Занатоўкі мастака. 21.by

Занатоўкі мастака

02.06.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Незваротнасць і любімыя

Час цячэ, і ўсё больш і больш дарагіх табе людзей апынаецца ў незваротнасці. Ты разумееш, што большасці з іх зрабілася сумна сярод нас — чужых, варожых, з жорсткім сэрцам. Людзі сыходзяць у незваротнасць яшчэ і з-за таго, што шмат блізкіх ім людзей ужо знаходзіцца там.

Менандр і голас

Візантыйскі кампілятар Іаан Стабей у кнігу "Кветнік, ці Зборнік выказванняў" уключыў і такія радкі з камедыі Менандра:

Мы за такога голас падаваць павінны

Аратара, чыя прамова моцная не злосцю,

А непадробнаю сумленнасцю прасякнута...

З гэтых радкоў вынікае: Менандр быў перакананы, што сумленнасць не падробіш. Безумоўна, Менандр меў рацыю. Іншая справа, мы і праз паўтары тысячы гадоў пасля Менандра назіраем бясконцыя спробы аратараў выглядаць сумленна са сваімі хлуслівымі прамовамі ды лжывымі зваротамі да людзей.

Пра дзяржавы і Радзіму

Для сябе чалавек выбірае лепшае, а для дзяржавы пакідае горшае. А для Радзімы? Для Радзімы, як і для радзіны, ён можа ахвяраваць сваім найлепшым і нават сабою. Таму дзяржава намагаецца прыняць аблічча Радзімы, але ў яе гэта не заўжды атрымліваецца. А нават калі і атрымліваецца, яна не робіцца Радзімай, а застаецца ўсё адно жорсткай ды рацыянальнай дзяржавай. Найгоршы варыянт у стасунках чалавека і дзяржавы той, калі чужая дзяржава робіць для тваёй Радзімы з яе роднай культурай больш, чым дзяржава свая. Толькі я такога найгоршага варыянта не бачыў у практыках, адно чуў пра іх у тэорыях. Зазвычай, чужая дзяржава, як і чужаніца, толькі абяцае быць лепшай за сваю і, як усе дзяржавы без выняткаў, падманвае дзеля ўласнай выгоды.

Дзяўчынка-старая

У маім двары жыве Дзяўчынка-старая. Яна была дзяўчынкаю, крыху падрасла і зрабілася старою. Яшчэ ў пазамінулым годзе яна гуляла з дзецьмі ў пясочніцы, а сёння сядзіць разам са старымі бабулямі на прыпад'езднай лаве. Яна крыху "ку-ку", і яе шкада. Днямі яе збіў легкавік. Каб не аб'язджаць увесь наш вялікі прывакзальны квартал з процьмай святлафораў, машыны пруцца праз двор. Яны едуць па двары, як па вуліцы. Не дзіва, што Дзяўчынка-старая трапіла пад колы. Дзякуй лёсу, усё абышлося лёгкімі пашкоджанямі. Дзяўчынка-старая зноў сядзіць на лаве, яна амаль такая, як астатнія бабулькі, толькі ў яе ўсё яшчэ няма кавенькі.

Косік і акуляры

Правінцыйны бухгалтар Шура Косік у маладым веку пачаў лысець. З-за свайго заўчаснага аблысення бухгалтар моцна занерваваўся і заперажываў. Ты сядзіш за сталом, а ўсе бачаць безабаронную аголенасць твайго бляклага цемені! Гарачы сорам ахопліваў Шуру пад чужымі позіркамі. Ён уставаў з-за стала, але гэта не дапамагала, бо росту ў Косіку было замала, каб хоць крыху ўзняцца над суразмоўцамі. Каб хоць неяк кампенсаваць страту валасоў на цемені, бухгалтар Косік адгадаваў попельнаколерную бародку. Але і казлінабародасць не супакоіла пляшывага нізкарослага бухгалтара. Штораніцы па цэлай гадзіне Шура разглядаў у розных люстэрках сваю рэдзенькую прычоску. Ён старана ўглядаўся ў кожны валасок, асцярожна торгаў яго, правяраючы ці не спыніўся працэс аблысення. Працэс лысення працягваўся, і разам з гэтым працэсам цягнуліся пакуты правінцыйнага бухгалтара з Жодзіна — Шуры Косіка. Яны спыніліся раптоўна. Косік зранку зазірнуў у люстэрка і пабачыў замест сябе каламутную пляміну. Ён працёр даланёю шкло, але затуманенасць не прапала. Тут Шура і зразумеў, што страчвае зрок. Цяпер яму было не да праплешыны на галаве. Косік паскакаў да афтальмолага. Яму падабралі акуляры з тоўстымі, як у тэатральнага бінокля, лінзамі. Праз акуляры-біноклі бухгалтар зноў змог бачыць свае пазаганяныя ў сятчасты "іксэль" працоўныя лічбы. Вяртанне лічбаў моцна парадавала Косіка, прычым так моцна, што ён перастаў перажываць з-за свайго заўчаснага аблысення.

Дубоўка і сібіракі з казакамі

Расійская імперыя, акрамя ўласна расіян, мае і такіх праўдзіва-рускіх людзей, як сібіракі ды казакі. Нават калі казакі з сібіракамі ў нечым і не пагаджаліся са сваімі сталіцамі, гэта мала адбівалася і адбіваецца на стаўленні да іх Масквы і Санкт-Пецярбурга. Сталіцы заўжды любілі і шанавалі сваіх адданых казакаў і сібіракоў. Між іншым, беларус можа лёгка запісацца ў сібіракі. Шмат хто ў часы маіх дзядоў ды прадзедаў рознымі шляхамі апынуўся ў Сібіры. Многія з іх доўгі час заставаліся там і парабіліся сібіракамі. Наш выдатны паэт Уладзімір Дубоўка схаваўся ў белабародым сібіраку і, дзякуючы такой метамарфозе, застаўся жывы. Каб хто з беларусаў хаваўся ў казака, я не чуў.

Алег і мурашнік

Цяплее на вуліцы, вясновыя настроі з'яўляюцца ў людзей, і ў кавярні "Акварыум" усё больш і больш знаёмых наведвальнікаў. Зімою можна зайсці туды і не пабачыць ніводнага вядомага табе твару. А ў красавіку ды траўні за адзін стол збіраюцца па чацвёра-пяцёра знаёмых, дый яшчэ і за суседнімі столікамі частуюцца нечужыя людзі. Учора я сядзеў у нашай кавярні з Алегам. Ён сказаў, што любіць жывёл больш, чым людзей. Да людзей Алег ставіцца "так-сяк", без асаблівай нянавісці, але і без прыхільнасці. Стаматолагаў ён залічыў да садыстаў, хірургаў — да адмарозкаў, палітыкаў таксама засунуў у лагер да неадэкватаў. Шмат каму дасталося па арэхам. Я спрабаваў людзей бараніць: "Алег, даўно на цябе вялікі сабака не кідаўся і не кусаў!" Мой суразмоўца пагадзіўся з тым, што шалёны сабака — з'ява гадкая і небяспечная. Але гнюсных людзей ён ведае і сустракаў значна болей, чым шалёных сабак. "Адны валютчыкі-кідалы чаго вартыя? Зараз, калі курсы валют захістаюцца, з сутарэнняў мінуўшчыны павылазяць валютчыкі, пачнуць дурыць народ, і будзе сярод валютчыкаў розных кідал больш, чым шалёных пачвар сярод сабак!" Дзеля прыстойнасці я яшчэ крыху паабараняў чалавека з ягонымі інфляцыямі, інфлюэнцамі ды інфекцыйнымі бальніцамі. Дома я зноў задумаўся пра чалавека і спытаў сябе: "З кім з людзей ты хацеў бы пабачыцца? У цябе ёсць толькі адзін варыянт. Толькі адна сустрэча! Кажы хутка! Час твой сканчаецца!" — "Мурашнік!" Замест чалавечага твару мне захацелася паглядзець, як раніцаю прачынаецца вялікі мурашнік. Я ведаю адзін вельмі вялікі. Цэлая мурашыная "Вавілонская вежа" ўзвышаецца на беразе крынічнай рэчкі Іслач. Золак у лесе, мурашнік прачынаецца, вясна...

Адам ГЛОБУС.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Незваротнасць і любімыя Час цячэ, і ўсё больш і больш дарагіх табе людзей апынаецца ў незваротнасці. Ты разумееш, што большасці з іх зрабілася сумна сярод нас —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика