Попыт на добрую няньку па-ранейшаму перавышае прапанову. 21.by

Попыт на добрую няньку па-ранейшаму перавышае прапанову

14.04.2011 09:43 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Попыт на добрую няньку па-ранейшаму перавышае прапанову


Людмілу я ведаю даўно. Ёй "крышачку за 50", скончыла паліграфічнае вучылішча, працуе ў адной са сталічных друкарань. Так што ў некаторым сэнсе мы калегі... Неяк сустрэліся, разгаварыліся. Аказалася, што паліграфічная справа для Людмілы — хоць і асноўны, але зусім не галоўны занятак. Друкарню яна наведвае ў вячэрнюю змену, а ўдзень працуе нянькай па дагаворы... Пра нюансы гэтай, як аказалася, вельмі запатрабаванай прафесіі Людміла расказала крыху пазней — за кубачкам кавы ў рэдакцыі, куды я запрасіла яе, каб прадоўжыць размову. 

"У пашпарт не заглядвалі..."

У пачатку 80-х Люда (прозвішча яна папрасіла не называць. — Н.К.) выйшла замуж за ваеннага і разам з мужам паехала "служыць" у Германію. У гарнізоне працы для 22-гадовай дзяўчыны не знайшлося, але Люда не прывыкла сядзець без справы. ("Нас у маці было чацвёра, і беларучкай я ніколі не лічылася".) Заўважыўшы, што некаторыя жанчыны, якія жылі па-суседстве, вымушаны браць маленькіх дзяцей з сабой на працу, яна прапанавала ім свае паслугі ў якасці нянькі. Як ні дзіўна, суседкі пагадзіліся — нягледзячы на дастаткова юны ўзрост самой Людмілы і адсутнасць у яе якога-небудзь вопыту. Напэўна, адыгралі ролю яе абаяльнасць і дружалюбнасць. А магчыма, у жанчын, якія не хацелі страчваць дэфіцытныя месцы працы, проста не было выбару.

Праз тры гады Людміла сама стала мамай, і са "статусам" няні ёй давялося развітацца. Але, як аказалася, ненадоўга. У канцы 80-х сям'я вярнулася ў Беларусь, Людміла ўладкавалася на працу ў друкарню. А ў пачатку 90-х, калі на абсягах роднай краіны з'явіўся не толькі прыватны капітал, але і прыватны абслуговы персанал, пачаўся сапраўдны "нянькавы" бум, і яе невялікі вопыт аказаўся запатрабаваным.

Спачатку Людміле патэлефанавала знаёмая, якая на той момант сама падпрацоўвала нянькай: паскардзілася на нязручнасць графіка і пацікавілася, ці не зможа Людміла яе замяніць.

— Я і вырашыла ўспомніць "маладосць"... Натуральна, спачатку было не па сабе — дзіцяці ўсяго год і два месяцы. Ды і сям'ю я зусім не ведала... Але хвалявалася, як высветлілася, дарэмна. Людзі аказаліся прыстойныя, інтэлігентныя. Мама і тата — урачы, бабуля з дзядулем таксама... Я прыязджала да іх у 8 гадзін раніцы, да абеду няньчылася з Лёшам. Ну а вечарам ішла ў сваю друкарню, працавала ў вячэрнюю змену.

Першы тыдзень Святлана, мама Лёшы, правяла побач з новай нянькай — тлумачыла, дзе і што знаходзіцца, а па вялікім рахунку, прыглядалася. Цікавілася, якая ў Людмілы сям'я, ці ёсць у яе свае дзеці, ці замужам яна... У пашпарт, як ні дзіўна, не заглядвала — задаволілася рэкамендацыяй Людмілінай знаёмай, якая яе "сасватала", і ўласнымі ўражаннямі.

— У мае абавязкі ўваходзіла карміць малога, мыць яго, мяняць памперсы, пераапранаць, гуляць з ім на вуліцы... Прыбіраць у кватэры? Не, гэтага ад мяне ніхто не патрабаваў, але часам я наводзіла парадак па сваёй ініцыятыве. Прапыласосіць там ці, напрыклад, посуд памыць пасля мамы і таты, калі яны не паспявалі, для мяне не з'яўлялася цяжкасцю, карона з мяне не звальвалася. За гэта мне не даплачвалі — проста было прыемна пакідаць пасля сябе кватэру ў поўным парадку.

Хлопчык-сюрпрыз

Дарэчы, добрыя стасункі з гэтай сям'ёй Людміла падтрымлівае і цяпер. Віншуюць адно аднаго са святамі, перазвоньваюцца без усялякай нагоды... Калі ў Святланы нарадзілася другое дзіця, яна адразу ж патэлефанавала Людміле: маўляў, будзем рады бачыць нашу няньку зноў. Але ў яе на той час ужо быў Арцёмка, ці, як яна кажа, хлопчык з характарам.

— Яго мама, Ірына, знайшла мяне пасля таго, як я дала аб'яву ў рэкламную газету: маўляў, нянька з вопытам працы, ураўнаважаная, акуратная, без шкодных звычак, адгукнецца на вашу прапанову... Прыехала я да яе на "агледзіны", мы пагаварылі, і на другі дзень я ўжо прыступіла да сваіх абавязкаў. Спачатку мне ўсё спадабалася. Сям'я дружная, Ірына — і як гаспадыня, і як чалавек — проста цудоўная. І чуллівая, і ўважлівая. На кухні ў яе ўсё зіхацела, у пакоях — таксама ідэальны парадак... Пачала яна мне расказваць, як ім раней не шанцавала на нянек — ніводная не затрымлівалася... Я, натуральна, крыху насцярожылася, але выгляду не падала... Пазнаёмілася з Арцёмкам. Хлопчык як хлопчык, спакойны такі для сваіх двух годзікаў, павольны. Дзякуй Богу, думаю, не давядзецца бегаць за ім з ранку да вечара, пільнаваць, каб куды-небудзь не ўлез... Але рана радавалася. Арцёмка аказаўся хлопчыкам-сюрпрызам, у тым сэнсе, што любіў шкодзіць нечакана, спадцішка... Мірна гуляючы ў пясочніцы з дзецьмі, мог набраць у далоньку пяску і... сыпануць каму-небудзь у вочы... Я вымушана была стрымліваць эмоцыі: чужое дзіця, лаяцца на яго не будзеш, каб не абвастраць адносіны. Брала яго за руку, выводзіла з пясочніцы, усаджвала на лавачку. Казала: "Ты зрабіў дрэнна, значыць, будзем цяпер тут сядзець і глядзець, як іншыя дзеці гуляюць". Ён робіць "праўдзівыя" вочы, абяцае, што больш ніколі не будзе так рабіць. А на наступны дзень усё паўтараецца... Або возьме і размалюе фламастарам шпалеры. Дык хоць бы маляваў, а то разок чыркне, палоску правядзе — і задаволены... Бацькі шпалеры памыюць — а на наступны дзень зноў тое ж самае... Усё, думаю, два тыдні адпрацую — і бывайце, ад граху далей... Але ж прыцярпелася пакрысе. Ды і Арцёмка паступова пачаў выпраўляцца. Напэўна, ён сваімі паводзінамі хацеў на сябе ўвагу звярнуць, не хапала яму ўвагі.

Залатое правіла

— А канфлікты з бацькамі здараліся? — цікаўлюся ў Людмілы.

— Не. Калі мне нешта не падабалася, я адразу гаварыла пра гэта — спакойна, ветліва, не павышаючы голасу. І бацькам прапаноўвала: шчыра выказвайце мне ўсе прэтэнзіі і пажаданні, не насіце камень запазухай. Сем'і ўсе розныя, у кожнай свой уклад, свой свет, свае правілы ўзаемаадносін. Туды не палезеш са сваёй "праўдай" і "рэцэптамі". Барані Божа ад гэтага. Пацікавяцца маёй думкай — адкажу і падкажу. А так... "Не лезь са сваімі парадамі ў чужы манастыр" — залатое правіла, якога я заўсёды прытрымліваюся. У рэшце рэшт, калі нешта будзе не па мне — неабгрунтаваныя прэтэнзіі ў мой адрас, прыдзіркі, грубасць, хамства — проста развітваюся з такой сям'ёй. І буду шукаць іншую.

— Мамы забараняюць нянькам карыстацца касметыкай, фарбаваць пазногці?

— Нічога такога ад мяне не патрабавалі. Але мне і самой нязручна фарбавацца. Дзіця можа запырскаць цябе вадой падчас мыцця. Ды і ўвогуле... Мы з малым скачам, бегаем, поўзаем па падлозе, я яго гушкаю, ён мяне абдымае, можа прытуліцца да мяне, пацалаваць... Якая касметыка? Якія пазногці? Адна мама не дазваляла мне ўключаць тэлевізар у зале — каб дзіця не глядзела "ўсялякае глупства". Але ж я магла паглядзець кіно на кухні, пасля таго як пакладу малога спаць.

Гэта няпроста — любіць

Самае цяжкае ў працы нянькі — момант развітання, лічыць Людміла. Прывязанасць да дзіцяці, калі ты ўжо застаешся працаваць у сям'і на паўгода, на год, а тым больш на два, узнікае заўсёды. Прычым прывязанасць каласальная і, галоўнае, узаемная.

— Памятаю, як толькі я за парог — Лёша адразу пачынае плакаць. А мама незадаволеная: чаго гэта дзіця па чужой цётцы плача?

— Моманты бацькоўскай рэўнасці прысутнічаюць?

— Ну, яна ж маці, ёй крыўдна. А чаго крыўдаваць? Дзіця трэба проста любіць. Не залюбліваць, не задорваць машынкамі-шакаладкамі, не апекваць, а любіць. Слухаць яго, суперажываць, імкнуцца зразумець, не адмахвацца ад яго... Адзін тата скардзіўся мне на старэйшага сына: маўляў, столькі ў яго ўклалі, за мяжой вывучылі, кватэру і машыну купілі, а ён у бацькоўскім доме не паказваецца. "А вы яго любілі?" — спытала я. Ён не зразумеў, пра што я пытаюся. Для некаторых укладваць грошы і любіць — раўназначныя паняцці... Я стаўлюся да чужых дзяцей гэтак жа, як да сваіх. Бяру малое на рукі — і адразу адчуваю цяпло. Такі "цеплаабмен" у нас адбываецца.

— Напэўна, гэта няпроста? З псіхалагічнага пункту гледжання?

— Няпроста тым, хто ідзе "ў нянькі" выключна з-за грошай. Не скажу, што матэрыяльны бок справы мяне не цікавіць: 2,5—3 долары за гадзіну "няпыльнай" працы — нядрэнны заробак. Але не гэта галоўнае. Я з дзецьмі адпачываю — ад уласных праблем, ад цяжкасцяў розных... Прыязджаю раніцай у сям'ю — а яно, маленькае, ужо бяжыць насустрач, ногі рухаюцца хутчэй, чым рукі, за ўсё чапляецца, падае... Прыціснецца да цябе такі цёплы камячок — і ўсё, і няма ў мяне ніякіх праблем.

"Адмаўляць не баюся!"

Безумоўна, ёсць нянькі, якія на працу ідуць, як на вытворчасць. Лічаць гадзіны да прыходу бацькоў, капрызяць, выстаўляюць неабгрунтаваныя патрабаванні. Магчыма, таму попыт на добрую няньку па-ранейшаму перавышае прапанову. Дакладней, прапаноў на адпаведных сайтах у інтэрнэце дастаткова, але за іх вонкавым глянцам (я такая-разгэтакая, адукаваная, разумная, валодаю замежнымі мовамі, і г.д. і да т.п.) зачастую аказваецца... мыльная бурбалка.

— Летась з-за праблем са здароўем сабралася я зрабіць перапынак у працы, — расказвае Людміла. — Сям'я, у якой я даглядала гадавалага хлопчыка, папрасіла дапамагчы ім падабраць замену... Прыехала першая прэтэндэнтка, знойдзеная па аб'яве. Далі ёй заданне: прыгатаваць дзіцяці паесці. Яна ўзяла пакет з сумессю і пачала, не чытаючы інструкцыі, бухаць гэту сумесь у бутэлечку. Ды хіба можна маленькаму дзіцяці так гатаваць?! Для пачатку хоць бы абдала бутэлечку кіпенем...

— А колькі гадоў было гэтай няньцы?

— 27. Ды гэта не важна, гэта не ад узросту залежыць. І 40-гадовая нянька да іх на "кастынг" прыходзіла. Зайшла ў пакой, дзе на дыванку гуляла дзіця, і давай галавой па баках круціць, ацэньваць: маўляў, як тут у вас? Не на дзіця глядзіць, а на шпалеры, на люстру! Віка, гаспадыня, ёй адразу адмовіла. І зноў да мяне: "Люда, мы вас будзем чакаць, колькі спатрэбіцца, толькі не кідайце нас!". Вось працую пакуль, хоць вельмі нязручна кожную раніцу за горад ездзіць.

Па словах Людмілы, цяпер у яе жыцці пачаўся перыяд "другой хвалі": у сем'ях, дзе яна працавала раней, зноў нарадзіліся дзеці. І бацькі абрываюць тэлефон: "Леанідаўна, вы не занятая?"

— Тлумачу, што занятая. Адмаўляць людзям не баюся, бо ведаю: нянькай уладкуюся заўсёды, нягледзячы на вялікую колькасць канкурэнтак. Бацькоўскае сэрца не падманеш. "Сваю" няньку яны адчуваюць адразу.

"Сцеражонага Бог сцеражэ"

— Многія мамы аддаюць перавагу больш "узроставым" і замужнім нянькам. І я іх разумею. Калі б я шукала няньку для свайго дзіцяці, то таксама не ўзяла б на працу жанчыну, маладзейшую за 35-40 гадоў: каб мінімізаваць магчымасць завязвання "службовага рамана" ў межах уласнай кватэры. Пэўная рызыка тут сапраўды існуе, і ад "гісторый" такіх ніхто не застрахаваны... Але зусім не факт, што мужчына можа спакусіцца выключна на даўганогую прыгажуню. Добрыя, чуллівыя нянькі кранаюць іх сэрцы не менш... 
 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Людмілу я ведаю даўно. Ёй "крышачку за 50", скончыла паліграфічнае вучылішча, працуе ў адной са сталічных друкарань. Так што ў некаторым сэнсе мы калегі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика