Нарачанскі матыў
02.06.2011
—
Новости Общества
|
За сорак гадоў у Нацыянальным аздараўленчым цэнтры “Зубраня” пабывала каля мільёна хлопчыкаў і дзяўчынак. Бадай, цэлая краіна! Супрацоўнікі цэнтра так яго і называюць: “Краіна дзяцінства”.
Нядаўна ў “Зубраняці” распачаў работу міжнародны форум “Сяброўства без межаў”. На працягу двух тыдняў юнакі і дзяўчаты з дзевяці краін будуць прадстаўляць культуру сваіх народаў, праводзіць майстар-класы, удзельнічаць у дыскусіях. Але перш за ўсё яны прыехалі сюды па сяброўства. Крысціна Шпілеўская з Расіі прызнаецца: “На форуме я ўжо ў другі раз. З многімі ўдзельнікамі фэсту, што праходзіў летась, перапісваліся на працягу года. З задавальненнем заводжу новыя знаёмствы: так прыемна ведаць, што ў цябе ёсць сябры ва ўсім свеце”. Так, гэта месца цікавых сустрэч. Тут штогод адпачываюць дзеці не толькі з усіх рэгіёнаў краіны, але і з-за мяжы. Вось і цяпер тут ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі з Літвы, Расіі, Германіі. “У асноўным юныя замежныя госці — гэта дзеці нашых суайчыннікаў, — гаворыць дырэктар “Зубраняці” Надзея Ануфрыева. — Таму моўных бар’ераў амаль ніколі не ўзнікае. А калі што, то мы запрашаем важатымі студэнтаў Лінгвістычнага ўніверсітэта”. Знайсці агульныя інтарэсы ў “Зубраняці” дапамагаюць конкурсы, разнастайныя спаборніцтвы. Іх тут праводзіцца столькі, што падлічыць немагчыма. Гэта — і спартакіяды, і Малыя алімпійскія гульні, суперніцтва на лодках і веласіпедах, лясное арыентаванне… А трэба ж паспець наведаць яшчэ і шматлікія гурткі ў Доме дзіцячай творчасці. “Адпачынак у “Зубраняці” больш разлічаны на актыўных дзяцей. — гаворыць Надзея Генадзьеўна. — Расклад дня у нас распісаны амаль па хвілінах”. Безумоўна, у “зубранят” ёсць і вольны час, калі яны могуць пачытаць кнігу (у цэнтры ёсць цудоўная бібліятэка) альбо проста палюбавацца прыродай. А паглядзець тут ёсць на што: “Зубраня” месціцца ў самым цэнтры Нарачанскага заказніка на беразе, бадай, самага прыгожага возера ў Беларусі. Тут адпачываюць і выхаванцы з сямейных дзіцячых дамоў. Для іх пабудаваны асобны комплекс. Усе бытавыя клопаты бяруць на сябе супрацоўнікі “Зубраняці”. Акрамя таго, штогод рэалізуецца праграма “Вясёлка надзеі” для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія перанеслі цяжкія аперацыі і захворванні. Менавіта за гэтую дзейнасць сёлета дырэктар “Зубраняці” Надзея Ануфрыева, супрацоўнікі Валерый Шчамель і Кацярына Гаўрыловіч былі ўзнагароджаны міжнароднай прэміяй “Зоркі Садружнасці”. Дарэчы, “Зубраня” з’яўляецца не толькі аздараўленчым, але і адукацыйным цэнтрам. “Методыкі, якія распрацоўваюць нашы педагогі, выкарыстоўваюць шматлікія летнікі, — расказвае Надзея Ануфрыева. — Штогод у “Зубраняці” праходзяць стажыроўку да двухсот настаўнікаў з розных дзіцячых аздараўленчых устаноў”. У цэнтры ёсць школа, якая працуе на працягу ўсяго навучальнага года. Тут жа наладжана сістэма вочна-завочнай адукацыі для адораных вучняў з сельскай мясцовасці. На працягу чвэрці яны атрымліваюць заданні па матэматыцы і інфарматыцы, а ў час канікул прыязджаюць на “сесіі”. Захоўвае сённяшні дзіцячы аздараўленчы цэнтр і даўнюю традыцыю, калі адпачывалі ў ім лепшыя вучні і юныя спартсмены з усяго Савецкага Саюза. У кожнай змене і цяпер ёсць пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў і алімпіяд. Так, цэнтр “Зубраня” многім падараваў незабыўныя ўражанні. Невыпадкова хлопчыкі і дзяўчынкі мараць вярнуцца зноў у гэтую цудоўную “Краіну дзяцінства”. Кацярына Мядзведская Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За сорак гадоў у Нацыянальным аздараўленчым цэнтры “Зубраня” пабывала каля мільёна хлопчыкаў і дзяўчынак. Бадай, цэлая краіна! Супрацоўнікі цэнтра так яго і... |
|