Аголеная душа ў грамадскім месцы, альбо Чаму б не пасадзіць на каня Міндоўга і Каліноўскага?. 21.by

Аголеная душа ў грамадскім месцы, альбо Чаму б не пасадзіць на каня Міндоўга і Каліноўскага?

02.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Вы часта сустракаецеся з гэтым чалавекам. Калі ідзяце праз сквер Янкі Купалы ў Мінску, альбо праязджаеце па вуліцы Лазо, калі шпацыруеце па алеі, што вядзе да службовага ўваходу опернага тэатра, калі падарожнічаеце па Беларусі. І нават калі вандруеце па Расіі, Кітаі, Швейцарыі, Германіі, Італіі або Турцыі. Бо там жывуць скульптуры Уладзіміра Слабодчыкава.

Скульптура, як і любы твор мастацтва, шчыльна звязана з унутраным светам мастака. Гэта нешта сакральнае для яго, амаль недатыкальнае. Але ён набіраецца мужнасці і выстаўляе сваю скульптуру ў грамадскае месца, каб кожны мог ацаніць яе: аблаяць альбо паспрабаваць зразумець. Скульптура — аголеная безабаронная душа мастака ў грамадскім месцы.

У некаторых скульптуры Уладзіміра Слабодчыкава захоўваюцца нават дома. І я маю на ўвазе не толькі прыватных калекцыянераў, але і ўладальнікаў прыза "Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення", які штогод уручаецца на "Славянскім базары ў Віцебску". Менавіта мінскі скульптар кожны год зноў і зноў вырабляе гэты невялічкі, але каштоўны прыз.

Скульптуры, зробленыя ім на трэцім курсе Акадэміі мастацтваў, знаходзяцца ў калекцыі Трацякоўскай галерэі. Адметна, што сярод іншых там знаходзяцца і наскрозь працятыя беларускасцю скульптуры "Даўгінаўскай серыі", якія мастак зрабіў на малой радзіме ў вёсцы Даўгінава: "Мой дзед", "Вербніца", "Мая спадчына", "Рэзгіны". Калі вы бачылі скульптуры Уладзіміра Слабодчыкава, то не зблытаеце іх з іншымі: вытанчаныя, высакародныя, з нязменным лейтматывам лодкі-чоўна ў многіх кампазіцыях. Па просьбе сына народнай артысткі СССР Стэфаніі Станюты Уладзімір Слабодчыкаў зрабіў помнік, усталяваны на Усходніх могілках над магілай беларускай актрысы.

Ужо больш чым 20 гадоў Уладзімір Іванавіч узначальвае кафедру скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ён ведае пра скульптуру ўсё і сам з'яўляецца вядомым майстрам. Уладзімір Слабодчыкаў распавёў "Звяздзе" пра тое, што найбольш цікавіць турыстаў у Мінску, якая галоўная праблема сучаснай беларускай скульптуры і чаму яго макет скульптуры княгіні Вользе ў Віцебску назвалі плагіятам.

"Нашы чыноўнікі не вельмі разумеюць у мастацтве..."

— Большасць вашых грамадскіх скульптур, што стаяць у беларускіх гарадах, вельмі адрозніваюцца ад скульптур, зробленых вамі як чыста творчыя праекты "для сябе". Ці не ёсць грамадскія заказы гвалтам з сябе?

— Я назваў бы гэта не гвалтам, а трансфармацыяй, гібкасцю свядомасці. Я лічу, што ёсць стэрэатыпы, якія няма сэнсу ламаць. Напрыклад, нядаўна я рабіў бюст беларускай опернай спявачкі Ларысы Александроўскай. Гэта рэальная асоба канкрэтнага гістарычнага перыяду. І зрабі я яе ў сваім мадэрновым адметным стылі, яна проста была б не падобная на сябе. Тое, што скульптура будзе стаяць у грамадскім месцы, прымушае скарыстоўваць больш зразумелыя для грамадскасці формы. Манументальная рэч сама па сабе — не твая асабістая. Яна павінна жыць у нейкім асяродку для некага. Доўгі час я ад заказаў наогул уцякаў, рабіў свае рэчы і быў абсалютна шчаслівы. Але ў рэшце рэшт захацелася рабіць нейкія вялікія манументальныя скульптуры, якія б засталіся для нашчадкаў... Той жа помнік графу Зорычу ў Шклове. Калі б я зрабіў гэтую фігуратыўную скульптуру такой, як постаці ў "Раўнавазе сямейнага чоўна", мяне б не зразумелі...

— Тым не менш, пабачыўшы "Раўнавагу сямейнага чоўна", глядач адразу пазнае аўтарскі стыль і назаве прозвішча скульптара. А пабачыўшы помнік Зорычу, ён будзе яшчэ думаць: хто ж аўтар...

  — Робячы манументальную рэч у сваім стылі, рызыкуеш сысці ад самой ідэі. Бо трэба не займацца фармальнымі пошукамі, а паказаць асобу канкрэтнага чалавека, напрыклад. Альбо тэму вайны зрабіць у такім стылі таксама досыць складана. Мастацкі савет не зразумее такога падыходу і не зацвердзіць эскіз... Праўда, аднойчы, я меў шанц рабіць тое, што хачу, калі ствараў скульптуру "Рыба ў промнях сонца" для музея экалогіі ў Полацку. Мне пашчасціла, таму што дырэктар музея даверыўся мне. Надмагілле Стэфаніі Станюты я таксама зрабіў даволі стылізаванае, але гэта была не самамэта. Я быў упэўнены, што такая пластыка больш раскрывае вобраз актрысы, і атрымаў блаславенне яе сваякоў...

— Значыць, мадэрновыя тэндэнцыі, папулярныя ў свеце, не зусім добра прыжываюцца ў нас на Беларусі?

— Можна сказаць і так. Хочацца ўсё-ткі, каб у нас было шмат розных скульптур. Упершыню нейкі эксперымент у скульптуры мы паспрабавалі зрабіць у 1988 годзе. Тады я арганізаваў у Мінску скульптурны пленэр, і вынік нашай працы можна назіраць у скверы Янкі Купалы. Першая злева ад цырка — мая скульптура. Тады мы хацелі пазбавіцца ад бясконцай ваеннай тэматыкі, ад ботаў і аўтаматаў, бо савецкая беларуская скульптура ўяўляла з сябе выключна гэта. Так мы прыйшлі да сучаснай еўрапейскай скульптуры. І сёння нашы маладыя скульптары, студэнты акадэміі адчуваюць сябе абсалютна разняволена сярод прагрэсіўных еўрапейскіх мастакоў. У нашых гарадах дасюль мала мадэрновых скульптур. Сусветная скульптура сыходзіць ад фігуратыўнай скульптурнай выявы, часцей звяртаецца да стылізаванай. Мастацкая адукацыя ў Беларусі працягвае заставацца больш традыцыйнай, і таму мы не страцілі яшчэ сваю акадэмічную школу, як гэта адбылося і адбываецца ў большасці краін свету. Наша творчая моладзь гатовая дэманстраваць такія творы, якія адпавядаюць сучасным мадэрновым павевам. Але наш глядач да гэтага не зусім падрыхтаваны. Мы ўсё-ткі пазіцыянуем сябе часткай Еўропы, таму павінны дапускаць і наватарскія падыходы. Я не адмаўляю таго, што ёсць, але няхай будзе яшчэ і нешта новае. Раней было складана ўявіць сабе авангардную скульптуру ў цэнтры Мінска, таму што архітэктура яго — так званы савецкі класіцызм. А скульптура — гэта ансамблевы аб'ект, яна не можа існаваць сама па сабе. Зараз мы бачым у нас новыя архітэктурныя формы, якія вымагаюць рабіць менавіта авангардныя рэчы, таму што традыцыйны падыход у іх кантэксце недарэчны. Дапусцім, гандлёвы цэнтр "Еўропа" альбо новыя мадэрновыя будынкі банкаў. Мы нават уявіць сабе не можам побач з імі "Бабку з семкамі"!

Мы з мінскімі скульптарамі шмат разоў прапаноўвалі гораду зрабіць тое ці гэтае, але нашы чыноўнікі не вельмі разумеюць у мастацтве. І вельмі рэдка даюць згоду на ўсталяванне помніка сучаснай формы ў горадзе. Ёсць у мяне скульптура "Прысвячэнне Шагалу". Яна была прынята горадабудаўнічым саветам. І я прапаноўваў зрабіць яе вялікай — шасціметровай. Але яе, як і кампазіцыю "У лодцы", якую планавалася размясціць на беразе Свіслачы, так дасюль і не ўсталявалі. Не знайшлі заказчыка, які пайшоў бы на эксперымент і рашыўся ўкласці грошы ў такую працу.

Каго прываблівае помнік Леніну?

— Некалькі гадоў таму Эрнст Неізвесны наведаў Беларусь і назваў скульптуры ў цэнтры Мінска "безобразием". Што вы можаце на гэта адказаць?

— Я назваў бы гэта не "безобразием", а "малообразием". Таму што ў нашай скульптуры мала вобразаў іншых, адрозных. Магчыма, у гэтым і заключаецца наша асноўная праблема. Вядома, помнік Якубу Коласу — яшчэ неблагі. Але вось яго персанажы побач мне не зусім падабаюцца. Хоць сам асабіста ляпіў там хлопчыка па эскізах Заіра Азгура, калі быў студэнтам. Падзарабляў. Альбо, дапусцім, Ленін на плошчы Незалежнасці... Ён не жыве ў часе, ён жыве па-за кантэкстам сучаснасці нейкім сваім жыццём. І турысты з Еўропы прыязджаюць паглядзець на помнік Леніну... З'яўляецца інтарэс да наведвання прамысловых раёнаў. Турыстам цікава паглядзець на савецкія прынцыпы будовы рабочых раёнаў. Але, калі б у гэтым вінегрэце былі нейкія сучасныя рэчы, яны б вельмі цікава зрэзаніравалі. Сёння ў Беларусі скульптура ў нейкіх новых сучасных кірунках развіваецца выключна дзякуючы прыватнаму заказу.

Беларуская скульптурная школа вельмі маладая: кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў у 2013 годзе будзе 60 гадоў. Можна параўнаць з Пецярбургскай акадэміяй, якой будзе 250 год. Але мы патэнцыйна вельмі моцныя. Мы яшчэ пакажам, на што здольныя. Многія беларускія маладыя скульптары ўжо зараз вельмі каціруюцца на Захадзе: Віктар Копач, Андрэй Вераб'ёў, Сяргей Аганаў, Сяргей Бандарэнка, Андрэй Асташоў.

— Скульптар — адказная прафесія?

— Вядома! Праз дзесяцігоддзі будуць гаварыць пра вобразы, увасобленыя ў скульптуры менавіта ў гэты гістарычны перыяд. Зрабіла Святлана Гарбунова Сымона Буднага — і ў нас Будны цяпер асацыюецца выключна з гэтым вобразам. Альбо Алесь Дранец зрабіў Скарыну — і таксама менавіта гэты вобраз Скарыны застанецца ў свядомасці сённяшняй моладзі. Вялікая адказнасць ляжыць на скульптары, і хочацца, каб гэтая адказнасць дзялілася разам з дзяржавай. Вось у нас, напрыклад, мала помнікаў гістарычным дзеячам: няма ні Радзівілам, ніводнаму князю ВКЛ, у Мінску няма нават коннага помніка! Конны помнік звычайна ставіцца заснавальніку горада альбо дзяржавы. Чаму б нам не пасадзіць на каня Міндоўга альбо Каліноўскага?

Скульптура — гэта такі асветніцкі від мастацтва. Яна раскрывае гісторыю, культуру, выхоўвае павагу да культуры, да Радзімы. Па помніках судзяць пра культуру народа, культуру кіраўнікоў, па помніках судзяць наогул — што ёсць цікавага. Мы зараз імкнёмся развіваць турыстычныя маршруты. Але калі не будзе гістарычных помнікаў, незвычайных скульптур, то турыстам будзе не так цікава наведваць Беларусь.

Пры чым тут "Звязда"?

— Першая сусветная вайна пакінула вельмі вялікі след у Беларусі. Увесь жах вайны прыйшоўся пераважна на беларускія землі. Мы з архітэктарам Ігарам Марозавым распрацавалі гэты помнік, хацелі ўсталяваць яго ў мясцовасці Нарачанскіх балот, дзе ў сакавіку 1916 года пачаліся вялікія наступленні расійскай арміі, каб адцягнуць нямецкія войскі ад Францыі. Пад Вердэнам у гэты час пачалося вялікае наступленне немцаў, і Парыж мог быць заняты немцамі. Як саюзнік, рускі цар пачаў наступленне ў нарачанскім кірунку, і там палягло каля 100 тысяч салдат Расійскай імперыі, у тым ліку беларусаў. Расійскія войскі разлічвалі на замаразкі, каб можна было прайсці балоцістую мясцовасць. Але наступіла вялікая адліга, і з-за яе палягло вельмі многа людзей. Немцы сталі ўпершыню прымяняць атрутныя газы. Нашы войскі былі да гэтага не гатовыя, у іх было мала сродкаў асабістай бяспекі... У свой час, годзе ў 1991, на мяне выйшлі карэспандэнты "Звязды" (на жаль, не памятаю іх імёнаў), якія прасілі распрацаваць такі помнік. Але ў мяне былі тады іншыя планы, я не ўзяўся за гэты праект. Быў створаны фонд па стварэнні гэтага помніка, пры ўдзеле карэспандэнтаў "Звязды": відаць, яны ўваходзілі ў ініцыятыўную групу. Было сабрана больш за 10 тысяч рублёў — вялікія грошы ў тыя часы! Карацей, потым грошы некуды зніклі, ініцыятыву не падтрымалі, і задума гэта не спраўдзілася.

Недзе гадоў пяць таму я натыкнуўся на матэрыялы пра Першую сусветную вайну. Цяпер распрацоўваю помнік па сваёй ініцыятыве. Наш праект спадабаўся мясцоваму кіраўніцтву, але патрэбна падтрымка вобласці. Хочацца, каб у 2014 годзе, да стагоддзя пачатку гэтай вайны, помнік усталявалі.

"Вольга нас і ўратавала!"

— У канцы пазамінулага года быў абвешчаны конкурс на помнік княгіні Вользе ў Віцебску, конкурс мяне зацікавіў. Мы ўзяліся за працу з архітэктарам Ігарам Марозавым. Згодна з легендай, Вольга прыплыла ў будучы Віцебск у лодцы. Хоць меркаванні гісторыкаў разыходзяцца наконт гэтага факта. Але існуе такая легенда, такая міфалагізацыя гістарычнага факта, нават яго містыфікацыя, што само па сабе вельмі добрая падстава для мастацкага твора. Гэтая сувязь з вадой, гэтая лодка, якую я вельмі часта эксплуатаваў у сваіх папярэдніх работах, вельмі ляглі мне на душу! Для мяне лодка і вада — неадымныя сімвалы нашага жыцця, цячэння часу. У культуры любога народа прысутнічаюць гэтыя элементы. Карацей, я зрабіў макет скульптуры і перамог у конкурсе. Але мяне папрасілі крыху перарабіць эскіз, таму што палічылі яго падобным да ладдзі з Лыбеддзю ў Кіеве.

Літаральна ў гэты час адбываецца аварыя з гэтай ладдзёй у Кіеве — з-за абледзянення ад помніка адкалолася карма. Прыблізна ў гэтыя дні мы з архітэктарам Марозавым ехалі ў Віцебск з макетам помніка. І патрапілі ў жудасную аварыю. Дзякуй Богу, што ўсе жывыя засталіся. Але джып, на якім мы ехалі, быў цалкам разбіты, і макет скульптуры разляцеўся на кавалкі. Я хадзіў збіраў... Потым у інтэрнэце пачалі з'яўляцца розныя допісы, у якіх хто як трактаваў і гэтую аварыю, і абвінавачванне мяне нават у плагіяце. Але, на маю думку, аварыю прыгадваць было проста не па-хрысціянску, таму што мы цудам выжылі. Вольга, відаць, нас і ўратавала. А абвінавачваць мяне ў плагіяце маглі толькі людзі, якія нічога не ведаюць пра маю папярэднюю дзейнасць і тое, што матыў лодкі для мяне заўжды быў лейтматывам.

Новы варыянт помніка Вользе зацверджаны Рэспубліканскім мастацкім саветам. У ім я перанёс Вольгу з носа ладдзі ў цэнтр, бліжэй да астатніх персанажаў. У новым зацверджаным варыянце яна не будзе выклікаць асацыяцый з кіеўскай ладдзёй. Мне вельмі імпануе інтарэс віцебскага кіраўніцтва да гістарычнай скульптуры. Але пакуль грошы на далейшую працу не вылучаныя, і я марудна працую над мадэллю помніка .

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

і з архіва скульптара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вы часта сустракаецеся з гэтым чалавекам. Калі ідзяце праз сквер Янкі Купалы ў Мінску, альбо праязджаеце па вуліцы Лазо, калі шпацыруеце па алеі, што вядзе да...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика