Яны ідуць у Будслаў. 21.by

Яны ідуць у Будслаў

01.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...Пілігрымку "Барысаў—Будслаў", якой кіруе а. Вячаслаў Пялінак з ордэна марыянаў, яшчэ здалёк заў- важна па блакітных харугвах і крыжы, што нясуць наперадзе. Чым бліжэй падыходзіць пілігрымка, тым больш разборлівымі становяцца словы святара, якія ад калонак рэхам разносяцца па наваколлі.

Гэта прымушае прачнуцца мясцовых бабулек, якія, пасеўшы ля гасцінца над вёдрамі суніц і чарніц, паціху дрэмлюць у чаканні пакупнікоў на сваё дабро. Кабеты з непрыхаваным інтарэсам пачынаюць цікаваць за калонай падарожных: што будуць рабіць, куды пойдуць?

"А вось і вёска Акалова, якраз тут мы і пераночым", — гаворыць у мікрафон а. Вячаслаў і "галава" пілігрымкі збочвае з шашы ў вёску.

Уваход

На ўваходзе ў вёску пілігрымаў не сустракаюць дзясяткі людзей з дзецьмі і машынамі, як гэта часам бывае, з прапановай узяць на начлег у сваю хату, дзе ёсць цёплая вада і мяккая падушка. Замест гэтага ля касцёла ўжо ўсталявана з дзясятак вялікіх намётаў.

Мясцовы прыход Святога Міхаіла ў Акалове зусім невялічкі, таму ля касцёла пілігрымаў вітае толькі жменька парафіян — старшыня акалоўскага касцёльнага камітэта Валянціна Харэвіч і купка мясцовай моладзі.

Цёмныя хмары прарочаць дождж. Здавалася б, хутчэй трэба схавацца ад сівернага ветру і імжы. І пажадана ў тыя падрыхтаваныя намёты. Аднак пілігрымы дружна кіруюць у касцёл, дзе, укленчыўшы, пакорна схіляюць галовы перад алтаром.

— Так склалася, што на нашым шляху не так шмат каталіцкіх парафій, — расказвае а. Вячаслаў Пялінак. — Таму ўжо традыцыйным для нас з'яўляецца начлег у намётах.

Дажджлівага надвор'я а. Вячаслаў не баіцца. "Пілігрым, які не быў пад дажджом, усё адно, што жаўнер, які не быў у баі", — жартуе святар. — Для нас холад і спёка — звычайныя спадарожнікі, якіх ніхто і не баіцца. Цяжкасць у кожнага пілігрыма адна — справіцца з пачуццямі і эмоцыямі. У пілігрымцы мы сустракаем Госпада Бога, але і таксама сябе самога. Тут усё без фальшу, маска спадае на працягу двух дзён. І мы бачым сябе такімі, якія мы ёсць. Я думаю, галоўная цяжкасць пілігрыма — гэта сустрэча з самім сабою. І саўладаць са светам сваіх эмоцый і пачуццяў у стоме — гэта самае няпростае.

Акалова

У будынку сённяшняга касцёла ў свой час месціўся сельскі савет, школа і нават крама. І толькі летась, калі будынак ашалявалі па старых здымках, касцёл быў адноўлены.

Насупраць святыні — мур. Як высветлілася, гэта — фундамент даўнейшага касцёла, які быў спалены ў 1944-м. Узведзены ён быў напрыканцы ХVІІІ стагоддзя. Паводле слоў старшыні касцельнага камітэта Валянціны Харэвіч, святыня была "самай вялікай" і мела багатую гісторыю: пра яе мясцовы ксёндз "прывозіў з Польшчы дакументы". Ёсць тут і свая царква. Кажуць, праваслаўных у вёсцы жыве трошкі больш, чым католікаў.

Тым часам пілігрымы паціху выходзяць са святыні і кіруюць у імправізаваны намётавы гарадок. Ля касцёла сарамліва стаіць дзяўчынка — родам яна з гэтай самай вёскі, разам з сяброўкамі хоча далучыцца да пілігрымкі з заўтрашняга дня. Чакае святара, каб спытаць дазволу. Хвалюецца. Ксёндз дае дабро, дзяўчынка шчаслівая і гатовая скакаць ад радасці, што тут жа і дэманструе.

Утульны намёт

— Заходзьце, не саромцеся, вось тут у нас — вітальня, — жартуе, запрашаючы мяне ў намёт, спадарыня Аліна. Разам з ёй у намёце яшчэ дзве дзяўчынкі: васьмі і дваццаці гадоў.

— Раней мы неяк усе разам збіраліся — Жодзіна, Барысаў, Крупкі, — узгадвае кабета. У Барысаве вялікая парафія, шмат людзей ходзіць у касцёл, таму сэнсу ехаць да Жодзіна і няма, заўсёды хочацца ісці са сваімі, бо шмат каго ўжо ведаеш. Сёлета так і зрабілі.

Алена Ярышкіна і Аксана Дзернакова — ужо з іншага намёта:

— Калі мы распачыналі пілігрымку, на імшы нам казалі пра тое, што трэба заўсёды ў сваім жыцці шукаць Бога. Пілігрымка — гэта такі шлях, дзе мы якраз пазнаём Бога. Сабралася шмат узростаў, шмат пакаленняў. Але мы лічым сябе адной камандай, атмасфера вельмі ўтульная. Мы вельмі чакаем таго дня, калі прыйдзем у Будслаў.

— Кожны раз ёсць новыя сілы, — гаворыць сястра Таццяна. Атмасфера цудоўная: усе людзі ў пілігрымцы ведаюць, чаго яны ідуць. Ідзём да Маці Божай.

"Пілігрымаваць"...

— Сярэдні ўзрост нашага пілігрыма складае 35-40 гадоў. З барысаўскай парафіі ў нас ладзіцца дзве пілігрымкі: першая — у Будслаў, другая, у ліпені, — у Росіцу. І паколькі большасць студэнтаў занята цяпер сесіяй, то будслаўская пілігрымка ў нас атрымліваецца такая больш сталая, — праводзіць для мяне лікбез святар. — Больш моладзевая пілігрымка будзе ў Росіцу.

Гатуючы абед ці абіраючы разам бульбу, людзі яшчэ больш пасябруюць, чым проста ідучы і молячыся. У маім уяўленні пілігрым — чалавек, які "пілігрымуе", а не ходзіць у госці. Па дарозе мы павінны ўсё зрабіць сабе самі. Вось паставілі сабе палаткі, зараз будзем ладзіць вячэру — ставіць вайсковую кухню, абіраць бульбу і г.д. У гэтым ёсць свабода і сапраўдны сэнс пілігрымавання. Пілігрымка, можа, і стамляе, але яна робіць людзей адной сям'ёй, дзе ёсць адказнасць адзін за аднаго.

...і дайсці

Барысаўская дзевяцікласніца Анастасія Капцава ў пілігрымцы ўпершыню. Як прызналася дзяўчынка, калі б ёй дазволілі ўзяць ў пілігрымку толькі тры рэчы, то, акрамя спальніка і сухога пайка, яна ўзяла б малітоўнік.

— Малітоўнік — абавязкова, без яго ніяк, — тлумачыць дзяўчынка і дадае: — Хоць перад пілігрымкай я хвалявалася, бо не ведала той дарогі, у якую выпраўляюся, але цяпер я ведаю, што ўсё будзе добра. І ніякага хвалявання няма. Я спакойная. І на душы вельмі лёгка. Зараз галоўнае — набрацца сілы на заўтрашні дзень, каб Бог блаславіў на далейшы шлях. Каб дайсці.

Насця развітваецца са мной і вяртаецца ў намёт да сваіх сябровак. Ім яшчэ трэба ўладкаваць спальнікі і спяшацца на вячэру, а пасля — імша і глыбокі сон. Заўтра — зноў у дарогу. Да спаткання з Маці Божай Будслаўскай засталося 55 кіламетраў...

Ілья ЛАПАТО.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Пілігрымку "Барысаў—Будслаў", якой кіруе а. Вячаслаў Пялінак з ордэна марыянаў, яшчэ здалёк заў- важна па блакітных харугвах і крыжы, што нясуць наперадзе....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика