Шукай сваіх!
02.06.2011
—
Новости Общества
|
У выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі" выйшла кніга "Беларусы замежжа". Фаліянт, таўшчынёй у паўтысячы старонак, стаў, па сутнасці, першай спробай грунтоўна сістэматызаваць факты з гісторыі беларускай дыяспары ў свеце, стасункі Беларусі з ураджэнцамі краіны, раскіданымі воляй лёсу ў розныя часы па розных кантынентах. Мы не заўжды ведаем пра тых нашых суайчыннікаў, якія не жылі альбо не жывуць на тэрыторыі Беларусі. Навукова-папулярнае выданне "Беларусы замежжа" акурат і разлічана на тое, каб мы, беларусы, больш даведаліся пра нашых знакамітых землякоў, якія па розных прычынах вымушаны былі з'ехаць з Беларусі. Але калі чалавек назаўсёды пакідае сваю Радзіму, то жыццё яго напаўняецца іншым сэнсам — служэннем сваёй Радзіме хоць бы і на адлегласці. Туга па роднай зямлі, вечная самота ў сэрцы прымушаюць тых, хто з'ехаў, праяўляць сябе экстраардынарна. І таму сярод беларусаў замежжа ёсць і Нобелеўскія лаўрэаты, і навукоўцы, якія паўплывалі на развіццё сусветнай навукі, і нават прэзідэнты іншых краін! "Беларусы замежжа" сціслай даступнай мовай распавядаюць не толькі пра вядомых кожнаму беларусу Тадэвуша Касцюшку, Ігната Дамейку, Станіслава Манюшку, Напалеона Орду, Жарэса Алфёрава, Марка Шагала і інш. Ёсць у кнізе і звесткі пра малавядомых, але не менш знакамітых нашых землякоў. Гэта М. Судзілоўскі (Русель), які быў прэзідэнтам сената Гавайскіх астравоў; выхадцы з Беларусі Л. Маер і М. Лоеў, якія заснавалі амерыканскую кінакарпарацыю Mеtrо-Gоldwіn-Mауеr; тры прэзідэнты Дзяржавы Ізраіль, што з'яўляюцца ўраджэнцамі Беларусі (першы прэзідэнт краіны Х. Вейцман (1949 — 1952), трэці З. Шазар (1963 — 1973) і цяперашні Ш. Перас (з 2007). І гэта толькі мізэрная частка прыкладаў, якімі кожны наш суайчыннік можа пахваліцца. Маўляў, беларусы — адметная нацыя. Галоўнае — ведаць сваіх герояў, сваю гісторыю, свае карані. Вялікая каманда навукоўцаў працавала над стварэннем кнігі два гады: збірала звесткі, правярала іх, апрацоўвала. Сярод аўтараў артыкулаў Наталля Гардзіенка, Мікола Нікалаеў, Аляксей Каўка, Алесь Карлюкевіч, Лявон Юрэвіч. Адным з рэцэнзентаў выдання з'яўляецца, дарэчы, славуты беларускі літаратуразнавец і гісторык Адам Мальдзіс. Складальнікам кнігі стала Наталля Голубева, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай сферы апарата Савета Міністраў, кандыдат гістарычных навук. Вось, што яна распавядае: — Самай складанай задачай было — як змясціць у адным выданні ўнікальную багатую гісторыю нашай беларускай нацыі. Прыйшоў час збіраць камяні. Тая ўнікальная гісторыя, захавальнікамі якой сталі людзі, што па самых розных прычынах былі вымушаныя пакінуць Беларусь, павінна быць агучана. Думаю, "Беларусы замежжа" — гэта толькі пачатак вялікай працы. І мы звяртаемся да ўсіх, хто мае нейкія новыя звесткі, матэрыялы — няхай гэты праект стане асновай для таго, каб мы папоўнілі свае веды пра гісторыю беларускага замежжа, каб пачаўся працэс збору новай інфармацыі. Усе, хто мае нейкія цікавыя звесткі пра беларусаў замежжа, пра сваіх незвычайных сваякоў за мяжой, дасылайце інфармацыю на адрас "Звязды". Магчыма, яны стануць каштоўнымі для стварэння наступнай кнігі пра беларусаў за мяжой. Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі" выйшла кніга "Беларусы замежжа". Фаліянт, таўшчынёй у паўтысячы старонак, стаў, па сутнасці, першай... |
|