Сітаўка-памочніца
10.06.2011
—
Новости Общества
|
З гэтай птушачкай мы разам капаем грады і толькі што не размаўляем Магчыма, каму-небудзь з нашых чытачоў, асабліва гарадскіх жыхароў, гэтая мая гісторыя пакажацца нязначнай, маўляў, колькі можна пісаць пра птушак. Запярэчу і скажу адназначна: пра нашых крылатых сяброў можна і трэба распавядаць бясконца, тэма гэтая разнастайная, невычэрпная і вечная. Бо ў паводзінах птушак, іх звычках, у кожным, здавалася б, на першы погляд нязначным моманце, у іх адданай прывязанасці да людзей глыбокая прыродная мудрасць, вялікая жыццёвая сіла, практычны сэнс, якія проста неабходны чалавеку. Усё гэта ўзбагачае наша існаванне і дзейнасць, а свет, які вакол нас, хоць і няпросты, але застаецца прывабным, цікавым, змястоўным, словам, такім, які мы любім і цэнім. Вось што могуць тварыць і шчодра дарыць нам самыя звычайныя птушкі, варта толькі гэта бачыць, разумець і адпаведна ўсведамляць. …З самай раніцы працую на агародзе, дзе мы пасадзілі бульбу, рыхлю глебу і разбіваю граблямі яе вялікія камякі, каб лягчэй дыхалася клубням. Глеба чорная, тлустая і, канешне, не пустая, у ёй шмат спажывы для птушак. Ну вось і першая з іх. На градкі, дзе я толькі што прайшоўся з граблямі, села невялічкая птушачка. Пакруціла ва ўсе бакі сваёй зграбнай галоўкай, памахала доўгім хвосцікам і, не звяртаючы на мяне ніякай увагі, лёгка і спрытна пачала бегаць па градзе, раз-пораз клюючы глебу. Дык гэта ж белая сітаўка, якую ў народзе называюць яшчэ пліскай. Птушкі распаўсюджаны па ўсёй Беларусі, даўно аблюбавалі і трывала асвоілі для жыцця рачныя берагі, утульныя мясціны каля азёр, каналаў, словам, там, дзе шмат рознай расліннасці, вільгаці. Даспадобы ім і чалавечае жыллё з яго агародамі і садамі. Вось і на нашай сядзібе сітаўкі адчуваюць сябе ўпэўнена і надзейна. Вяртаюцца з выраю даволі рана, у другой палавіне сакавіка — красавіку. Наш сусед, дзядзька Сівы, калі хоча папракнуць якога-небудзь дачніка за ленасць вясною, звычайна кажа: “Ты што з агародам марудзіш? Сітаўкі ўжо прыляцелі, значыць, вясна прыйшла. Так што бярыся за рыдлёўку ды граблі”. Звычкі сітавак на нашай дачы амаль што паводзіны дамашніх птушак. Даверлівыя, смелыя, здаецца, ім проста неабходна для поўнага і бесклапотнага жыцця самае блізкае сяброўства з чалавекам. Ды я ўпэўнены, што яны адчуваюць: чалавек ніколі іх не пакрыўдзіць, наадварот, заўсёды дапаможа, падтрымае, каб у гэтых мілых птушак было менш розных паўсядзённых турбот. У нас на двары, каля градак, груш і разгалістых кустоў парэчак з ранняй вясны і да позняй восені стаіць балейка, поўная вады. Мы спецыяльна ставім яе для сітавак і вераб’ёў, якія даўно прыжыліся на нашай дачы. Сапраўдная раскоша для крылатых сяброў, што тут казаць. Папрацуюць рупліва на дрэвах, шукаючы розных насякомых, і калі досыць сытыя — да вады. А ў летнія спякотныя дні дык яшчэ прымаюць “душ” у той самай балейцы. Цікава назіраць, як сітаўкі, моцна ўчапіўшыся кіпцюрамі за край балейкі, боўтаюцца галоўкамі ў ваду — раз, другі, трэці. Канешне, здорава, і смагу прагналі, і памыліся, іх жаўтавата-бурае апярэнне ажно блішчыць, такое чыстае. Нас радуе тое, што завіхаюцца ля балейкі сітаўкі і вераб’і дружна і мірна, маўляў, тут не да спрэчак, калі ад гарачыні аж лятаць цяжка, а добрыя людзі выставілі столькі вады, што хапае ўсім. Што датычыцца птушынага жытла, то зноў ніякіх праблем. Вёска — гэта шмат розных пабудоў, дзе шчыліны, у дварах — штабялі нарыхтаваных дроў, столькі ўтульных, надзейных месцаў для гнёздаў. І белыя сітаўкі ладзяць іх адмыслова, бо кожная з іх двойчы за год нясе па 4—6 яек. А тут яшчэ могуць быць і непажаданыя “кватаранты”: у гнёзды белых сітавак любяць падкладваць свае яйкі зязюлі. Ну а ежы для сітавак — поўныя сады і агароды. Шматлікія насякомыя, асабліва мухі і камары, іх летам у вёсцы мноства, у тым ліку шкоднікі сельскагаспадарчых і лясных культур — птушкам сняданне, абед, вячэра. Нездарма ж сітаўкі — адны з самых карысных для чалавека птушак. Каб выгадаваць такую вялікую сям’ю, плюс яшчэ і зязюліна дзіця, трэба шмат сіл, таму ў сітаўкі для адпачынку часу зусім мала. Проста здзіўляешся, калі назіраеш, як рупліва завіхаецца яна на агародзе. Бегае хутка-хутка, іншы раз злёгку ўзлятае, каб лоўка схапіць нейкае насякомае ў паветры альбо зняць яго з лісця куста. І так цэлы дзень. Адкуль у яе бяруцца толькі сілы, руплівiца, як тыя вяскоўцы! Я прыпыніў работу, сеў на ўзмежку, каб не перашкаджаць няўрымслівай сітаўцы. У вокамгненне яна апрацавала ўзрыхленае месца, а што ж далей? Спынілася і пазірае на мяне. Ах ты, якая хітрая і практычная: чакае, калі я зноў вазьму граблі і пачну рыхліць глебу. Маўляў, навошта кудысьці ляцець за ежай, яе падрыхтую я. Ну што ж, так і будзе, зноў пайшлі ў ход мае граблі, а сітаўка — каля мяне. Дзесьці я чытаў, што гэтыя птушкі нярэдка падпускаюць да сябе чалавека на тры-пяць крокаў. Мая сітаўка даверлівая куды больш: незвычайна рухавая, яна круціцца ў мяне амаль што пад нагамі. Я паводжу сябе адпаведна, рыхлю градку асцярожна. Хай мая добрая памочніца без асаблівых праблем сытна паснедае. Словам, працую і для сябе, і для яе, а ўдваiх, вядома ж, намнога весялей… Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З гэтай птушачкай мы разам капаем грады і толькі што не размаўляем |
|