"За захоўванне дробнаразменнай манеты". 21.by

"За захоўванне дробнаразменнай манеты"

31.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З такой дзівоснай фармуліроўкі пачалося ўзыходжанне на Галгофу святара Аляксія Магільніцкага, зусім нядаўна праслаўленага святога беларускай праваслаўнай царквы. За такое "злачынства" ў 1930 годзе ён быў асуджаны народным судом на адзін месяц прымусовых работ. Яго лёс — адзін з прыкладаў подзвігу спаведніцтва, кажа протаіерэй Аляксандр Лапушанскі, які на працягу пяці гадоў у розных архівах Мінска, Гомеля і Мазыра збіраў матэрыялы для кананізацыі і падрабязна вывучаў біяграфію айца Аляксія.

Для нас сёння малазразумела, чаму чалавека звычайнага жыцця (так здаецца многім) царква вылучае і ставіць на асобнае месца. Тым больш што ў вядомыя гады багаборніцтва многія людзі пацярпелі ад афіцыйных улад, якія адкрыта не падзялялі поглядаў з вернікамі. Але ж далёка не ўсе сярод пацярпелых праслаўлены як святыя. У чым розніца?

Сабраныя архіўныя матэрыялы сведчаць, што з 1893 года святар узорна служыў у Ражства-Багародзічнай царкве сяла Вялікі Бор Рэчыцкага павета і Туркаўскай царкве Бабруйскага павета. Потым, на працягу 13 гадоў, айцец Аляксій служыў у Мазырскім Свята-Міхайлаўскім саборы і адначасова выкладаў Закон Божы ў мясцовых жаночай гімназіі і мужчынскім прыходскім вучылішчы. У 1912 годзе яго сям'ю спасцігла вялікае гора: святар застаўся ўдаўцом з пяццю дзецьмі на руках. Яго жонка Настасся памерла ва ўзросце 37 гадоў. Нягледзячы на гэтае выпрабаванне, ён змог выхаваць сваіх дзяцей і даць ім добрую адукацыю.

А вось у 1920 годзе, пасля Мазыра, айца Аляксія перавялі ў мястэчка Лельчыцы Мазырскага павета. Храм у Лельчыцах, дзе служыў святар, быў асвечаны ў гонар Найсвяцейшай Тройцы. Кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў, якая праходзіла ў 20-30 гады ХХ стагоддзя, не абышла і Траецкую царкву, якую ўрэшце, восенню 1935 года, закрылі. Храм, па традыцыі тых часоў, ператварылі ў зернясховішча.

Антырэлігійная агітацыя набірала абароты і давала свае горкія плады. Вось некаторыя лічбы. Калі ў 1917 годзе ў Лельчыцкім прыходзе налічвалася 4539 праваслаўных жыхароў, то да 1925 года іх колькасць скарацілася да 2416 чалавек. Тым не менш свайго пастырскага служэння святар Аляксій Магільніцкі не пакінуў. Лічыцца, што прызванне на служэнне ў перыяд лютага ганення на царкву — залог святасці. Протаіерэй Аляксандр Лапушанскі нагадвае словы з Евангелля: "...каго Ён прадвызначыў, тых і заклікаў, а каго заклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў" (Рым. 8, 30). Вось і святар Аляксій пасля закрыцця храма працягваў здзяйсняць набажэнствы на сваёй кватэры. А гэта ў той час лічылася сур'ёзным парушэннем закона.

З пратакола допыту: "Рэлігійныя абрады да восені 1935 года ажыццяўляў у Лельчыцкай цэркве, а пасля гэтага пачаў праводзіць на сваёй кватэры, а іменна: водахрышчэнне нованароджаных, памінанне памерлых і г.д.". Да яго прыходзіла шмат людзей. Гэта былі не толькі жыхары Лельчыцаў, але і навакольных вёсак. І нікому ён не адмаўляў. Яго дом фактычна быў пераўтвораны ў царкву. Вядома, гэта не магло добра закончыцца. Улады, якія паступова змагаліся з "опіумам для народа", звярнулі асаблівую ўвагу на дзейнасць святара з глыбінкі Палесся. Гэта ж стала нагодай для сістэматычных правакацый — абвінавачвання айца Аляксія ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Яго арыштавалі ў жніўні 1937 года. Падставай паслужыў і той факт, што 1 мая 1937 года (на гэты дзень прыйшлося ў той год свята Пасхі Хрыстовай), недалёка ад Лельчыцаў, у вёсцы Сіманічы жанчыны зламалі замок на царкве, якая таксама была зачынена, і пачалі там маліцца. Улады вырашылі, што айцец Аляксій з'яўляўся кіраўніком гэтых верніц.

Для кананізацыі асабліва важным фактам стала тое, што падчас шматлікіх допытаў святар не толькі не прызнаў сябе вінаватым, але нікога не агаварыў, не назваў ніводнага прозвішча. Такім чынам, падкрэслівае протаіерэй Аляксандр Лапушанскі, святар нават словам не прынёс ніякай шкоды ніводнаму чалавеку. Нягледзячы ні на што, абвінавачванне яму было вынесена. Прыгавор прымеркавалі да 27 верасня, дня, калі царква святкуе Узвіжанне Крыжа Гасподняга. А 20 кастрычніка 1937 года айца Аляксія расстралялі. Не выключана, што гэта адбылося ў Свята-Міхайлаўскім саборы Мазыра, дзе ў той страшны час была размешчана турма НКУС Палескай вобласці.

Дакумент, згодна з якім 67-гадовага святара пазбавілі жыцця, утрымлівае стандартны для тых часін набор: "З'яўляючыся ўдзельнікам контррэвалюцыйнай групоўкі, сістэматычна ўзводзіў паклёп на Савецкую ўладу, усхваляў жыццё фашысцкай Польшчы і Нямеччыны, праводзіў актыўную агітацыю супраць усіх мерапрыемстваў партыі і ўрада, якія праводзяцца ў вёсцы, заклікаючы калгаснікаў да выхаду з калгаса. Распаўсюджваў правакацыйныя чуткі пра хуткую вайну і паражэння ў ёй Савецкай улады, уладкоўваў нелегальныя зборы, дзе праводзіў контррэвалюцыйную работу".

Праз паўстагоддзя справядлівасць у дачыненні да айца Аляксія была адноўлена. Протаіерэй Аляксандр Лапушанскі не лічыць выпадковасцю тое, што пасмяротная рэабілітацыя прыйшлася на 7 чэрвеня 1989 года. У гэты дзень царква ўзгадвае Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы.

Свой крыж святар Аляксій Магільніцкі вынес дастойна. Менавіта таму за мужнасць і цярпенне праслаўлены ў ліку святых новамучанікаў і цяпер да яго, святога Аляксія, прасвітара Лельчыцкага, звяртаюцца ў сваіх малітвах вернікі. А ў вёсцы Сырад Калінкавіцкага раёна будуецца новы храм, які будзе прысвечаны свяшчэннапакутніку Аляксію Магільніцкаму.

Між тым, па блаславенні епіскапа Тураўскага і Мазырскага Стэфана ў крыптавым храме Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора Мазыра былі ўстаноўлены 50 лампад у памяць пра нявінна забітых у гады ліхалеццяў. Там жа сабраны ў дзве труны каля 60 чарапоў і косткі людзей, якія знайшлі пры ачышчэнні склепаў сабора. Гэты галоўны храм Палесся валодае такімі тайнамі, расказаць пра якія трэба асобна.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З такой дзівоснай фармуліроўкі пачалося ўзыходжанне на Галгофу святара Аляксія Магільніцкага, зусім нядаўна праслаўленага святога беларускай праваслаўнай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика