Беларусы замежжа ўпершыню на "базары" прадставілі культурную праграму
12.07.2011
—
Новости Общества
|
У ёй бралі ўдзел беларусы з больш як дзесяці краін свету: Латвіі, Літвы, Эстоніі, Малдовы, Украіны, Польшчы, Расіі... Гэтай падзеі чакалі даўно. Насамрэч, беларусаў ва ўсім свеце за межамі нашай рэспублікі — мільёны. У канцэртнай зале "Віцебск" прайшоў шыкоўны канцэрт. А да гэтага ў віцебскім аблвыканкаме адбылося пасяджэнне кансультацыйнай рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры. Этнічныя беларусы з розных краін на "базары" адчувалі сябе вельмі ўтульна. Некаторыя, праўда, здзіўляліся: чаму ў беларускім Віцебску рэдка чуюць беларускую мову? Мы будзем разам у шчасці і ў бядзе — Мы часта бываем у Беларусі. Кантакты даволі багатыя, актыўна "абменьваемся" калектывамі мастацкай самадзейнасці. Запрашаем працаваць з нашымі калектывамі беларускіх спецыялістаў. Я прадстаўляю беларусаў Беластока. Калі прыязджаю ў Беларусь, у мяне сэрца радуецца ад таго, што беларусы жывуць на ўзроўні. І народ вельмі гасцінны — шмат бываю за мяжой, ёсць з чым параўноўваць, — адзначыў у размове з карэспандэнтам "Звязды" Ян Сычэўскі, старшыня галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. — Я — беларус, і для мяне Беларусь з'яўляецца этнічнай Радзімай. Заўсёды была і такой будзе — і ў шчасці, і ў бядзе. Праўда, трохі здзіўляе, што, на жаль, мала даводзіцца чуць у Беларусі беларускую мову. У Польшчы мы праводзім розныя мерапрыемствы, у тым ліку святы беларускай песні, культуры, Купалле беларускае з задавальненнем арганізоўваем. У Віцебску адбылося другое пасяджэнне вышэйназванай кансультацыйнай рады. Як расказаў "Звяздзе" міністр культуры Беларусі Павел Латушка, у склад рады ўваходзяць прадстаўнікі практычна ўсіх міністэрстваў і ведамстваў, якія адказныя за супрацоўніцтва з беларусамі замежжа. У Віцебску абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва з суполкамі беларускіх арганізацый, якія дзейнічаюць за мяжой у культурнай, інфармацыйнай, эканамічнай сферах. — Мы зацікаўлены ў тым, каб падтрымліваць разнастайныя культурныя акцыі беларусаў, што адбываюцца за мяжой. Зацікаўлены прысылаць беларускія калектывы, аказваць фінансавую падтрымку беларускім грамадскім арганізацыям замежжа ў набыцці касцюмаў, інструментаў, літаратуры і гэтак далей, — падкрэсліў міністр.— Зразумела, для нас вельмі важна, каб беларусы прыязджалі на Бацькаўшчыну. І правядзенне першага фестывалю беларусаў замежжа, які праходзіў у Мінску і Віцебску, з'яўляецца вельмі яскравым сведчаннем рэалізацыі зацікаўленасці пастаяннага супрацоўніцтва. Важна, каб беларусы, якія пражываюць у нашай краіне, таксама ведалі, што адбываецца ў замежных суполках беларусаў: як яны падтрымліваюць беларускае слова, культуру, як ладзяць разнастайныя культурныя мерапрыемствы. На пасяджэнні кансультацыйнай рады міністр культуры адзначыў, што вельмі важным пытаннем з'яўляецца абмеркаванне дзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа. На працягу бягучага года будзе распрацаваны адпаведны праект урадавай праграмы. У ліку іншага прапрацоўваюцца магчымасці адкрыцця культурных цэнтраў Беларусі за мяжой у дадатак да ўжо існуючага цэнтра ў Польшчы. Плануецца адкрыццё такіх цэнтраў у Маскве, Кіеве, Вільнюсе і Берліне. Удзельнікі пасяджэння падтрымалі прапанову аб правядзенні дзён культуры Беларусі за межамі нашай краіны, сумеснай дзейнасці па арганізацыі святкаванняў важных і знакавых для ўсіх беларусаў юбілеяў, такіх як 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якое сёлета адзначаем, юбілеяў Коласа і Купалы. Вельмі важна, каб адкрываліся мемарыялы і помнікі, звязаныя з нашай гісторыяй і культурай па-за межамі Беларусі. Напрыклад, неабходна абмеркаваць магчымасць усталявання помніка Купале і Коласу ў Варшаве. Гэтыя і іншыя знакавыя праекты без падтрымкі беларусаў замежжа немагчымыя. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У ёй бралі ўдзел беларусы з больш як дзесяці краін свету: Латвіі, Літвы, Эстоніі, Малдовы, Украіны, Польшчы, Расіі... Гэтай падзеі чакалі даўно. Насамрэч, беларусаў ва... |
|