Па які турызм замежнікі прыязджаюць у Беларусь?
09.07.2011
—
Новости Общества
|
Друкуючы нататкі пра вандроўкі за мяжу, я толькі здагадваўся, што ў нашай краіне ёсць такія турыстычныя маршруты, што ого-го! Яны могуць прынесці не менш яркіх уражанняў, чым тур у парыжскую базіліку Сакрэ-Кёр ці наведванне рымскага Пантэона. Мы ўжо пісалі, напрыклад, пра раскопкі курганоў у Старадарожскім раёне і паказалі шкілет дрыгавіча, якому амаль 10 стагоддзяў (нумар "Звязды" за 28 чэрвеня). Не паспелі сцішыцца тыя ўражанні, як патэлефанавалі з Лунінецкага раёна — і тут ёсць свае турысцкія цікавосткі. Арганізоўваюцца ўнікальныя экалагічныя туры, пра якія амаль не ведаюць беларусы. Затое на Лунінеччыну ахвотна едуць групы замежных турыстаў — з Брытанскіх астравоў, Польшчы, Венгрыі... Што так вабіць замежнікаў? * * * Знаёмлюся з Анатолем Нефядовічам, гаспадаром сядзібы "Прыпяцкі плёс", што ў вёсцы Лахаўка на Лунінеччыне. Загадзя ведаю, што гэты чалавек знаны і дыпламаваны беларускі арнітолаг, географ, турыст — прафесіянал найвышэйшай катэгорыі... Па дапамогу да яго звяртаюцца як спецыялісты з нашай Акадэміі навук, так і замежныя фатографы, вандроўнікі, знаўцы прыроды. У гэты дзень для нашай турыстычнай групы быў арганізаваны сплаў на байдарках па рацэ Случ. Рака гэта вядомая сваімі пойменнымі дубравамі, загадкавымі і таямнічымі. Плаўна гладжу вяслом перламутравую ваду Случы, любуюся хараством прыроды і размаўляю з дзвюма статнымі паненкамі, Ірай і Дзінай, якія ўзялі мяне ў сваю байдарку.Іра працуе ўрачом у лунінецкай райбальніцы, куды прыехала пасля заканчэння сталічнага медуніверсітэта. Яна распавядае пра мясцовую прыроду, нахвальвае сваю бальніцу. І, па яе словах, ні на грам не шкадуе, што пакінула Мінск. Я, азіраючы пахіленыя дубы Случы, маляўнічыя карчажыны, веру ёй. Калі жыўцом бачыш такія карціны, менш думаеш пра сталіцы і матэрыяльныя выгоды... На Случ насунулася масіўная хмара, якая палівае нас грыбным дожджыкам. Але гэта толькі дадатковая пікантнасць. Там, на Случы, у мяне зніклі любыя фантазіі, бо такую маляўнічасць прыроды не пабачыш і ў сне. У байдарцы-тройцы на Случы мяне здзівіла і засмуціла наступнае. За свае 25 гадоў я бываў у падобных вандроўках лічаныя разы. І столькі страціў! Калі жывеш у спажывецкім грамадстве, дзе ў асноўным людзі занятыя думкамі аб ежы, машынах і льготных крэдытах, складана дайсці да думак аб прыродзе і высокіх матэрыях. Многія ж так ніколі і не сядуць у байдарку, каб сплавіцца па беларускай рацэ. * * * Дзіўлюся коштам на мясцовыя турысцкія паслугі. Сплаў на байдарках каштуе аднаму прыкладна 12 долараў. Начоўка ў вясковай хаце — каля 15 тысяч, лазня на ўсю групу — 40 тысяч беларускіх рублёў. Ежа — амаль па сабекошце. Усё надзвычай ліберальна. Гаспадары патлумачылі, што робіцца гэта наўмысна, каб не напалохаць патэнцыйных беларускіх турыстаў дарагавізнай. У аграсядзібе "Прыпяцкі плёс", дзе нас прынялі пасля сплаву на байдарках, няма нейкіх неверагодных еўравыгод. Усё даволі натуралістычна: звычайная вясковая хата, комін, беларускія кот і сабака, качкі. Для асабліва мурзатых турыстаў, якія, няўмела размахваючы вяслом, налілі ў байдарку вады і нарабілі гразі, ёсць душ. Гаспадар Анатоль Нефядовіч распавядае, што байдаркі, якія мяне так уразілі, — гэта самая простая канцэпцыя адпачынку. Так бы мовіць, для пачаткоўцаў. Замежнікі едуць у Беларусь па іншае.— Тая ж Случ цікавая тым, што тут, напрыклад, жывуць ракшавыя птушкі. Гэта сіваграк, зімародак, удод..., — распавядае спадар Анатоль. — Замежнікі арыентуюцца на экалагічныя туры, знаёмства з прыродай. Таму што нейкіх аўтэнтычных і дарагіх аграсядзіб шмат у той жа Польшчы. Да нас жа едуць аматары экатурызму. Сёлета тут былі венгры, якія папрасілі зрабіць экалагічную экскурсію ў пойму Прыпяці. Потым — тры групы англічан, якіх цікавіла тое ж самае. Былі чатыры групы палякаў. Адных цікавіў ток цецерукоў. Я аб'ездзіў шмат месцаў і знайшоў. Госці былі проста шчаслівыя. Некаторых цікавілі вялікі арлец і балотная чарапаха. Я завёў іх у месца, дзе яны пабачылі адразу пяць чарапах. Шчаслівыя адсюль паехалі. Яшчэ адна група сплавілася на байдарках па Случы. Яшчэ адна замовіла проста начлег, лазню і харчаванне. Многія замежнікі трызняць беларускімі балотамі — напрыклад, Альманскімі... Замаўляюць экскурсіі на Званец — найбуйнейшае нізіннае балота Беларусі. — А нашы землякі ў вас бываюць? — Сёлета прыехалі адпачываць медыкі з Брэсцкай абласной бальніцы. Ім было цікава прайсці спартыўны шасцідзённы маршрут, атрымаць катэгорыю. Дзіўна, што нашы гарадскія жыхары амаль не шукаюць такіх магчымасцяў, каб пазнаёміцца з беларускай прыродай. У людзей дзіўныя каштоўнасці. Мяркую па некаторых вучнях, якія выбіраюцца ў паходы. У некаторых няма элементарнага спальнага мяшка, які каштуе 10 долараў. Затое тэлефон — за 300. * * * Задаволена сёрбаючы юшку з беларускага шчупака, я яшчэ раз пракручваю ў галаве яркія ўражанні мінулага дня. Напрыканцы атрымліваю ад гаспадыні аграсядзібы, спадарыні Ірыны, упрыгажэнне з нацыянальным узорам, выкананае з бісеру. За маю беларускамоўнасць. Дарэчы, самі гаспадары таксама цудоўна размаўляюць па-беларуску, як і належыць адукаваным людзям. Анатоль і Ірына Нефядовічы некалі скончылі Белдзяржуніверсітэт. А калі пабраліся шлюбам, пераехалі ў Лахаўку, пакінуўшы бацькоў спадарыні Ірыны ў сталіцы. Усё ж ёсць неверагодная прыцягальнасць прыроды на Лунінеччыне... Апоўначы, адчуваючы прыемную стому, засынаю і бачу чароўныя сны, якія ў гарадскога хлопца могуць здарыцца толькі на прыродзе... Яўген ВАЛОШЫН. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Друкуючы нататкі пра вандроўкі за мяжу, я толькі здагадваўся, што ў нашай краіне ёсць такія турыстычныя маршруты, што ого-го! Яны могуць прынесці не менш яркіх...
|
|