавых), на 2 працэнтныя пункты працэнтныя стаўкі па пастаянна даступных інструментах падтрымкі ліквіднасці (да 18 працэнтаў гадавых), стаўкі па аўкцыённых аперацыях падтрымкі ліквіднасці (да 16,5 працэнта гадавых) і двухбаковых здзелках своп (да 17 працэнтаў гадавых).

Таксама павялічаны нарматыў абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых сродкаў юрыдычных асоб у нацыянальнай валюце і прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце з 6 працэнтаў да 9 працэнтаў.

Зніжаны курс беларускага рубля да кошыка замежных валют, якая складаецца з долара ЗША, еўра і расійскага рубля, з пачатку года на 6,17 працэнта. На 2011 год калідор змянення кошту кошыка замежных валют складае плюс/мінус 8 працэнтаў ад цэнтральнага значэння, якое склалася да пачатку года. Курс беларускага рубля да долара і еўра будзе вызначацца з улікам узаемных ваганняў валют на сусветных рынках.

Пры неабходнасці Нацыянальны банк гатовы разглядаць і рэалізоўваць іншыя меры, якія дадуць магчымасць скарэкціраваць знешні дысбаланс і забяспечыць устойлівасць знешніх пазіцый у кароткатэрміновай і сярэрднетэрміновай перспектыве.

Адносна бягучага стану золатавалютных рэзерваў у Нацбанку адзначылі, што па выніках лютага іх аб'ём у нацыянальным вызначэнні знізіўся на $68 млн і на 1 сакавіка 2011 года склаў $5511,5 млн. Пры гэтым у лютым Беларусь у поўным аб'ёме і ў тэрмін ажыццявіла плацяжы па знешнім доўгу, у тым ліку выплаціла першы купон па суверэнных еўрааблігацыях.

У вызначэнні ССРД МВФ узровень золатавалютных рэзерваў знізіўся на $319,4 млн і на 1 сакавіка 2011 года склаў $4023,6 млн. Больш значнае зніжэнне рэзерваў у вызначэнні ССРД МВФ у параўнанні з рэзервамі ў нацыянальным вызначэнні звязана з методыкай разліку паказчыка ў міжнародным вызначэнні, а менавіта асаблівасцямі ўключэння ў яго склад асобных актываў у каштоўных металах.

Пры гэтым у пачатку сакавіка эканоміка рэспублікі сутыкнулася з рэзкім павелічэннем попыту на замежную валюту з боку насельніцтва і суб'ектаў гаспадарання, справакаваным апасеннямі адносна магчымай разавай дэвальвацыі нацыянальнай валюты.

У сувязі з гэтым Нацыянальным банкам быў прыняты шэраг аператыўных мер, накіраваных на стабілізацыю сітуацыі і прадухіленне развіцця негатыўных тэндэнцый на ўнутраным валютным рынку, у тым ліку спекулятыўнага націску на курс беларускага рубля.

Так, з 1 красавіка на Беларускай валютна-фондавай біржы ўводзіцца часовы парадак куплі замежнай валюты, у адпаведнасці з якім у прыярытэтным парадку будуць задавольвацца заяўкі прадпрыемстваў і банкаў на аплату імпартных кантрактаў на куплю медыкаментаў, прыроднага газу, пагашэнне крэдытаў у замежнай валюце і для іншых мэт.

Пры гэтым у суб'ектаў гаспадарання і банкаў па-ранейшаму захоўваецца магчымасць свабоднай куплі замежнай валюты на пазабіржавым рынку, на якім можа пераразмяркоўвацца больш як 70 працэнтаў паступаючай у краіну валютнай выручкі. Такім чынам, пазабіржавы рынак будзе задавольваць асноўны аб'ём патрэбнасцяў суб'ектаў гаспадарання эканомікі Беларусі ў замежнай валюце.

У мэтах павышэння эфектыўнасці механізмаў рыначнага рэгулявання попыту і прапанавання Нацыянальны банк павялічыў межы вагання курсу беларускага рубля на міжбанкаўскім рынку да 10 працэнтаў. Такім чынам, Нацыянальны банк робіць упор на функцыянаванне пазабіржавага рынку як найбольш рыначна арыентаванага сегмента валютнага рынку.

Названыя меры накіраваны на забеспячэнне першачарговага і безу- моўнага задавальнення попыту на замежную валюту для крытычных мэт, выкананне рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь сваіх абавязацельстваў перад замежнымі контрагентамі, а таксама захаванне золатавалютных рэзерваў дзяржавы для рэалізацыі даўгавой палітыкі дзяржавы, згодна з якой у Рэспубліцы Беларусь на заканадаўчым узроўні замацаваны прынцып прыярытэтнасці абслугоўвання і пагашэння знешняга дзяржаўнага доўгу. Стратэгія кіравання знешнім дзяржаўным доўгам будуецца на прынцыпах забеспячэння патрэбнасці дзяржавы ў фінансавых рэсурсах пры мінімальна магчымым кошце пазык, захавання аб'ёмаў знешняга дзяржаўнага доўгу на эканамічна бяспечным узроўні, мінімізацыі гадавых затрат на абслугоўванне дзярждоўгу, забеспячэнні выканання абавязацельстваў у поўным аб'ёме.

Па меры стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку Рэспублікі Беларусь і прыцягнення неабходных аб'ёмаў знешняга фінансавання Нацыянальны банк ажыццёвіць адмену раней уведзеных мер рэгулявання аперацый куплі-продажу замежнай валюты і забяспечыць поўную канверсоўнасць беларускага рубля па бягучых аперацыях.

У сувязі з гэтым 31 сакавіка 2011 года праўленнем Нацыянальнага банка Беларусі прынята рашэнне не прымяняць дадатковыя абмежавальныя меры ў сферы валютнага рэгулявання і валютнага кантролю.

Для падтрымання плацежнага балансу краіны ва ўстойлівым стане ўрад Рэспублікі Беларусь звярнуўся да Расійскай Федэрацыі і Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС па прадастаўленне стабілізацыйных крэдытаў на агульную суму амаль $3 млрд.

Адначасова для дасягнення збалансаванасці эканомікі і зніжэння адмоўнага сальда знешняга гандлю ўрадам і Нацыянальным банкам Беларусі цяпер распрацоўваюцца праграмы эканамічных мер і структурныя рэформы, якія прадугледжваюць правядзенне прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці.

У мэтах плануемага скарачэння дэфіцыту бюджэту сектара органаў дзяржаўнага кіравання з 3 працэнтаў да 1,5 працэнта ВУП праводзіцца работа па павелічэнні даходнай і скарачэнні расходнай частак бюджэту.

Акрамя таго, у гэтым годзе чакаецца паступленне прамых замежных інвестыцый у аб'ёме $6,2-6,4 млрд. Пры гэтым галоўнай задачай, якая пастаўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь перад Нацыянальным банкам і ўрадам, з'яўляецца недапушчэнне далейшага зніжэння дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і нарошчванне іх да канца 2011 года да велічыні, якая адпавядае трохмесячнаму сярэдняму імпарту ($9-10 млрд), што забяспечвае неабходны ўзровень эканамічнай бяспекі краіны.

Фактычнае дасягненне дастатковага ўзроўню золатавалютных рэзерваў стане зыходным пунктам для правядзення работы з міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі па павышэнні суверэннага рэйтынгу Рэспублікі Беларусь на якасна новы ўзровень.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі. У сувязі са зніжэннем суверэнных крэдытных рэйтынгаў Рэспублікі Беларусь, а...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика