Мара без крылаў. 21.by

Мара без крылаў

21.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

(Дзе шукаць рамантызм сёння?)

Мара не жыве... Цёмныя сілы ведаюць, чым адпомсціць за знявагу: адымаюць самое паветра ў таго, хто трывала стаяў на зямлі. І чаму гэтаму Джэймсу трэба было задрацца — і з кім? З вядзьмаркай, такой агіднай і злоснай, што нават не ўяўляеш, як яе можна адолець. Так і сядзіш у чаканні: напэўна ж дабром гэта не скончыцца. А так хацелася верыць, што ўсё магчыма. Асабліва ў прыгожым рамантычным балеце. Дзе сюжэт ідзе па законах казкі...

У прасторы

У ёй жыве дзяўчына з паветра, абсалютна беззабаронная, закаханая істота, якая абрала простага чалавека са свету людзей. Магло б усё прыгожа атрымацца: Сільфіда, дзяўчына-амаль-што-эльф (як сказалі б сёння), адкрывае шлях у новы свет чалавеку, які гатовы кінуць усё і пайсці за сваёй марай...

Але насамрэч гэта спектакль: прэм'ера балета "Сільфіда" адбылася ў Нацыянальным Вялікім тэатры оперы і балета. Але ж усё амаль як у жыцці, дзе заўсёды ёсць месца і марам, і здрадзе, і каварству. Дзе ёсць пэўныя ўяўленні пра прыгажосць. Іх павінна была падкрэсліць музыка Хермана Левенсхольда ў спалучэнні з харэаграфіяй Аўгуста Бурнанвіля (у такім варыянце гісторыя дзяўчыны з крылкамі паўстала перад вачамі прыхільнікаў Дацкага каралеўскага балета ў 1836 годзе). Аднак сама ідэя была ўвасоблена трошкі раней ў парыжскім тэатры Гранд Опера дзякуючы наватарскім пошукам лібрэтыста Нуры, кампазітара Шнейцгофера, балетмайстра Тальёні. Шатландскія легенды яны ўвасобілі на сцэне так, што "Сільфіда" стала сімвалам рамантызму ў балеце. Тальёні, відаць, імкнуўся стварыць нешта абсалютна асаблівае: Сільфіду танцавала яго дачка Марыя. Гэтая роля дапамагла ёй заваяваць свет. Менавіта для таго, каб падкрэсліць, што дзяўчына з крылкамі не ходзіць па зямлі, а нібыта лунае ў паветры, танцоўшчыцы давялося падняцца і танцаваць на пальчыках, не іграць — а быць сапраўды часткай паветра.

  Беларускія балерыны, занятыя ў гэтай ролі (а гэта Вольга Гайко, Людміла Кудраўцава, Марына Вежнавец, Кацярына Алейнік, Марына Парамонава, Ганна Фокіна) робяць, у прынцыпе, тое ж самае, кожная па-свойму. Толькі цяпер яны выконваюць задачы, пастаўленыя Народным артыстам СССР Мікітам Далгушыным, які быў запрошаны з Піцера дзеля гэтай пастаноўкі.

У часе

Далгушыну давялося не столькі ставіць свой спектакль, колькі паказаць старую добрую класіку, нагадаўшы харэаграфію Бурнанвіля, праўда, у рэдакцыі 1975 года, як гэта было тады ў Ленінградскім Малым тэатры.

Не ведаю, чаму, але, напэўна, з горада на Няве далятаюць у наш бок нейкія павевы думкі пра тое, што магло б расквеціць жыццё рамантыкай. Вядома — у балеце!.. Справа ў тым, што гісторыя пра дзяўчыну-мару Сільфіду ўжо ішла ў нашым тэатры — у 1983 годзе балет паставіў ленінградскі харэограф, народны артыст СССР Алег Вінакураў, з іншым малюнкам танца. У тады яшчэ савецкай рэспубліцы было прадчуванне рамантызму, які здольны змяніць уяўленне пра жыццё.

Усё гэтак жа: ёсць людская мітусня, завядзёнка, жарсці і здрада — усяго па крысе ў свеце Джэймсаў, дзе б і калі яны ні жылі. Ёсць свет ледзь уяўны, няхай сабе і ў атачэнні пастаральных пейзажаў. Але сярод такіх грацый хочацца існаваць, сапраўды бегчы следам, кінуўшы ўсё, калі ўпэўнены: гэта твая галоўная мара на ўсе часы.

І тут, калі ты ўжо верыш, што ўсё магчыма, у яе падаюць крылкі. Цалкам натуральна — проста адрываюцца ад белай амаль празрыстай сукеначкі паветранай дзяўчыны, банальна стукаючыся аб падлогу. Магчыма, так гэта выглядала і ў ХІХ стагоддзі...

Пра рамантызм мінулага нагадвае мне каханне Сільфіды і Джэймса, за якім назіраеш у нашым тэатры. Пра гісторыю балета. Пра класіку ў мастацтве. Таму што рамантычныя крылкі сёння ўяўляюцца нейк па-іншаму...

Аднак пра тое, што ёсць-такі месца рамантызму ў нашы дні, я буду думаць, узгадваючы вядзьмарку Мэдж з пераможна ўзнятай рукой. Варожыя сілы выглядаюць пераканаўча і па-за часам. Яны адпраўляюць у нябыт любыя мары. А гэтаму хочацца неяк супрацьстаяць. Ці хоць бы ў думках не пагадзіцца, калі на нейкі час перастаў адчуваць паветра. Вось тут пачынаецца рамантызм сёння.

Ларыса ЦІМОШЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Дзе шукаць рамантызм сёння?) Мара не жыве... Цёмныя сілы ведаюць, чым адпомсціць за знявагу: адымаюць самое паветра ў таго, хто трывала стаяў на зямлі. І чаму гэтаму...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика