"Вунь мая нага!", або Асаблівасці нацыянальнай масоўкі-2
12.07.2011
—
Новости Общества
|
Пакінуўшы сваю анкету ў базе статыстаў "Беларусьфільма", карэспандэнт "Звязды" Ілья ЛАПАТО паўгода чакаў званка са студыі. Што адбывалася далей, у матэрыяле журналіста. Анкету на кінастудыі я запоўніў у канцы студзеня, а патэлефанавалі мне ў пачатку... ліпеня. — Ілья, ці будзе ў вас час з'явіцца заўтра на здымкі? — Так, а што трэба рабіць? — Вы будзеце турыстам. Калі ласка, апраніцеся адпаведна і прыходзьце да гарадской ратушы ў 9:30. За дзень атрымаеце 40 тысяч. Фотаапарат ёсць? Цудоўна, за яго — даплата 10 тысяч. Бывайце! Ні назвы фільма, ні імя рэжысёра. Яшчэ добра, што я здагадаўся ўзяць тэлефон жанчыны Любы, якая павінна будзе заўтра масоўку сустракаць. Я ж не думаў, што тая Люба чакаць нас будзе зусім у іншым месцы і што, акрамя мяне, ніхто са статыстаў нумара яе мабільнага ведаць не будзе... А ты аддаў пашпарт? .
..Раніцай наступнага дня, каб не пакінуць уражання ненадзейнага статыста, я прыйшоў да ратушы хвіліна ў хвіліну. І як высветлілася, дарма. Ніякай Любай там і не пахла. Побач са мной — чалавек сем такіх жа хлапцоў і дзяўчат. Дазваніўся да жанчыны я толькі з чацвёртай спробы. — А дзе вы стаіце?! — пачала з наездаў Любаша. — Як дзе? Ля ратушы, як нам і сказалі. І нас тут ужо чалавек 15 сабралася... — А дзе гэтая ратуша? Бо я ля касцёла стаю... Пазней высветліцца, што стаяла Люба зусім не ля касцёла, а каля царквы, што на плошчы Свабоды. Ратушу жанчына знайшла яшчэ хвілін праз пяць... — Відаць, яна не тутэйшая, — сышліся мы на думцы з дзяўчынай Машай, якая, як і я, прыйшла да ратушы з фотаапаратам у руках — іграць ролю турыста. Пабачыўшы людзей ля ратушы, Люба ўпэўненым крокам пайшла да нас. Гэта была сярэдняга росту жанчына з учэпістым позіркам і смуглявай скурай. Красоўкі, байка, джынсы і паходны заплечнік, з якога сіратліва вытыркаўся тэрмас... Параўняўшыся з намі, жанчына кінула "добры дзень" і папрасіла паказаць фотаапараты. Затым, звяраючы нашы імёны з нейкім спісам у сваім нататніку, Люба папрасіла дастаць пашпарты. Спачатку я думаў, што пашпарт неабходны для праверкі асобы. Але якім было маё здзіўленне, калі акінуўшы вокам мой здымак у пашпарце, Люба рэзкім жэстам бесцырымонна паклала дакумент сабе ў торбу!..
Мы ж засталіся стаяць. "Прыехала ўся камарамі скусаная..." Бліжэйшыя дзве гадзіны мы проста сядзелі і чакалі. Здымачную групу, акцёраў, рэжысёра... Дакладней, нейкія рухі адбываліся, аднак ніхто нам нічога не казаў. Даведаліся толькі, што здымацца будзем у адной з серый расійскага серыяла "Менты". Адна з галоўных гераінь — Алеся Судзілоўская, а рэжысёр — сам Уладзімір Янкоўскі... — 40 тысяч — яшчэ добра, — частуючыся маёй цукеркай, дзеліцца вопытам дзяўчына Маша, якая здымаецца ў масоўцы ўжо два гады. — Раней вунь толькі 30 тысяч плацілі, і тое — рускія. Нашы зусім 28 тысяч давалі. Яшчэ добра, як адразу аддадуць. Бывае ж, цэлы месяц чакаеш, а пасля яшчэ ў касе трэба таўчыся — чарга. Паводле слоў Машы, самымі жорсткімі ў яе "акцёрскай кар'еры" былі здымкі на пляжы, калі з 6 ранку і да 11 вечара трэба было ляжаць на пяску ў купальніку і ствараць імідж бесклапотнай старлеткі. Узгадвае "добрым" словам Маша і Оперны тэатр, дзе на працягу пяці гадзін трэба было ўсміхацца і пляскаць у далоні, пакуль нарэшце героі не станцавалі ўсё так, як было ў сцэнарыі. Запомнілася дзяўчыне і... карупцыя. — Былі ў нас тут двое — хлопец і дзяўчына, якія адказвалі за масоўку. Дык яны палову нашых грошай сабе ў кішэню клалі. Добра, што іх прагналі. Аднак нядаўна я бачыла іх — працуюць адміністратарамі на адным з тэлеканалаў. Прычым у той жа якасці — статыстаў набіраюць... Памятае Маша і здымкі ў "амерыканскім начным клубе" — у мінскай "Белай вежы", дзе ў яе нават была "роля" ў эпізодзе: буйным планам у кадры паказалі яе спіну... — А за цукерку дзякуй, — лагодна ўсміхаецца дзяўчо. — А то я сёння выдала: прыйшла на шпільках і нават бутэрброды не ўзяла. Калі здымкі зацягнуцца да вечара (звычайна так і бывае), то плакаў мой страўнік. Але нічога, не першы раз. Тут не ў лесе, адкуль са здымак я прыехала ўся камарамі скусаная... Алеся Судзілоўская: "Ах, мая шаўковая кофтачка" ...Нас прывялі на пляцоўку і правялі лікбез: у кадр не глядзець, з акцёрамі не размаўляць, артыстаў і здымачную групу не фатаграфаваць. Трэба было стаяць кучкай каля кабеты-экскурсавода і "ўважліва яе слухаць, фатаграфуючы сабор". Каля нас буйным планам здымалі галоўных акцёраў — Алесю Судзілоўскую і яе калегу па фільме. Сэнс сцэны: мы — экскурсія турыстаў, а Алеся са сваім каханым (як мы зразумелі па сцэнарыі) — нібыта таксама з намі. "Уважліва слухаць экскурсавода" трэба было хвіліны дзве, пасля чаго наш гід прамаўляла словы: "А зараз — ідзём у аўтобус. Нас чакае экскурсія і ў іншыя гарады Расіі" — і мы павінны былі, як гусі, ісці следам. Пра "і іншыя гарады Расіі" я, як і іншыя статысты, даведаўся ўжо падчас здымак. Мы былі ў шоку. Аказваецца, мы — рускія турысты... Самае цікавае, што нават нумары на прыпаркаваных непадалёк машынах, былі адмыслова заменены на расійскія. Сцэну, якая ў фільме зойме 15 сек., мы пераздымалі хвілін сорак. Трыццаць пяць хвілін пераздымалі галоўных герояў і пяць хвілін камера пераздымала нас. — Увага — матор — камера... — Стоп! Якая камера! Мне прычоску яшчэ не даправілі, — злосна залямантавала актрыса Судзілоўская.
— Валодзя, у мяне кофтачка з шоўку — я пайшла ў машыну, — паставіла перад фактам рэжысёра актрыса Судзілоўская, накіроўваючыся ў машыну. У момант "палюбіўшы" галоўную гераіню, статысты стаялі пад дажджом і моклі яшчэ хвілін пяць. Актрыса сядзела ў крэсле, млява папіваючы каву з малаком, і пісала некаму чарговую эсэмэску. Пакуль драбніў дождж, асістэнт Лізачка прыслужліва трымала над галавой актрысы парасон у буйныя гарохі... "У прыбіральню я вас не пушчу!" Здымаліся мы ў перапынках, калі пераставаў дождж. Хоць, у прынцыпе, усё можна было рабіць і хутчэй, рэжысёр чамусьці марудзіў. Прымушаў акцёраў рабіць адно і тое ж па некалькі дубляў. Здзівілі на здымачнай пляцоўцы мацюкі. Можа, у рускіх гэта ў норме, але было трохі няёмка. Ну, няхай там сярод здымачнай групы, але чуць такое ад рэжысёра ці ад актрысы, якая, зламаўшы абцас, шчодра мацюкнулася, было непрыемна. Статысты, якіх агулам было чалавек трыццаць, рэагавалі на ўсё па-рознаму. Моладзь у сваёй большасці за кадрам эмоцый не ўтойвала, а вось пажылыя людзі ўсё рабілі моўчкі — сціпла жавалі батон з каўбасой і чыталі кніжку... Каб перачакаць дождж, масоўку пагрузілі ў аўтобус. Стрэлка гадзінніка паказвала тры гадзіны дня, а мы здымалі яшчэ толькі другую сцэну. У многіх бурчала ў жываце, але народ стараўся не паказваць, што хоча есці. — Алё, Віця? Гэта я. Так, здымаемся, — тоненькім галаском шчабятала з мужам шчаслівая жанчынка. Па радасных інтанацыях было заўважна, што жанчына задаволеная і сабой, і дачкой, якая сядзела побач. — Дзе? Эээ...Мастацкі фільм, ага, — жанчына нават не ведала, што здымаецца ў крымінальным серыяле. — Што? Так, мы ўжо за тыдзень трэці раз здымаемся... Седзячы ў душным аўтобусе ўжо паўгадзіны, мы з Машай вырашылі выйсці праветрыцца. — Гэй, маладыя людзі, куды гэта вы? Я вас не адпускала, — спыніла нас Люба, ледзьве мы выйшлі з аўтобуса. — У прыбіральню? У прыбіральню я вас пакуль не пушчу. Чакайце, пайду даведаюся, ці можна. ...Пакуль Люба ішла да машын са здымачнай групай, у рацыі аднаго з асістэнтаў мы пачулі: "Так, акцёры ідуць на абед. Хвілін 10-15, магчыма, даўжэй. Масоўцы скажы, што ДЗЕСЯЦЬ хвілін..." Ілья ЛАПАТО. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакінуўшы сваю анкету ў базе статыстаў "Беларусьфільма", карэспандэнт "Звязды" Ілья ЛАПАТО паўгода чакаў званка са студыі. Што адбывалася далей, у...
|
|