"І застаецца неўміручай песня...". 21.by

"І застаецца неўміручай песня..."

21.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Даўно я так не радавалася кнізе... Хіба што ў дзяцінстве

Калі Ніна Русаковіч — чалавек таленавіты, неардынарны, настаўніца рускай мовы і літаратуры, аўтар кніг пра А. Пушкіна і С. Ясеніна — падарыла мне новую "Пра песню народную, "Неруш" і Валянціну", якая незвычайна прыгожа аздоблена і багата ілюстравана, я не тое што прачытала, а "праглынула" яе за адзін дзень.

Выдавецтва БДУ разам з аўтарам зрабіла вельмі дарагі падарунак да 30-годдзя заслужанага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля "Неруш" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Упершыню ў друку Беларусі даецца поўны творчы партрэт калектыву і яго кіраўніка — заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Валянціны Фёдараўны Гладкай.

"Кніга выяўляе ўнікальны культуралагічны і гісторыка-дакументальны матэрыял, які падлягае далейшаму асэнсаванню новымі пакаленнямі даследчыкаў", — адзначыў прафесар кафедры беларускай народна-песеннай творчасці БДУ культуры і мастацтваў Уладзімір Зяневіч.

Дэвіз жыцця Ніны Русаковіч: "Любоў мая — Паэзія і Песня". Невыпадкова яна стала летапісцам ансамбля. Па-першае, яны з Валянцінай Гладкай — зямлячкі. Ніна — з вёскі Жукі, Валянціна — Праснакі Капыльскага раёна. Па-другое, ніводнаму самадзейнаму калектыву Беларусі пакуль не пашчасціла мець такога тонкага, глыбока зацікаўленага, неабыякавага і дасведчанага даследчыка.

Аўтар і "Неруш" цесна знітаваны, з'яўляючыся гарантамі беларускага адраджэння, духоўнай трываласці беларусаў, што пацвердзіла новая юбілейная праграма ансамбля, выкананая ў жанры народнага мюзікла "Вяселле ў Стараселлі".

Гэтае дзейства трэба бачыць. У праграме — песні, танцы, музыка. Запісана яна У. Раговічам, Г. Цітовічам, Т. Варфаламеевай, М. Сіратой, В. Гладкай, удзельнікамі ансамбля.

Набыўшы гэты фаліянт (з двума дыскамі, на якіх — беларускія песні і танцы з рэпертуару "Неруша"), атрымаеце вялікую асалоду.

Будзьма шанаваць свае аўтэнтычныя песні, якія ўзбагачаюць душу, бо яны захавалі чысціню нашых продкаў!

Хочацца прывесці радкі з "Зялёнага лістка на плане Зямля" слыннага паэта і празаіка Янкі Сіпакова, які, на вялікі жаль, заўчасна пайшоў з жыцця: "Народныя спевакі збераглі народную песню. А ўжо песня выратавала нашу мову, а яна, у сваю чаргу — дзяржаву, краіну, народ. Калі ёсць песня — значыць, жыве народ!"

Валянціна Луцэвіч—Скарынкіна.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даўно я так не радавалася кнізе... Хіба што ў дзяцінстве Калі Ніна Русаковіч — чалавек таленавіты, неардынарны, настаўніца рускай мовы і літаратуры, аўтар кніг пра...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика