Добрая гаспадыня цераз венік не пераступіць. 21.by

Добрая гаспадыня цераз венік не пераступіць

02.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Венік — адна з рэчаў жаночага ўжытку. Таму, калі на парозе сустракалі кумоў з пахрышчаным дзіцем, а менавіта з дзяўчынкай, каля парога абавязкова ставілі венік. Венік, якім парылі нявесту, развязвалі і яго пруткамі высцілалі шлях ад лазні да хаты. Калі нявесту прывозілі ў хату да жаніха, свякроўка клала каля парога венік і назірала: падыме — добры знак, добрая гаспадыня прыехала; пераступіць і пойдзе далей — дрэнна. У некаторых рэгіёнах нявесту прасілі падмесці падлогу, а затым гэты венік упрыгожвалі стужкамі і грашыма ў знак далучэння нявесты да новай хаты. На Палессі нецнатлівай нявесце замест вясельнага дрэўца дарылі венік альбо ўтыкалі перад хатай яе бацькоў мятлу.

 У шматлікіх зімовых варожбах выкарыстоўвалі "калядны" венік: кідалі яго на дарогу з надзеяй убачыць, адкуль прыйдзе суджаны; падкладвалі пад падушку, каб убачыць прароцкі сон, з пруткоў рабілі "калодзеж" і запрашалі суджанага выпіць вады і г.д.

 На Палессі "калядны" венік, якім мялі ў хаце ад Раства да Хрышчэння, абавязкова пасля свят замянялі на новы. Ён лічыўся небяспечным для наступных дзён. Дзяўчаты ці жанчыны рассякалі венік на парозе, прасілі даравання за ўсе грахі (звычайна, за работу, на выкананне якой была накладзена забарона падчас Каляд): "Што вязалася — развяжыся, што шылася — расшыйся, што секлася — рассячыся...". Рассечаны венік, на якім заставаліся ўсе грахі, выносілі разам са смеццем у сад да пладовых дрэў, раскідвалі па падворку альбо спальвалі.

 На Івана Купалу праводзілі абрад спальвання старых і нарыхтоўкі новых венікаў. Іх збіралі на працягу года, каб спаліць у купальскім вогнішчы.

 Венік выкарыстоўвалі і ў пахавальным абрадзе. Каб аблегчыць скон паміраючаму чалавеку, венік закідвалі на дах. Усходнія славяне ў труну сцялілі галінкі і лісце ад бярозавага веніка, а таксама лісцем набівалі падушку для яго. Той венік, якім мялі падлогу адразу ж пасля вынасу труны, выкідалі разам са смеццем як мага далей ад хаты або спальвалі, а маглі аднесці на могілкі. Разам з тым, як і іншыя рэчы пахавальнага абраду, такі венік маглі выкарыстоўваць як для лячэння старых захворванняў ці сурокаў, так і для таго, каб нанесці людзям шкоду.

 "Пахавальны" венік выкарыстоўвалі на Радаўніцу ці Тройцу, калі абмяталі магілы памерлых.

 Венік у хаце заўсёды меў сваё пэўнае месца. Яго выносілі, калі ў хаце быў памерлы, і прыносілі толькі для таго, каб пасля вынасу труны ў апошні раз вымесці падлогу.

Народная традыцыя вымагала трымаць падлогу і парог хаты чыстымі, прыбранымі. Казалі, што на ноч заўсёды неабходна падмесці хату — для таго, "каб анёлам было чыста хадзіць". Але і тут быў цэлы шэраг правілаў, якіх неабходна было прытрымлівацца.

 Вымятаць смецце са сваёй хаты — азначае вымятаць поспех і дабрабыт са сваёй сям'і. Таму і сёння існуе звычай вымятаць смецце да парога, а потым збіраць яго і выносіць у вядры да захаду сонца.

 Ніколі не мялі падлогу, калі пяклі хлеб — хлеб не падымецца.

 Не мялі падлогу, калі з хаты хтосьці паехаў. Ва ўсходніх славян была распаўсюджана забарона месці ці мыць падлогу на працягу трох дзён з моманту ад'езду каго-небудзь з хаты (былі гэта член сям'і альбо госць).

 Не мялі падлогу на працягу таго часу, пакуль труна з нябожчыкам знаходзілася ў хаце (звычайна, на працягу трох дзён).

 Не мялі падлогу і не выносілі смецце ў вялікія царкоўныя святы і пасля захаду сонца — шчасце і поспех "змяцеш" з хаты.

 Існавала строгая забарона месці падлогу на Фядору (8 чэрвеня): той, хто будзе месці падлогу ў гэты дзень пасля захаду сонца, вымеце з хаты дамавіка і "намяце" ў сям'ю бяду.

 Калі дзяўчына неакуратна мяце падлогу, ёй наканавана будзе "выйсці замуж за рабога".

 Калі мяцеш падлогу, трэба ісці следам за смеццем, інакш "вымяцеш" сябе з хаты.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Венік — адна з рэчаў жаночага ўжытку. Таму, калі на парозе сустракалі кумоў з пахрышчаным дзіцем, а менавіта з дзяўчынкай, каля парога абавязкова ставілі венік....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика