Фатограф з Масквы Віталь Раскалаў: "У тунэлі вашага метро мы трапілі з боку дэпо, дзе ўязджаюць цягнікі". 21.by

Фатограф з Масквы Віталь Раскалаў: "У тунэлі вашага метро мы трапілі з боку дэпо, дзе ўязджаюць цягнікі"

10.09.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Так званыя руферы-дыгеры, якія арганізавалі скандальную фотасесію ў Мінску, сказалі журналісту "Звязды", што яны — з Украіны, Узбекістана і Беларусі. Кім аказаліся маладыя людзі?

На дахі якіх будынкаў яны не адважыліся караскацца?

Пра гэта чытайце ў нашым артыкуле.

Маладыя фатографы з Расіі ўскараскаліся на асвятляльныя мачты нацыянальнага стадыёна "Дынама" ў сталіцы, арганізавалі фотасесію на даху каля Міністэрства абароны і пераначавалі ўнутры вежы-гадзінніка насупраць КДБ.

Кожны свой экстрэмальны крок па Мінску расіяне фатаграфавалі. У выніку адзін з іх, 18-гадовы жыхар Масквы Віталь Раскалаў, уначы сёмага верасня выклаў 46 скандальных фотаздымкаў Мінска ў свой блог.

За лічаныя гадзіны гэты матэрыял разляцеўся па сацыяльных сетках і трапіў у СМІ.   Віталь Раскалаў.

Ужо ўдзень сёмага верасня на "подзвігі" фатографаў адрэагаваў намеснік начальніка ўпраўлення правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Іван Кубракоў: <І>"Калі інфармацыя пацвердзіцца, будзем разбірацца, будзем прымаць дадатковыя меры бяспекі..."

Фотасесія ўзрушыла і раззлавала многіх чыноўнікаў. Колькі месяцаў таму ў сталіцы здарылася катастрофа (выбух у метро, калі загінулі 15 чалавек), а юная кампанія з Расіі цяпер бесперашкодна трапіла ў тунэлі нашага метрапалітэна. Пабылі на станцыі, якая будуецца, трапілі і туды, дзе ўжо ходзяць цягнікі. "Сюды патрапіць не лёгка, а вельмі лёгка", — рэзюмуе ў сваім блогу Віталь Раскалаў.

Знялі фатографы і беларускі Дом урада, з даху будынка, што стаіць насупраць.

"Любы снайпер можа сюды лёгка прабрацца", — так быў падпісаны яшчэ адзін фотаздымак.

Так за дзень блог жыхара Масквы Віталя Раскалава наведалі дзясяткі, а то і сотні тысяч чалавек.

Навошта расіяне здымалі Мінск? Ці не аперацыя гэта замежных спецслужбаў? Як кампанія ўвайшла ў тунэлі метро і куды блогеры не дайшлі? Пра гэта Віталь Раскалаў распавёў у інтэрв'ю журналісту "Звязды".

"У метро мы трапілі з боку дэпо, дзе ўязджаюць цягнікі"

Такіх фатографаў называюць руферамі-дыгерамі (тыя, што лазяць па дахах і дакопваюцца да падземных аб'ектаў). Тройца прыехала ў Мінск цягніком. Руферы-дыгеры прабылі ў нашай сталіцы трое сутак. Начавалі на дахах дамоў і ў вежы-гадзінніку насупраць КДБ.

— Віталь, многіх турбуе, якім чынам вы патрапілі ў наша метро?

— З боку дэпо, дзе ўязджаюць цягнікі ў тунэлі. Усё проста. А на станцыю "Грушаўка", якая будуецца, увайшлі праз вентыляцыйныя ствалы.

—Няўжо не натрапілі на ахоўнікаў? На сабак?

—Ахоўнікі, можа, і былі, але мы нікога не бачылі. Станцыя пустуе. Трапілі мы туды ўвечары. У Маскве, напрыклад, метро ахоўваецца вельмі сур'ёзна, патрапіць туды складана: стаіць па некалькі пастоў. Я магу расказаць, што трэба зрабіць, каб у метро вось так проста ніхто не патрапіў.

— Ёсць інфармацыя, што следчыя з вамі ўжо звязваліся. Вы з імі падзяліліся сваімі парадамі?

— Са мной пакуль толькі журналісты звязваюцца. Не чакаў, што падымецца такі шум. У іншых гарадах Расіі і Украіны здымалі і больш недасягальныя месцы. І ніхто не звярнуў на гэта ўвагі.

— Вашы фотаздымкі не толькі скандальныя, але і прыгожыя — хоць паштоўкі выпускай. Ці спадабаўся вам Мінск?

— Вельмі прыгожы горад і, самае галоўнае, чысты . З самымі, напэўна, нізкімі цэнамі на тэрыторыі СНД.

Такія ж фотасесіі руферы-дыгеры з Расіі ладзілі ў дзясятках гарадоў

— Ёсць меркаванне, што вы — агенты спецслужбаў, якія прыехалі дэстабілізаваць абстаноўку...

— Смешна. Агенты спецслужбаў з Украіны, Узбекістана і Беларусі. У нашай кампаніі ўсе жартуюць: "Беларускія ўлады шукаюць трох расійскіх блогераў з Узбекістана, Украіны і Беларусі". Здымкі я раблю ў першую чаргу для сябе, і часам іх нават купляюць...

Блогеры з Расіі сапраўды мала падобныя да нейкіх замаскіраваных спецагентаў. Свае старонкі ў сацыяльных сетках яны не ўтойваюць. Іначай як паказваць сваю фотатворчасць масам?

Сам Віталь Раскалаў (яму 18 гадоў) — родам з Кіева. Гэтым летам ён паступаў у Расійскую акадэмію народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце РФ.   Кірыл В

Віталь адмініструе суполку ў сацыяльных сетках, якая мае назву "Хой страница". У апісанні суполкі ці то жартам, ці то на поўным сур'ёзе пазначана, што ўдзельнікі любяць выпіць "на даху будынкаў ці ў аб'ектах метро". Дастаткова фотаздымкаў, на якіх Віталь з аднадумцамі то з бутэлькай піва, то з чаркай.

Другі фатограф — 20-гадовы Кірыл В., студэнт Маскоўскага аўтамабільна-дарожнага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. У сацыяльных сетках пазначана, што да 2005 года Кірыл жыў у Ташкенце (ці не адсюль словы Віталя Раскалава пра Узбекістан?).

Трэцяя гераіня мінскай фотасесіі — Воля Панькова, студэнтка Новасібірскай дзяржаўнай архітэктурна-мастацкай акадэміі. Магчыма, менавіта яе меў на ўвазе Віталь Раскалаў, калі казаў пра блогера з Беларусі. Але доказаў таго, што Воля — этнічная беларуска, няма.

Як бачыце, усе трое фатографаў — не маргіналы і адмарозкі. Яны, нягледзячы на некаторыя кампраметуючыя фотаздымкі, актыўныя і цікаўныя маладыя людзі, якія маюць нятанную фотатэхніку, навучаюцца ў ВНУ. А фотаздымкі на алкагольную тэматыку, верагодна, звычайнае ўзроставае пазёрства.

Асабіста мне не сустракаліся недаразвітыя асобы, якія маглі б выканаць такі ж грунтоўны фотапраект, як гэта тройца.

Падкрэслю, што падобныя фотасесіі руферы-дыгеры на чале з Віталем Раскалавым праводзілі і ў іншых гарадах СНД — У Адэсе, Маскве, Піцеры, Казані, Кіеве і г.д.

Ці ёсць нейкая карысць ад скандальных фота?

Можна зразумець, чаму ў праваахоўных органах так балюча ўспрынялі "подзвігі" руфераў-дыгераў.

Па-першае, Віталь Раскалаў кпіў з некаторых беларускіх палітыкаў, мацюкаўся ў сваім блогу. Да таго ж тройца тры дні парушала парадак, чым ва ўзгаданым блогу неаднойчы хваліўся аўтар.

Аднак госці з Расіі не перайшлі пэўных межаў. Напрыклад, Віталь Раскалаў распавёў журналістам пра тое, што пабачыў (напрыклад, як можна залезці на дах Дома ўрада, але ж не стаў гэтага рабіць).

Напэўна, няма нічога страшнага і ў тым, што блогер сфатаграфаваў вежу каля будынка Міністэрства абароны, зрабіў маляўнічыя фотаздымкі Мінска з дахаў шматпавярховікаў. На гэтыя дахі можа ўскараскацца любы чалавек. Ці не было б ідыятызмам выстаўляць міліцыянера ля кожнага будынка — хай сабе шматпавярховік стаіць насупраць КДБ? Я бачыў будынкі сілавых ведамстваў у Празе, Вільні, Варшаве, Рыме. І паверце, там на дахі суседніх будынкаў таксама можна ўскараскацца і зрабіць такую ж фотасерыю.

А зараз пра тое карыснае, што зрабілі руферы-дыгеры. У ідэале праца журналіста, фатографа, блогера павінна не толькі інфармаваць і забаўляць, але ў першую чаргу — паказваць на памылкі. Метрапалітэн — гэта стратэгічны аб'ект, які павінен пільна ахоўвацца. Вось руферы і выклалі на сподачку прабелы ў ахове мінскага метро.

Цікава і тое, што дзякуючы скандальным фотаздымкам і допісам фатографаў мы можам разумець, што маладыя расіяне думаюць пра беларусаў і Мінск.

Яўген ВАЛОШЫН.

Чым праславіліся руферы-дыгеры ў Расіі?

Сэнс гэтага нефармальнага руху — прабірацца на дахі хмарачосаў, падманваючы кодавыя замкі і кансьержак. Пры гэтым робяцца фота, якія выстаўляюцца ў інтэрнэт. Таксама руферы залазяць на вяршыні мастоў, на пражэктары стадыёнаў, трапляюць у тунэлі метро.

У інтэрнэце ёсць неправераная інфармацыя пра тое, што Віталь Раскалаў ускараскаўся на Зімовы палац у Санкт-Пецярбургу. Але быў адтуль спушчаны і затрыманы на некалькі гадзін. Таксама Віталь, паводле неправеранай інфармацыі, фатаграфаваў маскоўскі Крэмль, з даху высотнага будынку насупраць. Пасля таго, як фотасесія трапіла ў інтэрнэт, узгаданы дах перагарадзілі калючым дротам і выставілі там відэакамеры.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так званыя руферы-дыгеры, якія арганізавалі скандальную фотасесію ў Мінску, сказалі журналісту "Звязды", што яны — з Украіны, Узбекістана і Беларусі. Кім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика