Вёска Памяць: шэсць коней, дзве каровы і два буслы. 21.by

Вёска Памяць: шэсць коней, дзве каровы і два буслы

09.06.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наогул у вёсцы Памяць жыве сёння 17 чалавек. Старэйшая з іх — 91-гадовая Настасся Апанасаўна Паплёўкіна. Памяць у жанчыны яшчэ добрая, а столькі перажыўшы, узгадаць, вядома, ёсць што. Калектывізацыя, 1937-ы, вайна, пасляваеннае напаўгалоднае жыццё, хрушчоўскі камунізм, брэжнеўскі рай, чарнобыльская ліхаманка — складнікі жыцця не толькі простай сялянкі, гэта — лёс усёй вёскі. Сёння толькі гэтая ўдава-доўгавечніца — апошняя сведка поўнай гісторыі вёскі з першых яе дзён. Памятае, як задоўга да вайны, прыблізна ў 1925-м, жыхароў суседняй вёскі Малыя Нямкі рассялялі на колішнія панскія землі, як узнік пасёлак з нязвыклай для слыху назвай. Як з'явіліся суседнія Лабусёўка і Зацішша, ад якіх сёння амаль нічога не засталося. Памяць, дзякуй Богу, яшчэ жыве. І будзе жыць, пакуль ёсць у ёй гаспадары, прыязджаюць на лета дзеці і вяртаюцца буслы. Толькі ці доўгі гэткі век?

"Памяць — гэта наша ўдзячная памяць пра пана Шалгана за тое, што жывём на ягонай добрай зямлі,— патлумачыла паходжанне назвы Настасся Апанасаўна. — Як жа хацелася нам тады сваёй зямлі, як моцна за яе трымаліся!"

Хтосьці з памятоўцаў прыгадаў, што ў даўнія часы ў пасёлку было пад 90 кароў. А сёння толькі дзве гаспадыні не могуць абысціся без свайго сырадою — Марыя Паплёўкіна і Валянціна Грамыка. Не так яны, як дзеці, якіх прывезлі да іх на лета.

У Памяці, як і паўсюль, гарачая пара і летні дзень год корміць. Трава вымахала ў пояс — самы час касіць. Касіць даводзіцца дзедаўскай касою-літоўкай, а звозіць дапамагаюць коні, якім гэтае сена і назапашваецца. Нават пенсіянеры хапаюцца за косы і граблі і ўвіхаюцца на сонечных палянах. Уладзімір Калінавіч Буцянаў таксама не лянуецца і, акрамя каня, трымае сем вулляў пчол. Гэты промысел у яго ад часу, калі працаваў на саўгасным пчальніку. Яшчэ ён — колішні вадзіцель і трактарыст і захоўвае важныя ўрадавыя ўзнагароды за працу — два ордэны. Ніхто больш у Памяці не можа пахваліцца гэткімі заслугамі. Але ён не хваліцца, між іншым, прыгадвае:  

— За ноч на сваім трактары Т-74 (гусенічным) я пераворваў па 10 гектараў зямлі і засяваў за дзень да 35 гектараў!

Крыўдаў і праблем у жыхароў Памяці няшмат. Незразумела ім, чаму раней плацілі "чарнобыльскія", а потым перасталі. А суседнім Малым Нямкам плацяць дагэтуль. Яшчэ перажываюць, што вялікія дрэвы ствараюць небяспеку і ўжо час іх спілаваць, а сельсавет не спяшаецца дапамагчы.

Памяць — адзіная ў Беларусі вёска з такой назвай. І ўжо таму яе трэба зберагчы і нельга крыўдзіць.

Анатоль Кляшчук. фота аўтара.

Веткаўскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наогул у вёсцы Памяць жыве сёння 17 чалавек. Старэйшая з іх — 91-гадовая Настасся Апанасаўна Паплёўкіна. Памяць у жанчыны яшчэ добрая, а столькі перажыўшы, узгадаць,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика