АЭС дапаможа ў развіцці турызму?. 21.by

АЭС дапаможа ў развіцці турызму?

20.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасля аварыі на японскай АЭС "Фукусіма-1" давер да атамнай энергетыкі ў свеце знізіўся. Некаторыя развітыя краіны ўвогуле вырашылі адмовіцца ад выкарыстання "мірнага атама" і пераключыцца на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Ці не варта і Беларусі пайсці па тым жа шляху, тым больш што будаўніцтва АЭС можа пашкодзіць пастаўленай кіраўніком дзяржавы задачы развіваць Нарачанскую турыстычную зону?

— Рашэнне аб будаўніцтве АЭС застаецца нязменным, — падкрэсліў галоўны інжынер Дырэкцыі будаўніцтва АЭС Анатоль БОНДАР. — Пакуль што рана казаць, што папулярнасць АЭС у свеце падае. Сапраўды, некаторыя краіны карэктуюць сваю праграму ў атамнай энергетыцы — напрыклад, Германія. Яшчэ шэраг краін патрабуюць дадатковых рэвізій праектаў АЭС. Безумоўна, сусветная грамадскасць насцярожылася. Гэта факт. Але сур'ёзныя высновы пасля здарэння на "Фукусіме" зрабілі і спецыялісты — і праекціроўшчыкі, і наладчыкі, і спецыялісты па эксплуатацыі.

Ужо дакладна прааналізаваны вынікі аварыі ў Японіі. Я сам двойчы з таго часу наведаў Санкт-Пецярбургскі навукова-даследчы інстытут "Атамэнергапраект", які з'яўляецца генеральным распрацоўшчыкам праекта "АЭС-2006" для нашай беларускай атамнай станцыі. Там была праведзена самая сур'ёзная работа па праецыраванні падзей на "Фукусіме" на наш праект "АЭС-2006". Сцэнарый развіцця аварыі і яго наступствы для нас даследаваны да дробязяў.

Па словах галоўнага інжынера, нават праект 60-х гадоў, які быў выкарыстаны пры будаўніцтве "Фукусімы-1", паказаў добрую ўстойлівасць да землятрусу. Вырашальным стаў менавіта збег фактараў, верагоднасць якіх была ўлічана ў больш сучасных праектах.

— "АЭС-2006" — гэта сучасны праект павышанай бяспекі з аптымальным спалучэннем актыўнай і пасіўнай сістэм бяспекі. Я лічу, што рашэнне Беларусі будаваць атамную станцыю і развіваць у сябе атамную галіну — правільнае, і падзеі на адной станцыі, якая пацярпела ад збегу прыродных катаклізмаў (землятрусу і цунамі) не павінны спыняць нас.

Між іншым, прататып атамнага рэактара, які будзе ўстаноўлены на Беларускай АЭС, ужо тры гады паспяхова дзейнічае на Цяньваньскай атамнай станцыі ў Кітаі. Апроч таго, аналагічныя з нашым рэактары "АЭС-2006" будуць устаноўлены на двух энергаблоках Ленінградскай АЭС (ЛЭС-2) і Балтыйскай АЭС у Расіі.

Анатоль Бондар выказаў меркаванне, што атамная станцыя дапаможа ў развіцці турызму, бо для прыцягнення турыстаў першапачаткова трэба стварыць ім дастойныя ўмовы пражывання. І надзейная крыніца электраэнергіі толькі паспрыяе гэтаму.

— Рэспубліка Беларусь актыўна ўключылася ў працэсы па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі, — адзначыў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь КУЛІК. — Цяпер вядуцца работы па выяўленні пляцовак для размяшчэння аб'ектаў, якія выкарыстоўваюць аднаўляльныя крыніцы энергіі, будуюцца гідраэлектрастанцыі на Нёмане і Заходняй Дзвіне. Днямі адбыліся канчатковыя перамовы з нямецкай кампаніяй па будаўніцтве на Беларусі ветрапарку. Хоць у цэлым наша тэрыторыя не вельмі падыходзіць для сур'ёзнага развіцця ветраэнергетыкі, тым не менш, у нас ёсць шэраг пляцовак, дзе хуткасць ветру перавышае 4 метры за секунду, чаго дастаткова для эфектыўнай работы ветрака. Тым больш што сённяшнія праекты ветраэнергетычных установак прадугледжваюць размяшчэнне рабочых органаў на вышыні 200 метраў і дазваляюць эфектыўна выкарыстоўваць нашы рэсурсы. Ветрапарк — гэта пілотны камерцыйны праект. Мы спадзяёмся, што ён будзе паспяховым і мы далей станем развіваць гэты кірунак.

Дынамічна развіваецца ў рэспубліцы і энергетыка на мясцовых відах паліва (цеплавыя электрастанцыі на шчапе, торфе і г.д), актыўна ствараюцца біягазавыя ўстаноўкі (у бліжэйшы час плануецца пабудаваць 39 такіх установак). Ёсць нават пілотны праект па выкарыстанні геатэрмальнай энергіі, хоць тэрыторыя Беларусі таксама не вельмі эфектыўная ў гэтым плане. Усе магчымыя віды выкарыстання энергетычных рэсурсаў у краіне задзейнічаюцца, падсумаваў першы намеснік міністра. Іншая справа, што кілават-гадзіна ўстаноўленай магутнасці, атрыманая з дапамогай гідра-, бія- ці паветранай энергетыкі, нашмат больш затратная, чым у атамнай.

Гаворачы аб развіцці турыстычнай зоны, Віталь Кулік падкрэсліў, што атамная энергетыка — гэта найбольш чыстая энергетыка, і мадэляванне ў рамках АУНА (Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) усіх праектных аварый паказвае, што па-за межамі станцыі яны ўздзеяння аказваць не будуць.

Кожная краіна павінна мець надзейны базавы складальнік энергетыкі, дадаў Анатоль Бондар. Францыя, ЗША і многія іншыя развітыя краіны грунтуюцца ў першую чаргу на цепла-, гідра- і атамных электрастанцыях. І мы не павінны быць выключэннем. А гарманічным дадаткам выступяць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

...Шмат прэтэнзій і крытыкі ў сувязі з будаўніцтвам пад Астраўцом АЭС выказвае Літва, ківаючы на быццам бы сейсмічную ненадзейнасць абранай пляцоўкі.

— Сапраўды, па звестках вучоных, у гэтым раёне наглядаліся землятрусы да 5 балаў. Беларуская атамная станцыя разлічана на 7 балаў. Такім чынам, яна з пункту гледжання сейсмічнасці — бяспечная, — патлумачыў начальнік упраўлення экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр АНДРЭЕЎ. — А пастаянныя выпады літоўскага боку супраць будаўніцтва беларускай атамнай станцыі пераважна абумоўлены палітычнымі і эканамічнымі інтарэсамі Літвы.

Андрэеў нагадаў, што ў адным рэгіёне, апроч беларускай, плануецца будаўніцтва атамнай станцыі ў Калінінградскай вобласці і ў Польшчы. Адпаведна рынак збыту і інвестыцый для Вісагінскай АЭС, якую сабраліся пабудаваць самі літоўцы, сёння з'яўляецца праблематычным. Менавіта таму Літва ўсімі спосабамі імкнецца процістаяць будаўніцтву АЭС у сваім рэгіёне.

— Прэтэнзіі Літвы неабгрунтаваныя, — падкрэсліў Аляксандр Андрэеў. — Мы выканалі ў поўным аб'ёме ўсе палажэнні міжнароднай канвенцыі пры размяшчэнні і праектаванні АЭС. У той жа час мы зрабілі афіцыйную заяву аб тым, што Літва сама не вытрымлівае палажэнні канвенцыі пры размяшчэнні Вісагінскай атамнай станцыі. У прыватнасці, у справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольная асяроддзе не было ўказана, што станцыя будзе размешчана на разломе зямной кары і адпаведна неабходны аналіз уздзеяння на навакольнае асяроддзе, а таксама да гэтага часу ў нас няма ацэнкі сумарнага ўздзеяння на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь ад усіх аб'ектаў, якія плануюцца на гэтай пляцоўцы.

Нагадаем, што размяшчэнне Вісагінскай АЭС Літва плануе на адлегласці ўсяго 2,3 км ад мяжы з Беларуссю.

Інга МІНДАЛЁВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля аварыі на японскай АЭС "Фукусіма-1" давер да атамнай энергетыкі ў свеце знізіўся. Некаторыя развітыя краіны ўвогуле вырашылі адмовіцца ад выкарыстання...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика