Беларускія праварадыкалы. Ці ўдалося выкараніць праявы неанацызму на нашых футбольных стадыёнах?. 21.by

Беларускія праварадыкалы. Ці ўдалося выкараніць праявы неанацызму на нашых футбольных стадыёнах?

19.08.2011 13:54 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларускія праварадыкалы. Ці ўдалося выкараніць праявы неанацызму на нашых футбольных стадыёнах?


Нечаканыя нарвежскія тэракты, калі праварадыкальны тэрарыст Брэйвік узарваў і застрэліў дзясяткі чалавек, многіх прымусілі задумацца: ці жывуць людзі з падобнымі перакананнямі побач з намі?

Летась праявамі неанацызму вызначыўся беларускі футбол. Некаторыя праварадыкальныя футбольныя фэны, як і Брэйвік, не любяць эмігрантаў і гатовыя адстойваць свае перакананні кулакамі.

Ці можна сёння пабачыць на стадыёнах свастыкі і кельцкія крыжы, пачуць праварадыкальныя лозунгі? Пра гэта ў журналісцкім расследаванні "Звязды".

28 красавіка 2010 года, неанацысцкі плакат, які вывесілі некаторыя дынамаўскія фанаты.
 
5 жніўня 2011 года, так выглядае сектар фанатаў "Дынама-Мінск". Слядоў неанацызму не відаць.

АФІЦЫЙНА

Пракуратура даручае караць за экстрэмісцкую атрыбутыку і прапаганду хуліганстваў на фанацкіх сайтах.

"У межах работы па супрацьдзеянні экстрэмізму сярод футбольных фанатаў пракуратурай Гомельскай вобласці выяўлены інтэрнэт-сайт фанатаў футбольнага клуба "Гомель". Матэрыялы сайта прапагандуюць гвалт і хуліганскія дзеянні, — паведамляецца ў прэс-службе Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. — На даменным імені таксама знаходзіцца інтэрнэт-крама, якая займаецца ў тым ліку рэалізацыяй атрыбутыкі экстрэмісцкай накіраванасці.

Начальніку УУС Гомельскага аблвыканкама дадзена даручэнне аб правядзенні мерапрыемстваў па выяўленні ўладальнікаў і адміністратараў гэтага інтэрнэт-рэсурсу, па прыцягванні вінаватых асоб да адказнасці.

Па выніках праверкі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты спецыяліст па працы з заўзятарамі ФК "Гомель", які распаўсюджваў прадукцыю з выявамі, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці.



28 красавіка 2010 года на фанацкай трыбуне мінскага "Дынама" вывесілі банер з партрэтам Рудольфа Геса, партыйнага намесніка Адольфа Гітлера. Адбылося гэта падчас матча з "Віцебскам". Банер суправаджаўся надпісам "Твоя жизнь для нас — это верности пример".

Інцыдэнт здарыўся за 11 сутак да дня Перамогі. Клуб "Дынама" быў пакараны штрафам у 245 мільёнаў беларускіх рублёў (на той час каля 79 тысяч долараў ЗША).

Не менш гучны скандал здарыўся на хатнім стадыёне барысаўскага БАТЭ 14 ліпеня мінулага года. Праўда, тут ужо трывогу падняло кіраўніцтва барысаўскай дружыны, а не журналісты.

Невядомыя хуліганы падчас матча з ісландскім "Хабнарф'ёрдзюрам" узнялі шыльды з лічбамі 14 і 88 (спалучэнне гэтых лічбаў — культавы сімвал неанацызму). Знайсці і пакараць праварадыкалаў не змаглі.

Пасля гэтых інцыдэнтаў узмацнілася прапускная сістэма на трыбуны стадыёнаў. Сёння перад матчамі праваахоўнікі здымаюць на відэа сектары і не дазваляюць праходзіць на стадыён з "падазронай" сімволікай.

Журналіст "Звязды" ўзяўся праверыць, ці ўдалося такім чынам перавыхаваць фанатаў з ультраправымі перакананнямі.

Як купіць неанацысцкі сімвал за 45 тысяч беларускіх рублёў

Гісторыя з партрэтам Геса — не адзіны інцыдэнт, звязаны са скандальнымі банерамі фанатаў "Дынама—Мінск". У 2009 годзе Беларуская федэрацыя футбола забараніла блакітна-белым вывешваць транспарант з надпісам "Динамовцы — парни с белой кожей и голубых кровей". Футбольныя чыноўнікі палічылі, што "надпіс мае элементы абразлівага характару" (і небеспадстаўна, яшчэ Гітлер цвердзіў, што ў сапраўднага арыйца павінна быць белая скура і "блакітная" кроў).

Але той жа самы банер усплыў 19 лютага 2011 года ў Іспаніі, дзе гандбольнае "Дынама-Мінск" гуляла з мясцовым "Вальядалідам". Гасцявы матч трансляваўся па тэлеканале АНТ. Замежны аператар ухапіў план з некалькімі дынамаўскімі фанатамі, якія трымалі ў руках той самы абразлівы банер (інфармацыя пра гэты інцыдэнт друкуецца ўпершыню).
 
Купіць фанацкую атрыбутыку, на якой ёсць неанацысцкі "кельцкі крыж", журналіст "Звязды" змог у звычайным гандлёвым пункце

Таму, наведваючы ў межах журналісцкага расследавання матчы чэмпіянату Беларусі па футболе, менавіта дынамаўская трыбуна выклікала ў журналіста "Звязды" найбольшую цікавасць.

Такім чынам, жнівеньская гульня паміж мінскім "Дынама" і жодзінскім "Тарпеда" на стадыёне ў Кунцаўшчыне.

На фанацкай трыбуне мінчукоў — ніводнага абразлівага банера. За 90 хвілін гульні не прагучала ніякіх экстрымісцкіх лозунгаў. Тое самае тычылася і тарсіды з Жодзіна.

Каб не адзіны нюанс. У перапынку паміж таймамі на шаліку (ці "ружы", як гэты атрыбут называюць на слэнгу) у адной з фанатак блакітна-белых я пабачыў так званы кельцкі крыж — яшчэ адзін горача любімы неанацыстамі сімвал, забаронены УЕФА.

Можа, гэта старая атрыбутыка і набыць такую сёння немагчыма?

Каб праверыць гэта, на наступны дзень пасля згаданага матчу я выправіўся на рэчавы рынак сталічнага стадыёна "Дынама", падышоў да першага гандлёвага пункта з фанацкай атрыбутыкай, які трапіўся, — "Спартыўная вопратка". (Свой паход я незаўважна фільмую на відэакамеру.) Тут прадаюцца шалікі і футболкі з сімволікай розных беларускіх і заходнееўрапейскіх клубаў.

— Шалік "Дынама—Мінск" каштуе 45 тысяч, — рэкламуе тавар прадавачка і паказвае блакітна-белую "ружу", на якой — прыстойная сімволіка дынамаўцаў.

— Можа, у вас ёсць "ружа" з выявай кельцкага крыжа? Я бачыў такую на футболе...

— Не ведаю, вам, напэўна, патрэбна "хуліганка", — паказвае жанчына яшчэ два варыянты дынамаўскіх шалікаў, якія не вісяць на бачным месцы. — Ёсць звычайная, ёсць шаўковая.

Трасца мне ў бок! Абодва шалікі і сапраўды "ўпрыгожаны" неанацысцкімі кельцкімі крыжамі, на абодвух надпіс "ДИНАМО ХООЛИГАН" і некаторыя негазетныя лозунгі. Па словах прадавачкі, што такое кельцкі крыж, яна не ведае, а шалікі такія, па яе інфармацыі, прывозяць "ці то з Расіі, ці то з Польшчы". Іншай атрыбутыкі з кельцкім крыжам на гэтай "кропцы" не прадавалася.

Аддаю 45 тысяч і набываю на памяць шаўковую "хуліганку".

Раблю выснову, што набыць атрыбутыку з неанацысцкай сімволікай сёння магчыма проста на рынку.

Сталы заўзятар мінскага Дынама: "Праварадыкальныя праявы — гэта дзяцінства і юнацкі пратэст"

Каля адной з білетных кас стадыёна "Дынама" фатаграфую налепку, на якой — назва адной з фанацкіх груповак мінскага "Дынама" (BLUЕ WHІTЕ WІLL). Надрукаваны і адрас іх інтэрнэт-форума.

Стварэнне разнастайных фанацкіх груповак (ці так званых "фірмаў") — нармальная міжнародная практыка.

Але форум BLUЕ WHІTЕ WІLL спадабаецца не кожнаму прыстойнаму чалавеку. Сярод рознай інфармацыі сустракаюцца відавочныя праявы неанацызму: напрыклад, фотаздымкі, на якіх "зігуюць" (ускідваюць правую руку, як эсэсаўцы). Таксама на форуме змешчаны калаж з радыкальным тэкстам "Мы те, кто свою правоту доказывет кулаками", спасылкі на абразлівыя фотаздымкі ў адрас "ж..." (як аказалася, так некаторыя фанаты называюць прыхільнікаў бабруйскай "Белшыны") і г.д. Яшчэ на форуме змешчаны свастыкі, стылізацыі пад кельцкі крыж і многае іншае.

Аднак такія праварадыкальныя схільнасці не тычацца абсалютна ўсіх фанатаў мінскага "Дынама". На некаторых інтэрнэт-форумах сталічнага клуба неанацысцкія і шавіністычныя погляды часам аспрэчваюцца і крытыкуюцца.

Сустракаюся жыўцом з даўнім заўзятарам блакітна-белых. Васіль актыўна падтрымлівае "Дынама" яшчэ з 1986 года. Пытаюся пра леташнія інцыдэнты на фанацкай трыбуне, пра скандальную атрыбутыку і яго ўласнае стаўленне да праяў праварадыкальных ідэй.

— Па-сапраўднаму ідэйных неанацыстаў сярод нашых фанатаў няма, — пераконвае мяне Васіль. — Гэтыя адзінкавыя праявы, пра якія ты кажаш, — дзяцінства і дурнота. Юнацкі пратэст. Усё гэта з узростам мінецца. Думаю, нават калі нехта разгарнуў на трыбунах банер з нацыстам Рудольфам Гесам, то амаль ніхто не ведаў, хто такі Гес...

Цікавае супадзенне, але падчас матча "Дынама" — "Тарпеда" на нейтральнай трыбуне я пазнаёміўся з заўзятарам блакітна-белых Андрэем. Хлопец сцвярджаў, што некалькі сезонаў наведваў фанацкі сектар і непасрэдна трымаў той самы скандальны банер з Гесам.

— Далі ў рукі — я і трымаў. Там жа не было напісана, што гэта намеснік Гітлера. Толькі партрэт і даты жыцця. Халера яго ведае, хто гэта, — узгадваў Андрэй. — Раз далі — значыцца, нехта нармальны. А тут вунь які кіпеж падняўся. Пасля гэтага на фанацкую трыбуну перасталі хадзіць сябры, маўляў, там шмат малалетак, і я стаў хадзіць на звычайную трыбуну...

Фотаздымкі і песні ультраправых фэнаў "БАТЭ" свабодна "вісяць" у інтэрнэце

Ці была леташняя дэманстрацыя лічбаў 14/88 адзінкавым выпадкам хуліганства ў выкананні фэнаў барысаўскага "БАТЭ"?

Сёлета я неаднойчы наведваў матчы з удзелам жоўта-сініх у Лізе Еўропы, Лізе чэмпіёнаў і ў чэмпіянаце Беларусі.

Але праяў неанацызму на трыбунах не заўважыў: ні расісцкіх крычалак, ні сімволікі, забароненай УЕФА.

Гэты фотаздымак з некаторымі фэнамі БАТЭ быў выстаўлены ў інтэрнэт 17 кастрычніка 2010 года. Некаторыя фанаты маюць шалікі з "кельцкімі крыжамі і "зігуюць".
 
Падчас некалькіх хатніх матчаў "БАТЭ" я папрасіў барысаўскіх фатографаў цалкам адфільмаваць фанацкія сектары. Але нічым падазроным трыбуны не вызначыліся.

Праглядаю папулярную інтэрнэт-суполку "ФК БАТЭ (Борисов)", якая створана на базе сацыяльнай сеткі vkоntаktе.ru. У суполцы больш за 10 тысяч удзельнікаў.

На сцяне суполкі, каб усе бачылі, я змясціў пост: "Цікава, сярод жоўта-блакітных фанатаў яшчэ засталіся нацы?" На гэта пытанне адрэагавалі ўжо праз 11 хвілін. Адпісаліся некалькі чалавек.

Ігар Я.: Вядома, засталіся! А куды яны павінны былі падзецца?

Яўген Валошын: Але на стадыёнах няма ніякай неанацысцкай сімволікі. Што, нацы-фэны сядзяць, як мышы, і не высоўваюцца?

Андрэй Л.: Папросту фанаты БАТЭ (якія нацы) не хочуць шкодзіць клубу і разумеюць, што з-за разнастайнай нацатрыбутыкі клуб можа атрымаць буйны штраф.

Аляксандр Н.: Ты зусім здурнеў? Нашто такія тэмы ў інтэрнэце падымаць? Ці ты чакаў, што зараз табе тут поўны спіс выкладуць?

Яшчэ адзін удзельнік суполкі скінуў мне спасылку на барысаўскі рэп-гурт Y.B.Hооlіgаns ("Жоўта-сінія хуліганы"). Назвы калектыву, мяркуючы па ўсім, узнікла ад клубных колераў БАТЭ. Іншых футбольных клубаў у горадзе няма.

Першая кампазіцыя барысаўскіх рэпераў, якую заўважыў, называецца "Зіга". Як ужо пісалася, так на фанацкім слэнгу называюць гітлераўскае вітанне — рука, ускінутая ўгору, з выпрастанай далонню.

Прывяду ўрывак з кампазіцыі "Зіга":

"Зигу" всем правым и преданным команде фанам, 
Тем, кто коллекционирует на теле шрамы, 
Заядлым хулиганам, кто идет по теме с нами
Шаг за шагом, нога в ногу, сталкиваясь дружно лбами...

Разглядаючы фотаальбомы тых жоўта-блакітных фэнаў, якія не ўтойваюць сваіх праварадыкальных поглядаў, я пабачыў даволі скандальныя фотаздымкі. На некаторых фота прысутнічаюць хуліганы з заматанымі тварамі, якія ўскідваюць "зігу" і маюць жоўта-блакітныя шалікі з выявамі кельцкіх крыжоў. Фотаздымкі выстаўляліся ў інтэрнэт не пазней за 17 кастрычніка 2010 года. У альбомах за 2011 год падобных фота я не знайшоў.

Чаму на беларускіх стадыёнах у радыкалаў амаль няма шанцаў?

Назіраючы з трыбун за матчамі чэмпіянату Беларусі па футболе (хто б ні гуляў), вы наўрад ці сутыкняцеся з праявамі неанацызму. Ды і ці магчыма гэта, калі часам на пяцярых футбольных фанатаў прыходзіцца адзін спецназавец, які пільна сочыць за паўпустым сектарам. Пры гэтым цябе, фанат ты ці просты заўзятар, у лоб здымаюць на відэакамеру. Як зэка ў вязніцы.

Так, на матчы ФК "Мінск" і гродзенскага "Нёмана", які праходзіў на сталічным стадыёне "Дынама" 31 ліпеня, прысутнічала каля 60 фанатаў ад гаспадароў і каля 40 фанатаў ад гасцей. Плюс сотні рахманых заўзятараў на трыбунах. І гэта на стадыёне, які змяшчае пад 40 тысяч чалавек! Натуральна, нават самы зацяты праварадыкальны экстрыміст дзюбу ў такіх умовах асабліва не высуне. Аднак гэта не азначае, што некаторыя хуліганы не выношваюць у галовах праварадыкальных ідэй.

У першым туры футбольнага чэмпіянату Беларусі адзін з фанатаў ФК "Мінск" выбег на поле. Фотааб'ектывы зафіксавалі на шыі ў хулігана ўпрыгожанне, стылізаванае пад "Жалезны крыж" — яшчэ адзін атрыбут неанацыстаў, які карыстаецца папулярнасцю ў групоўках амерыканскіх, англійскіх, нямецкіх і нават мангольскіх праварадыкалаў.

Таму дапускаю, што сярод заўзятараў многіх беларускіх футбольных клубаў ёсць прыхільнікі праварадыкальных ідэй. Ці хаця б тыя, што гэтым ідэям спачуваюць.

Фэны розных футбольных клубаў ("Нёман-Гродна", "Партызан-Мінск", "БАТЭ-Барысаў", "Тарпеда-Жодзіна" і інш.), з якімі мне ўдалося паразмаўляць, цвердзілі, што пасля таго, як праваахоўныя органы звярнулі пільную ўвагу на фанацкія сектары, то праявы ўльтраправых ідэй з трыбун зніклі.

Але ці выкараніліся яны ў некаторых з галоў?

Самая масавая фанацкая бойка здарылася паміж "фа" і "антыфа"?

Ці можа беларускі футбольны хуліган учыніць беспарадкі і арганізаваць пабоішча? Калі вы думаеце, што не, то памыляецеся.

Відэазапісы арганізаваных у Беларусі "стыкаў"(так фанаты называюць бойкі сценка на сценку паміж рознымі групоўкамі) вывешваюцца ў інтэрнэце. І пасля прагляду некаторых боек разумееш, што пераломы, кроў, рэанімацыі — усё гэта можна распавесці і пра беларусаў.



30 жніўня 2009 года непадалёк ад Дома міласэрнасці ў сталіцы здарыўся адзін з самых жорсткіх "стыкаў" у гісторыі беларускага футбола. Прынамсі, так гэтую бойку ацэньвалі некаторыя чыноўнікі з Міністэрства ўнутраных спраў. Групоўка футбольных хуліганаў-антыфашыстаў, якія падтрымліваюць мінскі "Партызан" (яшчэ яны называюць сябе "МТЗ"), пабілася з "калегамі" ад мінскага "Дынама". У інтэрнэце ёсць яскравае відэа "стыку", у якім сышлося больш за 100 чалавек.



Футбольныя хуліганы абодвух клубаў выстраіліся ў шэрагі і пад крыкі "Забі, тушы!" сышліся ўрукапашную. Паляцелі дымавыя фаеры, сыпаліся ўдары і ног, і рук. Па тых, хто страціў ад аплявух раўнавагу, тапталіся.

Відэакамера фіксавала, як некаторыя акрываўленыя футбольныя хуліганы, скурчыўшыся, ляжалі на бруку. Нехта быў без прытомнасці. У выніку некаторыя ўдзельнікі "стыку" трапілі ў шпіталі. Некаторым спатрэбілася рэанімацыя...

У мінулым сезоне сталічны "Партызан" вылецеў у першую лігу футбольнага чэмпіянату. Але хуліганы-антыфашысты праз гэта не сцішыліся.

18 чэрвеня гэтага года яны сарвалі канцэрт ультраправых выканаўцаў у мінскім клубе "Салтайм". Дарэчы, выступаць там павінны былі і рэперы з барысаўскага гурта Y.B.Hооlіgаns, якія зачытваюць пра "зігу".

А 10 ліпеня фанаты "Партызана" і "Дынама" зноў пабіліся, побач са стадыёнам "РЦАП-БДУ", дзе гулялі дублюючыя склады. Праўда, на гэты раз ніхто ў рэанімацыю не трапіў, а міліцыя затрымала пад дзве сотні чалавек.

Ці сведчыць гэтае фанацкае супрацьстаянне пра тое, што з футбольных трыбун радыкалізм перакідваецца на вуліцы? Меркаванне на гэты конт журналісту "Звязды" выказаў адзін з завадатараў хуліганскай групоўкі "МТЗ" Р.

Для гэтага чалавека вулічныя бойкі за гонар свайго клуба — своеасаблівы маральны адпачынак ад бізнэсу. Хлопец прыехаў на сустрэчу ў аўтамабілі класа люкс.

На маё дзіва, хуліган з антыфашысцкай групоўкі не стаў абвінавачваць "ворагаў" у схільнасці да нацызму і скардзіцца, што Беларусь патанае ў "карычневай чуме".

"Аднаму з нашых прапаролі бок, аднаму з "нацы" прабілі галаву"

— Я лічу, што сапраўдных фашыстаў у нас амаль няма. Расісцкія сімвалы на трыбунах — гэта была банальная мода, — дзеліцца футбольны хуліган Р. уласнымі высновамі. — А зараз сітуацыя мяняецца. У Заходняй Еўропе новая мода — на антыглабалізм. Мне здаецца, што гэта прыйдзе і да нас.

Я не лічу сябе ідэйным антыфашыстам. Хоць такіх сярод футбольных хуліганаў нашага клуба хапае. Для мяне важныя колеры майго клуба.

Я такі ж, як і многія іншыя жыхары нашай краіны, якія не вітаюць ідэй Гітлера. Бо як мне можа гэта падабацца, калі мой дзед ваяваў на ўсіх магчымых войнах і быў паўсюль героем? Ды і праблем з эмігрантамі ў Беларусі няма.

Вось у Расіі хапае прычын для неанацызму. Нядаўна я правёў у аэрапорце "Шарамецьева" тры гадзіны. І мяне беспрычынна абразілі таксісты-каўказцы. Магчыма, калі б я жыў у Маскве, то і сам выступаў бы супраць такіх.

— Але і ў Беларусі супрацьстаянне "нацы" і "антыфашыстаў" існуе. Я сам бачыў, як у 2005 годзе парэзалі хлопца на антыфашысцкім канцэрце...

— Такое часам здараецца. Месяцы два таму, напрыклад, нашы хлопцы ў мікрараёне Уручча адсачылі некалькіх "баноў" (так антыфашысты называюць фанатаў, якія лічаць сябе "нацы". —Аўт.). Тыя дасталі нажы. Аднаму з нашых прапаролі бок, давялося зашываць. "Баноў" жорстка збілі, аднаму з іх праламалі галаву... Але такое здараецца нячаста, таму што ў Беларусі за ўдар па твары можна атрымаць тэрмін. Вось у Расіі... Я ўдзельнічаў у міжнародных бойках і ведаў траіх расіян-антыфашыстаў — Фядзяя, Ваню Касталома і Дзіму Галаву. Дваіх зарэзалі, аднаго застрэлілі... У Расіі ахвяры, у параўнанні з Беларуссю, несупастаўныя.

У нас такога няма. Я лічу, што калі ў нас і адбываліся адзінкавыя акцыі супраць антыфашыстаў, дзе рэзалі людзей, гэта хутчэй за ўсё рабілі небеларусы.

— Ваша фанацкая групоўка таксама выглядае радыкальнай. Адзінае відавочнае адрозненне ад так званых "баноў", што вы катэгарычна не прымаеце неанацысцкіх ідэй...

— Так.

— Ці могуць ад футбольных хуліганаў пацярпець выпадковыя людзі?

— Гэта выключана. Хуліганаў цікавіць спартыўны азарт. Бойкі адбываюцца выключна з падобнымі сабе. Таму пераважная большасць далёкіх ад футбола людзей пра нас увогуле не ведае. Я не чуў пра выпадкі, калі ад футбольных хуліганаў у Беларусі нехта сур'ёзна пацярпеў...

Фанаты іншых клубаў, з якімі мне ўдалося паразмаўляць, пагаджаліся, што "стыкі" ў Беларусі здараюцца, але іх фармат — "фа" супраць "антыфа" — пачынае губляць актуальнасць.

— У Заходняй Еўропе б'юцца за колеры свайго клуба, а не за палітычныя погляды. Так будзе і ў нас. Толькі да нас даходзіць, як да жырафы, — адзначыў адзін з фэнаў мінскага "Дынама".

***

Цягам падрыхтоўкі гэтага журналісцкага расследавання я пераканаўся, што тыя неанацысцкія скандалы, якія ў мінулым футбольным сезоне трапілі ў прэсу, — гэта толькі частка рэчаіснасці.

Як бачыце, атрыбутыку з неанацысцкай сімволікай нескладана купіць на беларускім рынку, а праварадыкальная ідэалогія развіваецца на некаторых інтэрнэт-форумах. У гонар прыхільнікаў неанацызму запісваюцца песні.

І гэта толькі футбольная сфера.

Пры гэтым як толькі праваахоўныя органы ўсталявалі татальны кантроль за трыбунамі, неанацысцкія лозунгі адсюль зніклі. Але ці зніклі думкі і праварадыкальныя перакананні некаторых фэнаў?

І хто ведае, ці не выношвае нехта з прыхільнікаў неанацызму які-небудзь нечаканы план?

Р.S. Усе да аднаго факты, прыведзеныя ў гэтым матэрыяле, пацвярджаюцца фота, відэа- і аўдыёматэрыяламі.

Фота аўтара, газеты "Прессбол" і з сацыяльных сетак. 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нечаканыя нарвежскія тэракты, калі праварадыкальны тэрарыст Брэйвік узарваў і застрэліў дзясяткі чалавек, многіх прымусілі задумацца: ці жывуць людзі з падобнымі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика