Па дзіцячых правілах
31.05.2011
—
Новости Общества
|
Карэктывы ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і мацуюць малых у правах Усё самае лепшае — дзецям. Тэзіс, які мы не ставім пад сумненне. Не разважаем, пра выхаваўчы эфект. Не ацэньваем плюсы і мінусы. Мы проста так жывём. З малаком маці, відаць, перадаецца... Мой знаёмы, выхаваны ў каўказскіх традыцыях, з іх шанаваннем старэйшых, кажа: галоўная праблема беларускай сям'і ў тым, што дзеці тут на асаблівых правах. Можна доўга разважаць, добра гэта ці дрэнна, але ж яно менавіта так. Дзеці для нас — святое. І трапяткое стаўленне да іх не толькі ў бацькоў, якія гатовы самі хадзіць у лахманах, абы дзецям аддаць усё самае лепшае. Малога ўсім аўтобусам "абаранялі" ад кандуктара, калі праезд для школьнікаў быў платны. Ды што там, малога абараняюць усёй дзяржавай. Сістэма дапамог, гарантый, ільгот выбудоўвалася гадамі. І любыя змены ў ёй робяцца зноў-такі з аглядкай на дзяцей. Новыя папраўкі ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і, напрыклад. — Там вельмі шмат новаўвядзенняў пазітыўнага плану менавіта па абароне дзяцей, — аналізуе распрацаваныя карэктывы Ніна ФЕДАРУК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі. Разам з калегамі яна падтрымала законапраект у першым чытанні. Дэпутаты, дарэчы, кодэксам дужа зацікавіліся: выказалі шмат прапаноў. А як жа, тэма закранае ўсіх. Дзяцей жа новая версія кодэкса яшчэ больш мацуе ў правах. Напрыклад, у дзесяцігодкі цяпер стануць пытацца, з кім і дзе ён хоча жыць у выпадку разводу бацькоў, як часта бачыцца з бабулямі і дзядулямі або каго абярэ сабе ў апекуны. — Вельмі слушнае новаўвядзенне, мяркую. Дзіцянё — гэта асоба, яго меркаванне варта ўлічваць, — дзеліцца сваімі развагамі суразмоўніца. Дзяцей умацуюць і матэрыяльна. — Аліменты вызначаюцца ў фіксаваным памеры — зыходзячы з сярэдняга заробку — незалежна ад таго, у сталіцы ці глыбінцы пражывае той, хто іх выплачвае, і колькі ён зарабляе, — расказвае дэпутат. — А на дзяцей-інвалідаў аліменты трэба будзе плаціць і пасля 18 гадоў. На жаль, гэта не рэдкасць, калі мужчыны сыходзяць з сям'і, дзе выхоўваецца хворае дзіця. А выдаткі на яго большыя, і адзінокай маці забяспечыць яго вельмі складана. Індывідуальныя рэчы дзіцяці не стануць прадметам дзяльбы ў сварках былых сужэнцаў. Яго адзенне, абутак, музычныя інструменты, школьныя прылады ды ўсё, што яму належыць, па законе застанецца ў таго з бацькоў, з кім малы будзе жыць. Мужа і жонку, якія скасоўваюць шлюб, закон абавязвае заключыць пагадненне аб дзецях: з кім будуць жыць, памер аліментаў і гэтак далей. Заўжды лепш вырашаць супярэчнасці дагаворным, а не судовым шляхам. Дадатковую падстрахоўку дзіцяці забяспечваюць заканадаўцы не толькі на выпадак разводу, але і пры ўсынаўленні. Памятаючы гісторыю пра Віку Мароз (якую італьянская сям'я так хацела ўдачарыць, што не пажадала вяртаць на радзіму пасля летніх канікулаў), заканадаўцы прапісалі чорным па белым: прыярытэт на ўсынаўленне — у беларусаў. Патрабаванні да патэнцыйных прыёмных бацькоў увогуле павышаюцца. Нават узроставы цэнз уводзіцца. — Максімальная разбежка ва ўзросце паміж усынавіцелем і прыёмным дзіцем — 45 гадоў. Робіцца з тым разлікам, каб выгадаваць змог, — тлумачыць дэпутат. — Усынавіцель абавязкова павінен быць старэйшым за прыёмнае дзіця як мінімум на 16 гадоў. Таксама па зразумелых прычынах, каб гэта былі адносіны бацькоў і дзяцей. Занадта малая розніца ва ўзросце, як і празмерна вялікая, прыводзіць да дысбалансу ва ўзаемаадносінах, што выклікае складанасці ў выхаванні. Паўнавартаснае выхаванне можа быць толькі ў сям'і, пераканана народная выбранніца. Такога падыходу прытрымліваецца і дзяржаўная сацыяльная сістэма. — Якімі б ідэальнымі ні былі ўмовы ў сацыяльных установах, інтэрнаты ніколі не заменяць сям'ю. У нас цяпер наогул такая тэндэнцыя, што скарачаецца колькасць інтэрнатаў. Усё больш сірот выхоўваецца ў прыёмных сем'ях, дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Актыўна практыкуецца патранатнае выхаванне. Для дзіцяці за радасць адчуць, што такое бацькоўская ласка, хоць бы на выхадных ці ў канікулы. Апроч пазітыўных эмоцый, гэта яшчэ і важны выхаваўчы момант: у падлетка фарміруецца мадэль сям'і. Дзеці, якія выхоўваюцца ў інтэрнатах, растуць на ўсім гатовым. Яны не прыстасаваны да рашэння побытавых, міжасабовых праблем. Трапіўшы на выхадныя ці канікулы ў прыёмныя сем'і, дзеці-сіроты атрымліваюць навыкі сямейнага жыцця, працоўнай дзейнасці, уяўленне пра элементарныя побытавыя клопаты. Гэта дае ім магчымасць убачыць сапраўдную сям'ю, зразумець, як там складваюцца ўзаемаадносіны. А сённяшнія малыя — гэта будучыя бацькі, таму для дзяржавы вельмі важна, у якіх умовах яны растуць. Выхаванне будучых мамы і таты пачынаецца менавіта ў сям'і: дзеці капіруюць паводзіны бацькоў, і гэтыя дзеці павінны выхоўвацца ў сям'і, а не ў сацыяльнай установе. За патранатнымі выхавальнікамі нагляд таксама ўзмацняецца. Вядуць яго адразу з двух бакоў: органы апекі па месцы жыхарства выхавальніка і тая ўстанова, якая скіравала дзіця ў сям'ю. — Кантроль за дзецьмі-сіротамі, я вас упэўніваю, дзейсны, — сцвярджае парламентарый. — Ацэньваюць умовы пражывання, харчавання ў прыёмных, апякунскіх сем'ях. Прычым заўжды цікавяцца меркаваннем самога дзіцяці: як яму ў гэтай сям'і жывецца. Маленькі чалавек сам сябе абараніць не можа. Калі ён сірата, яго павінна абараніць дзяржава. Непасрэдная адказнасць кладзецца на органы апекі і папячыцельства, камісіі па справах непаўналетніх. Многія з тых, хто вырас без бацькоў, стаўшы дарослымі, хочуць даведацца, хто даў ім жыццё. Раней гэта была літаральна таямніца за сямю пячацямі. Цяпер заканадаўцы вырашылі даць ім такое права. Дасягнуўшы паўналецця, сіроты змогуць даведацца, хто іх бацькі, — у судзе, органах апекі ці ЗАГСе. — Законапраект вельмі пазітыўны: ён у многім паляпшае абарону дзяцей — і ў сям'і, і пры скасаванні шлюбу, і ў інтэрнаце. Усе прапанаваныя новаўвядзенні на карысць дзіцяці, — рэзюмуе Ніна Федарук. Паводле яе ўражанняў, дзяржавай робіцца ўсё, каб былі моцныя сем'і і не было сацыяльных сірот. Разлік па шлюбе Мне вядомыя пары, якія ладзяць рэгістрацыю і святкаванне шлюбу ў розныя дні толькі з-за таго, што не могуць "распісацца" на прыродзе. Адны банальна не хочуць праводзіць трапяткую цырымонію ў сценах ЗАГСА, дзе, скажам прама, давядзецца таўчыся ў чарзе з іншымі ахвотнікамі звязацца "ланцугамі Гіменея" і адчуваць сябе на канвееры па вытворчасці ячэек грамадства. Другія ніяк не могуць увязаць у шчыльным вясельным графіку паездку ў ЗАГС і загарадны парк-атэль. Так, многія схітраюцца і робяць тэатралізаваны роспіс. Але ж гэта ўжо не тое. Не ведаю, як у вас, а ў мяне ёсць улюбёная вясельная традыцыя — расчуліцца да слёз пад марш Мендэльсона. Ну і як, скажыце, гэта рабіць, калі я ведаю, што пасведчанне аб шлюбе ў іх ужо пыліцца на паліцы?! Дзякуючы новаму законапраекту праблема вырашыцца. Рэгістрацыю шлюбу, як распавяла дэпутат Ніна Федарук, можна будзе здзейсніць у любым упадабаным месцы. "Незалежна ад прапіскі", — робіць важнае ўдакладненне парламентарый. Зменіцца і яшчэ сёе-тое ў цырымоніі. Напрыклад, традыцыйнае пытанне пра тое, хто чыё прозвішча пакіне сабе пасля шлюбу, гучаць ужо не будзе. Свае пажаданні маладыя выкажуць яшчэ пры падачы заявы. Добрая ідэя, на мой погляд. А тое розныя казусы здараюцца. Вунь у маёй знаёмай прозвішча пры жаніцьбе змяніў... муж. Сваё ў яго занадта немілагучнае было, я б нават сказала лаянкавае. Вось ён і скарыстаўся магчымасцю. Але ж многіх сваякоў у шаноўным узросце тым самым прывёў у шок. Недарэчнасці ўдалося б мінуць, прыбяры заканадаўцы гэта пытанне з цырымоніі раней... Дарэчы, чакаць цырымоніі таксама давядзецца менш. Цяпер нельга аформіць адносіны раней, чым праз 15 дзён пасля падачы заявы. І тое калі форс-мажор (цяжарнасць, напрыклад), а так дык наогул два месяцы таміцца давядзецца. З увядзеннем закона ў дзеянне, чаканне скароціцца да трох дзён. А ў выключных абставінах шлюб аформяць і ў дзень падачы заявы. Чаму не? Касі, каса, пакуль раса! — Я лічу, гэта абсалютна мэтазгодна, — заўважае Ніна Федарук. — Падаючы заяву, маладыя людзі дакладна ўжо ўсё абдумалі. Нашто ім яшчэ час? Тым больш што розныя сітуацыі ў жыцці бываюць: можа, тэрмінова ад'язджаць трэба, ды ці мала што. Неабходна, каб была ў людзей свабода манеўру. Меркаванне пра тое, што змяншэнне часу на роздум не павялічыць колькасці скараспелых разводаў падзяляе і міністр юстыцыі Віктар ГАЛАВАНАЎ. Ён агучыў яго, адказваючы на пытанні дэпутатаў у Авальнай зале. Наадварот, міністр углядае ў новаўвядзенні пазітыў. Азначаную норму ён назваў антыкарупцыйнай. Раней жа як атрымлівалася: распісацца нельга, але вельмі трэба, вось нецярпліўцы і давалі хабар супрацоўніку ЗАГСа. Цяпер падстаў для хабарніцтва павінна стаць менш. Усё больш звыклым элементам вясельнага перапалоху становіцца не толькі выбар фатографа і карчмы, але і заключэнне шлюбнай дамовы. Цяперашнім парам не займаць дасведчанасці, адукаванасці і прагрэсіўнасці. Шлюбны кантракт яны ўспрымаюць як звычайны атрыбут новага жыцця, а не штосьці экстраардынарнае. Каля трох тысяч пар летась заключылі такое пагадненне. І як зазначыў міністр, гэтая "практыка атрымлівае з кожным годам усё большае распаўсюджванне". — Мне падаецца, гэта важны дакумент, які проста страхуе два бакі, — дзеліцца сваім меркаваннем маладажон Віталь. — Не трэба яго баяцца і ставіцца па прынцыпе "Ты мне не давяраеш?". А паралель і сапраўды слушная. Тое самае, калі на курорт збіраемся. Мы ж не настройваемся на тое, што выб'ем зуб у аквапарку ці паранімся аб марскога вожыка, але ж страхоўку афармляем. Так і з шлюбам. Настройся на лепшае, але падмацуйся на выпадак найгоршага! Дагавор заключаецца натарыяльна. Там агаворваюцца ўмовы ўтрымання абодвух сужэнцаў, маёмасныя правы — тое, з чым на практыцы ўзнікае больш за ўсё праблем. Карацей, горш ад зробленай загадзя дамовы не будзе. Тым больш што статыстыка не дае асаблівых нагод для аптымізму: дынаміка разводаў у Беларусі не зніжаецца. Самыя непастаянныя ў сямейным жыцці — гэта мінчане. "У асобныя гады ў нас скасаванне шлюбу дасягае да 50 адсоткаў ад ліку заключаных", падзяліўся з парламентарыямі міністр юстыцыі. З прагрэсіўнасцю да сучаснай моладзі прыходзіць і адмаўленне каштоўнасці штампа ў пашпарце. А што, жыць разам цяпер можна і без дазваляльнай паперы. Таму і так званых грамадзянскіх шлюбаў зараз як апалага лісця ўвосень. "Яшчэ пяць — сем гадоў таму гэта асуджалася, — згадвае міністр. — Цяпер шырока распаўсюдзілася. Значная колькасць людзей жыве ў грамадзянскім шлюбе, які не параджае ніякіх юрыдычных наступстваў". Цікава, як ставяцца да гэтага заканадаўцы, чым могуць "спакусіць" заўзятых непрымальнікаў шлюбу? — Чалавек мае права на свабоду выбару, — так па-філасофску ставіцца да свабодных нораваў сучаснай моладзі дэпутат, якая ўжо гадуе ўнукаў. — Але ж кожны чалавек жыве ў грамадстве, а яно існуе ў рамках прававога поля. І калі датычыць нейкіх момантаў, без заканадаўчага афармлення не абысціся. А ўвогуле, я лічу, добрая традыцыя замацоўваць шлюб у царкве. Гэта асаблівы крок. Шлюб, заключаны ў царкве, — святыня. Гэта таксама мацуе сям'ю: каб была надзейнай, каб не было разводаў, каб выхоўвалі дзяцей правільна. Місія сям'і, я ўпэўнена, — выхаванне дзяцей. Шчаслівай, паўнавартаснай сям'і не можа быць, калі няма дзяцей. Вялікае дабро — мець дзяцей, а кожнае дзіця хоча маму і тату. Ала МАЧАЛАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэктывы ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і мацуюць малых у правах Усё самае лепшае — дзецям. Тэзіс, які мы не ставім пад сумненне. Не разважаем, пра выхаваўчы эфект. Не... |
|