Чым здзівіла "Белагра-2011"?. 21.by

Чым здзівіла "Белагра-2011"?

09.06.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Асаблівае ажыўленне на дэманстрацыйным полі пад Сенніцай назіраецца ля павільёнаў з пародзістымі трусамі, козамі, курамі, страусамі. Адны любуюцца ды фатаграфуюцца побач з імі, другія абменьваюцца кантактамі і заключаюць дагаворы, трэція ходзяць-прыглядаюцца і ў рэшце рэшт набываць незвычайную жыўнасць. І нядзіўна: на выставе практычна ўсе спецыялізаваныя гаспадаркі рэспублікі гандлююць без нацэнак.

"І дом вартуе, і каларадскіх жукоў збірае"

Побач з курынымі клеткамі спыніліся два мужчыны. Адзін з іх, паказваючы на цацарку, пачаў расказваць, што гэта птушка есць каларадскіх жукоў. Так гэта ці не, мы запыталіся ў жанчын, якія даглядаюць птушак на Першай Мінскай птушкафабрыцы. Сапраўды, пацвердзілі яны, калі цацарку выпусціць на бульбяное поле, яна з ахвотай знішчыць шкоднікаў. Акрамя таго, гэтая рухомая птушка — добры вартаўнік. Калі чужы чалавек падыходзіць да дома, яна пачынае нервавацца і пранізліва крычаць. Мяса цацаркі па смаку нагадвае мяса фазана альбо курапаткі. Яйкі ж гэтай птушкі маюць моцную шкарлупіну, якая дазваляе перавозіць іх на вялікія адлегласці і доўга захоўваць.

Недалёка ад цацарак — клеткі з двума дарослымі страусамі. Прывезлі іх з Клімавіцкага раёна. Кожны з іх каштуе 10 мільёнаў.

— Сёлета ў нас ужо набылі 6 страусаў, — расказвае эканаміст аддзела маркетынгу ААТ "Агракамбінат Прыдняпроўскі" Вольга ПАДГОЛІНА. — У асноўным яны карыстаюцца попытам у прыватнікаў, уладальнікаў аграсядзібаў. Як расіяне, так і беларусы набываюць страусіныя яйкі. Тут, на выставе, мы іх прадаём са зніжкай — за 34 390 рублёў. Яйка важыць паўтара кілаграма, яно замяняе тры дзясяткі курыных. Бяруць яго на вялікую кампанію ў якасці "разынкі" на святочны стол.

Можна паспрабаваць на выставе і страусіны шашлык, набыць дыетычнае страусінае мяса.

"Навічкам раю пачынаць з каліфарнійцаў"

Загадчык племянной трусафермы ААТ "Межаны" (Браслаўскі раён) Іосіф ВАРАНЕЦКІ сам дома трымае вялікую гаспадарку, у тым ліку і каліфарнійскіх трусоў.

— Людзям, якія ніколі не разводзілі трусоў, але вельмі хочуць, раю пачаць з каліфарнійцаў, чэшскага альбіноса ці бургундца. Яны самыя простыя ў абыходжанні, кармленні, не схільныя да хваробаў. І як мамкі добрыя.

  Усе 14 парод трусоў (матачнае пагалоўе), якія маюцца на адзінай ў рэспубліцы дзяржаўнай племянной трусаферме, прывезены з Еўрасаюза.

— Попыт на трусоў зараз ёсць, — адзначыў Іосіф Варанецкі. — Асабліва нашы мясныя трусы карыстаюцца попытам у расіян: прыязджаюць і набываюць па 40-50 галоў зараз. Самая перспектыўныя для мяса каліфарнійская парода, чэшскі альбінос, бургундскі, венскі шэры, венскі блакітны. Яны больш хуткаспелыя: 4-5 месяцаў — і можна забіваць. Выхад мяса — 2,5-3 кілаграмы з труса. Ёсць познаспелыя пароды — фландр і баран, іх трэба гадаваць амаль год. На выставе кілаграм жывой вагі каштуе 40 тысяч беларускіх рублёў, фландры і французскія "бараны" прадаюцца па 100 тысяч за кілаграм.

Што тычыцца праблем, якія хвалююць загадчыка трусафермы, то гэта якасць камбікорму для "вушастых".

— Што хаваць, у рэспубліцы не навучыліся яшчэ вырабляць паўнавартасны збалансаваны камбікорм для трусоў, — уздыхнуў суразмоўца.

"Трансгенная каза"

На выставе таксама можна ўбачыць і "трансгенную казу". Расійскія і беларускія вучоныя, працуючы па праграме Саюзнай дзяржавы"БелРасТрансген", упершыню ў свеце атрымалі двух трансгенных казлоў, ДНК якіх змяшчае ген, які кадзіруе лактаферын — бялок груднога жаночага малака. Ад іх ужо ёсць нашчадкі.

На сёння, паводле слоў навуковага супрацоўніка РУП НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Юрый КІРЫКОВІЧА, у лабараторыі аднаўлення і геннай інжынерыі сельскагаспадарчых жывёл у Жодзіне такіх жывёл-прадуцэнтаў 15 штук. Яны даюць малако з колькасцю лактаферыну ў літры ад 3 да 6 грам.

— Зараз праводзім даследаванні гэтага малака. У перспектыве, плануецца на базе нашага інстытута створыць гаспадарку, дзе будзе 2,5 тысяч коз — прадуцэнтаў такога малака (іх малако стане асновай высокаэфектыўных і біялагічнабяспечных лекавых прэпаратаў новага пакалення), а таксама цэх па выдзяленні лактаферыну з гэтага малака. Дарэчы, на сусветным рынку сёння 1 грам лактаферыну каштуе 2,5-3 тысячы долараў.

Пра трактар з магутнасцю 350 конскіх сіл і камбайн, які за 1 секунду намалочвае 16 кілаграмаў збожжа

Мінскі трактарны завод упершыню паказаў сваю новую распрацоўку — трактар МТЗ-3522, які за адзін праход па полі можа і глебу разрыхліць, і пасеяць, і мінеральныя ўгнаенні ўнесці. Салідная эканомія паліва і працоўнага часу. А галоўнае, маючы такі трактар, сялянам можна забыцца пра спякотныя дні на пасяўной.

— За два тыдні з МТЗ—3522 у любой гаспадарцы можна ўсё пасеяць, — расказвае пра сваю прадукцыю начальнік канструктарскага бюро ўпраўлення канструктарска-эксперыментальных работ МТЗ Васіль ГНЕДЧЫК. — Трактар мае магутнасць 350 конскіх сіл, ён прайшоў прыёмачныя выпрабаванні, пачаты выпуск установачнай серыі гэтай мадэлі. Кіруецца трактар з дапамогай кнопак і джойсціка. Каштуе ён значна танней, чым аналагі вядучых сусветных вытворцаў. Пры гэтым па спажывецкіх якасцях ён ім не саступае.

Ёсць што паказаць і лідару па вытворчасці камбайнаў — РУП "Гомсельмаш". Яго новая распрацоўка — збожжаўборачны камбайн "Палессе GS16". Гэты камбайн у першую чаргу патрэбны гаспадаркам, якія збіраюць вялікія ўраджаі, бо намалочвае ён 16 кілаграмаў збожжа ў секунду. Невысокі расход энергіі і ў выніку — нізкі сабекошт ураджаю.

Паводле слоў намесніка начальніка Дэпартамента рэгіянальных прадаж Уладзіміра ЛЯВОНАВА, ужо восенню з дзясятак такіх камбайнаў (першая прамысловая партыя) выйдзе на беларускія палі.

Безумоўна, каштаваць такая тэхніка будзе нятанна. Таму дазволіць сабе гэтыя машыны змогуць у першую чаргу перадавыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Аднак і іншым не варта адставаць. Тым больш што дзяржава па-ранейшаму будзе дапамагаць сялянам у абнаўленні машына-трактарнага парку.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл РУСЫ:

<І>"Для гаспадарак Беларусі захавана магчымасць набываць айчынную сельгастэхніку ў лізінг. Умовы лізінгу наступныя: першапачатковы ўзнос у памеры 15 % ад кошту, а затым на працягу 7 гадоў роўнымі долямі прадпрыемства ўносіць плату за набытую тэхніку. Я лічу, што такія ўмовы набыцця тэхнікі выгадныя для сельгасвытворцаў. Гаспадаркі Беларусі ў дастатковым аб'ёме забяспечаны сучаснай тэхнікай айчыннай вытворчасці, аднак машынна-трактарны і камбайнавы парк пастаянна трэба абнаўляць. Гаспадаркі краіны па праграме аснашчэння тэхнікай і абсталяваннем прадпрыемстваў АПК на працягу 2011—2015 гадоў атрымаюць амаль 11 тысяч трактароў, 4,4 тысячы грузавых аўтамабіляў рознага прызначэння, больш за 7,6 тысячы збожжаўборачных, 470 буракаўборачных камбайнаў, каля 3 тысяч касілак і столькі ж глебаапрацоўчых агрэгатаў, каля 4 тысяч розных плугоў, 5,4 тысячы машын для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, а таксама іншую тэхніку і абсталяванне".

Надзея ДРЫЛА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Асаблівае ажыўленне на дэманстрацыйным полі пад Сенніцай назіраецца ля павільёнаў з пародзістымі трусамі, козамі, курамі, страусамі. Адны любуюцца ды...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика