Адказы на самыя вострыя пытанні. 21.by

Адказы на самыя вострыя пытанні

21.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

прагучалі ўчора на сустрэчы Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з журналістамі

Генпракурор расказаў, што абвінавачаныя пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы аб выбуху ў мінскім метро.

"Яны пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы 14 ліпеня", — растлумачыў генпракурор.

У некаторых СМІ ўжо агучваліся прозвішчы абвінавачаных па гэтай справе. Генеральны пракурор упершыню афіцыйна пацвердзіў, што гэта Канавалаў і Кавалёў. Рыгор Васілевіч таксама нагадаў, што ў 2009 годзе адзін з іх праходзіў тэрміновую ваенную службу і павінен быў здаць адбіткі пальцаў. Аднак гэтыя адбіткі не трапілі ў базу даных, што перашкодзіла раскрыць выбух, які прагрымеў у ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года ў Мінску. Таксама генпракурор паведаміў, што абодва абвінавачаныя 11 красавіка былі ў Мінску.

Па факце выбуху была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 289 "Тэрарызм" КК Беларусі. У якасці абвінавачаных па гэтай справе праходзяць два маладыя чалавекі 1986 года нараджэння — ураджэнцы Віцебска. Аднаму з іх таксама прад'яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 295 "Незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў" КК. Больш таго, адзін з фігурантаў абвінавачваецца ў ажыццяўленні выбухаў 14 і 22 верасня 2005 года ў Віцебску і ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года ў Мінску.

Акрамя таго, быў затрыманы міліцыянер, які ў 2009 годзе халатна паставіўся да сваіх абавязкаў. Паводле звестак следства, па яго віне адбіткі аднаго з абвінавачаных не трапілі ў базу даных. На гэтага супрацоўніка органаў унутраных спраў заведзена асобная крымінальная справа. "Адносна яго выбрана адна з мер стрымання", — адзначыў генпракурор. Ён таксама паведаміў, што менавіта судовыя органы будуць вырашаць, ці будзе пасяджэнне па гэтай справе праходзіць у адкрытым фармаце.

Крымінальная адказнасць для вадзіцеляў, якія паўторна на працягу года садзяцца за руль у нецвярозым стане, павінна быць камбінаванай, лічыць Рыгор Васілевіч.

Генпракурор адзначыў, што ў першай палове 2011 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць вадзіцеляў, якія селі за руль п'янымі паўторна на працягу года пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, павялічылася на 20 працэнтаў. Пры гэтым 85 працэнтаў такіх вадзіцеляў злоўлена менавіта на асабістым транспарце. Сярэдні памер штрафу для п'яных вадзіцеляў цяпер складае 300 базавых велічынь (адна базавая велічыня — Br35 тыс.). Аднак многіх не спыняюць такія штрафныя санкцыі. Рыгор Васілевіч не выключае, што адказнасць, якая прадугледжана арт. 317-1 КК "Кіраванне транспартным сродкам асобай, што знаходзіцца ў стане ап'янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжання праверкі (агляду)", можа быць павялічана. "Я лічу, што павінна быць камбінаваная адказнасць", — сказаў Рыгор Васілевіч. На яго думку, у якасці пакарання можа прымяняцца і штраф, і арышт.

Пытанні па рабоце журналістаў на вулічных акцыях будуць вырашацца пасля праверкі, якую праводзіць пракуратура.

"Цяпер у нас праводзіцца праверка. Па выніках гэтай праверкі будзем вырашаць пытанне", — сказаў генпракурор, нагадаўшы, што пракуратура нядаўна накіравала міністру ўнутраных спраў адпаведнае пісьмо. "Я адзначыў (у пісьме. — Заўвага БЕЛТА), што ў журналістаў ёсць правы і яны замацаваны ў законе аб СМІ, у тым ліку ў артыкуле 34. Таксама я падкрэсліў, што правы журналістаў не павінны парушацца", — сказаў Рыгор Васілевіч. Будзе пастаўлена пытанне аб дысцыплінарнай адказнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, калі яны парушылі закон. "Але і вы, журналісты, таксама павінны выконваць заканадаўства", — адзначыў генпракурор. Паводле яго слоў, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў выконваюць свае абавязкі, работнікі СМІ не павінны ім перашкаджаць.

Былы кіраўнік ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў" Ларан Арыніч у вышук не аб'яўляўся, паведаміў Рыгор Васілевіч. "Наколькі я ведаю, ён цяпер у Польшчы", — сказаў генпракурор і падкрэсліў, што пакуль няма звестак аб тым, што Арыніч ухіляецца ад яўкі ў следчыя органы. Рыгор Васілевіч пакуль не змог сказаць, каму менавіта прад'яўлена або будзе прад'яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе, звязанай з трагедыяй на "Пінскдрэве". Ён не выключыў, што гэта будзе некалькі чалавек. Акрамя таго, прыняты ўжо меры для таго, каб гэтыя людзі не змаглі распарадзіцца сваёй маёмасцю. Рыгор Васілевіч растлумачыў, што гэта можа дапамагчы кампенсаваць шкоду пацярпеламу боку. На яго думку, на "Пінскдрэве" ўдзялялася недастатковая ўвага пытанням аховы працы, "і здарылася тое, што здарылася..."

Генеральны пракурор таксама пракаментаваў інфармацыю наконт Беларускага металургічнага завода, якая распаўсюджвалася ў інтэрнэце. "Сітуацыя развіваецца ў крымінальным ключы", — сказаў генпракурор. Паводле яго слоў, у праваахоўных органаў ёсць пэўныя пытанні па некаторых службовых асобах гэтага прадпрыемства, больш падрабязная інфармацыя па гэтай тэме будзе паведамлена журналістам пазней.

БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
прагучалі ўчора на сустрэчы Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з журналістамі Генпракурор расказаў, што абвінавачаныя пачалі знаёміцца з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика