КАБ НЕ СПЫНІЦЬ ТВОРЧАГА ІМКНЕННЯ
12.07.2011
—
Новости Общества
|
Многія выпускнікі факультэта журналістыкі БДУ, як беларускія, так і замежныя, нездарма лічаць доктара гістарычных навук, прафесара кафедры гісторыі журналістыкі Алега Слуку "сваім" дэканам. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся ў няпросты час перабудовы і галоснасці. Складаныя палітычныя працэсы праходзілі праз лёсы студэнтаў і выкладчыкаў. Помніцца, як нас, студэнтаў, якія вельмі эмацыянальна рэагавалі на падзеі таго часу і нават збіраліся накіраваць свой калектыўны зварот у Маскву, Алег Георгіевіч спрабаваў па-бацькоўску пераканаць у тым, што найбольш важныя рашэнні не прымаюцца на гарачую галаву. Але якія б гарачыя галовы ў нас ні былі і ў якія б сітуацыі па сваёй маладосці мы ні траплялі, ад пагрозы адлічэння нас выратоўваў мудры дэкан. "Я заўсёды лічыў, што маладога творчага імкнення нельга бяздумна спыняць, — гаворыць і сёння Алег Слука. — Таму двойкі прынцыпова ніколі не ставіў. Лайдака такім чынам нічому добраму не навучыш, а здольнаму студэнту можна сапсаваць увесь смак ад атрыманых ведаў". Пад кіраўніцтвам Алега Георгіевіча на факультэце журналістыкі быў створаны новы вучэбны план і распрацавана праграма вывучэння студэнтамі тэорыі і практыкі беларускіх СМІ. Адметна і тое, што ў пераломны перыяд на самым ідэалагічным факультэце ўніверсітэта ўзнікла міжнароднае аддзяленне, на якім вучыліся замежныя студэнты з В'етнама, Афганістана, Беніна, Непала, Палесціны і многіх іншых краін.
На пасадзе намесніка міністра адукацыі Беларусі Алегу Георгіевічу давялося займацца рэарганізацыяй адукацыйнай сістэмы. Ён стаў арганізатарам распрацоўкі новай канцэпцыі развіцця навукі ва ўніверсітэтах нашай краіны, прымаў непасрэдны ўдзел у правядзенні рэформы сярэдняй адукацыйнай школы. Алег Слука ніколі не парываў сувязяў з родным факультэтам. На працягу амаль 10 гадоў навуковых даследаванняў ён сабраў вялікі гістарычны матэрыял і на яго аснове выдаў трохтомны вучэбны дапаможнік "Беларуская журналістыка", які атрымаў грыф Міністэрства адукацыі. За гэтую творчую працу сёлета ён быў уганараваны званнем лаўрэата прэміі Саюза журналістаў Беларусі "Залатое пяро". Сёння прафесара кафедры гісторыі журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ Алега Слуку па праву лічаць стваральнікам фундаментальнай гісторыі нацыянальнай камунікацыі. У гэтым годзе ў серыі "Класічнае ўніверсітэцкае выданне" з друку выйдзе яго аднатомнік па гісторыі беларускай журналістыкі, які стане адным з першых падручнікаў па спецыяльнасці "Журналістыка" на постсавецкай прасторы. За журналісцкую, навуковую і педагагічную дзейнасць Алег Георгіевіч удастоены ганаровых званняў "Выдатнік друку" і "Выдатнік адукацыі" Рэспублікі Беларусь. У дзень свайго 70-годдзя прафесара Алега Слуку вельмі радуе тое, што сярод студэнтаў, якім ён выкладае, большая частка — здольныя і мэтанакіраваныя юнакі і дзяўчаты. "Яны ведаюць, што робяць на факультэце журналістыкі і што менавіта ім патрэбна для будучай прафесіі", — зазначае Алег Георгіевіч. "Журналістыка — прафесія па-грамадзянску адказная. Яна з'яўляецца стваральнай сілай, адным з моцных фактараў духоўнага багацця грамадства і сацыяльна-эканамічнага інавацыйнага развіцця. Сучасныя студэнты гэта ўсведамляюць", — упэўнены прафесар. Ганна ЛАГУН.У журналістыцы можна быць па-рознаму: можна працаваць у газеце, існаваць згодна з прынцыпам "Ні дня без радка". Але ў журналістыцы можна быць, навучаючы тых, хто потым пойдзе працаваць у СМІ. Прафесар, доктар гістарычных навук Алег Георгіевіч Слука стаў настаўнікам для многіх журналістаў, у тым ліку з нашых "звяздоўскіх" шэрагаў. Гісторыя беларускай журналістыкі для яго — гэта найперш працэс, які ён назірае і даследуе як навуковец. Але гэта не толькі пэўная дысцыпліна, лекцыі, заняткі са студэнтамі. Гэта яшчэ і частка жыцця, у якім для Алега Георгіевіча выпаў шанц асабіста паўплываць на гэты працэс: ён быў дэканам факультэта журналістыкі БДУ ў пераломны момант, калі ішла перабудова не толькі сацыяльнай сістэмы, але і свядомасці людзей, а сродкі масавай інфармацыі павінны былі адлюстроўваць, асэнсоўваць і падсумоўваць тое, што адбывалася ў грамадстве. З гэтымі словамі блаславення на прафесію ад дэкана многія з нас атрымлівалі дыпломы. І дагэтуль працуюць у журналістыцы, разумеючы важнасць і вартасць слова. Так, з гадамі наша ўяўленне пра журналістыку пашыралася, шліфавалася, удасканальвалася. Але пры гэтым кожны з нас, вучняў Алега Георгіевіча Слукі, усё-такі адчувае сябе часткай вялікага працэсу — існавання беларускай журналістыкі — які пачаўся задоўга да нас і будзе працягвацца пасля нас, праз тых, хто захоча вучыцца пісаць пра Беларусь. З юбілеем! Звяздоўцы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Многія выпускнікі факультэта журналістыкі БДУ, як беларускія, так і замежныя, нездарма лічаць доктара гістарычных навук, прафесара кафедры гісторыі журналістыкі...
|
|