Алена Леўчанка: "На чэмпіянат Еўропы едзем у статусе фаварытак"
02.06.2011
—
Новости Общества
|
Лідар жаночай нацыянальнай зборнай па баскетболе Алена Леўчанка днямі правяла майстар-клас сярод школьнікаў і дзяцей са шматдзетных сем'яў, прымеркаваны да дня абароны дзяцей. Ёй дапамагаў галоўны трэнер нацыянальнай каманды Анатоль Буяльскі і сяброўкі па камандзе — Кацярына Сныціна і Наталля Марчанка. А спачатку Алена расказала, чаго не хапала ў яе дзяцінстве, чаму яна кінула заняткі па фартэпіяна і перайшла ў баскетбол, як апынулася ў ЗША, і, нарэшце, чаго нам чакаць на чэмпіянаце Еўропы, які пачнецца ў Польшчы 18 чэрвеня, ад нашай знакамітай і дзёрзкай каманды.
— Алена, на майках, у якіх вы праводзіце майстар-клас, напісана: "Баскетбол — больш, чым проста гульня"... — Баскетбол навучыў мяне жыццю, упэўненасці ў сабе. У дзяцінстве ў мяне не было шмат сяброў. Я была не такая, як усе, — вельмі высокая, "вялікая" дзяўчынка. Займалася гульнёй на фартэпіяна, і адчувала, што гэта — не маё. Хадзіла на бальныя танцы — таксама беспаспяхова. А калі з'явіўся баскетбол, я адчула, што гэта тое, што патрэбна. Зараз я шчаслівая, што знайшла тую справу, якой люблю займацца. У мяне з'явілася ўпэўненасць у сабе. У маладых людзей шмат няўпэўненасці: я не змагу, у мяне не атрымаецца. А трэба проста знайсці тое, што вам падабаецца, верыць у сябе і працаваць. І не слухаць тых, хто кажа: нічога ў цябе не выйдзе. — Пасля бальных танцаў і гульні на фартэпіяна ў баскетбол трапілі выпадкова? — Так, выпадкова. У майго настаўніка фізкультуры быў знаёмы трэнер па баскетболе. Ён параіў мне паспрабаваць. Я паспрабавала і кінула. А потым мяне пацягнула вярнуцца. З таго часу я ў баскетболе. — Спартсмены рэдка добра вучацца ў школе. А вы? — Я добра вучылася. Я была вельмі хатнім дзіцем. У мяне было мала сяброў, шмат вольнага часу. Яго я прысвячала ўрокам і гульні на фартэпіяна. Складаней стала вучыцца, калі ў 14 гадоў я паехала з Гомеля ў Мінск, у вучылішча алімпійскага рэзерву. Гэта было самае цяжкае — пабароць свой характар. У любы момант можна было, вядома, кінуць баскетбол і вярнуцца дадому, але штосьці мяне ўтрымлівала. — Калі пачаўся баскетбол, вучоба скончылася? — Зусім не, праўда, было складана. Але для гэтага і створаны такія школы для спартсменаў, дзе настаўнікі нам дапамагаюць. Прыйшлося патрываць, лёгка ніякія поспехі не прыходзяць. — Як вы трапілі ў ЗША? — Я выступала за моладзевую зборную. Падчас нашых гульняў шмат трэнераў прыязджала з ЗША выбраць гульцоў для каманд каледжаў, універсітэтаў. Так мне прапанавалі туды паехаць. Веданне англійскай мовы ў мяне на той час — нуль. Але я паехала. Цяпер, калі размаўляю з мамай, яна кажа, што сёння мяне не пусціла б... Мне было сямнаццаць, я адна садзілася ў самалёт Кіеў—Нью-Ёрк, не цалкам упэўненая, што там мяне сустрэнуць. Праўда, бацькі сказалі, што калі не спадабаецца, я ў любы момант магу вярнуцца. — Алена, што дзеці могуць знайсці ў баскетболе? — Не хочацца нікога прымушаць ім займацца. Мой тата займаўся валейболам, але мяне гэта гульня не вабіла. Баскетбол я палюбіла адразу. Ён даў мне магчымасць паглядзець іншыя краіны, культуры, пазнаёміцца з людзьмі. Стаць больш моцнай і працаздольнай. Адчуць упартасць барацьбы, нарэшце. Ну, вы ведаеце: баскетбол — гэта больш, чым проста гульня. — Калі вы выходзіце на пляцоўку, галоўнае — вынік любой цаной? — У спорце заўсёды ёсць перамогі і паражэнні. Галоўнае — сама гульня. Праўда, кожны паядынак хочацца выйграць. —Як вы сталі лідарам зборнай? — Так атрымалася. Я заўсёды імкнуся выкладвацца цалкам на пляцоўцы. Бо не хачу, азірнуўшыся калі-небудзь назад, казаць, што дзесьці я магла зрабіць лепш. Трэба ўсё рабіць па максімуме, каб потым не шкадаваць. — На днях вы змянілі клуб: з польскай "Віслы" перайшлі ў екацярынбургскі УГМК... — Я раней гуляла ў Екацярынбургу. Мне падабаецца гэты клуб, спадабалася прапанова... — Пераманілі? — Можаце напісаць і так. Ва ўсіх клубах адбываюцца дзясяткі пераходаў, гулец не абавязаны тлумачыць, чаму ён перайшоў. — Узгадайце ваш першы клуб. — Гэта літоўскі ТЕО. Я прыехала з Амерыкі, і мне патрэбна была адаптацыя пасля амерыканскага баскетбола да еўрапейскага. Сезон выдаўся нічым не адметны. Мой еўрапейскі баскетбол пачынаецца з 2007 года, калі на чэмпіянаце Еўропы са зборнай мы заваявалі пуцёўку на Алімпіяду. — Што чакаць ад нашай каманды на чэмпіянаце Еўропы? — Вы ведаеце, як ідзе наша падрыхтоўка, як мы выступілі на міжнародных спаборніцтвах ў Літве (наша каманда заняла другое месца. — Аўт). Зараз мы едзем на турнір у Іспанію, пасля — у Германію, а потым — на чэмпіянат. Асабіста я хачу залатыя медалі. Усе зараз пытаюць: выйграеце? Быццам бы хочуць, каб мы спатыкнуліся. Мы будзем гуляць так, як і раней: выкладвацца па поўнай. Галоўнае — каб ніхто не атрымаў траўмаў да турніру. Мы едзем у статусе фаварытак, да нас цяпер па-іншаму будуць ставіцца. Але мэта ва ўсіх у нас адна — выйграць чэмпіянат. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лідар жаночай нацыянальнай зборнай па баскетболе Алена Леўчанка днямі правяла майстар-клас сярод школьнікаў і дзяцей са шматдзетных сем'яў, прымеркаваны да дня... |
|