Беларуска, якая падчас тэракта 9/11 знаходзілася ў адной з вежаў WTC: "А пасля будынак склаўся як картачны домік". 21.by

Беларуска, якая падчас тэракта 9/11 знаходзілася ў адной з вежаў WTC: "А пасля будынак склаўся як картачны домік"

11.09.2011 12:56 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларуска, якая падчас тэракта 9/11 знаходзілася ў адной з вежаў WTC: "А пасля будынак склаўся як картачны домік"


11 верасня 2001 года адбыўся тэракт у Нью-Ёрку. "НН" размаўляе з беларускай, якая падчас тэракта знаходзілася ў вежах, але здолела ўратавацца.
 
10 гадоў таму ў Нью-Ёрку адбыўся адзін з найбуйнейшых тэрактаў у гісторыі свету — два самалёты, захопленыя тэрарыстамі, ўрэзаліся ў будынкі Сусветнага гандлёвага цэнтра. Тады ў Нью-Ёрку загінула 2606 чалавек. "НН" паразмаўляла з былой жыхаркай Беларусі Маргарытай Міхно, якая працавала ў адной з вежаў Сусветнага гандлёвага цэнтра і паспела выратавацца з 56-га паверха.
 
НН: Раскажыце, дзе вы знаходзіліся падчас тэракту? Чым запомніўся той дзень?

Маргарыта Міхно:
Той дзень пачаўся для мяне вельмі рана — а сёмай раніцы я ўжо была ў машыне. Часам, летам, калі надвор’е было добрым, мы з мужам выходзілі з дому раней, і праз дваццаць хвілін ён высаджваў мяне ля Бэтэры-Танэл, што за 10 хвілінаў ад Сусветнага гандлёвага цэнтра, дзе я працавала ў Паўднёвай вежы. Плошча ля вежаў напоўнілася зранку людзьмі з газетамі і кавай — праца ў офісах пачыналася а дзявятай, але пасля восьмай знайсці месца ля фантана на плошчы было ўжо немагчыма. У той ранак я вырашыла не ісці на плошчу, хаця рабіла так заўжды, а пайсці да Гудзона — там спакойна, а ў мяне з сабой была цікавая кніга. На Гудзоне было сонечна і дзьмуў лёгкі ветрык, які, магчыма, і падняў мяне на 15 хвілін раней — я купіла банан і паднялася на 56-ы паверх. Гэта было а 8.45 — за пятнаццаць хвілін на ліфт было б ужо не ўбіцца, бо асноўная частка людзей прыходзіла да дзявятай. У офісе ў 8.45 была недзе чвэрць супрацоўнікаў. Я працавала тады ў кампаніі Морган Стэнлі — мы займалі дваццаць два паверхі, ад 56-га і вышэй.

НН: Што вы адчулі ў момант сутыкнення самалёта і будынка?

ММ:
І вось у 8.45 я уключыла камп'ютар. І тут яно здарылася. Гук надзвычайнай магутнасці — я нават не паспела спалохацца, настолькі яно было нечакана. Першая думка — на верхніх паверхах нешта з электрычнасцю. Пабегла да акна, залезла на стол і ўбачыла, што дахі суседніх будынкаў пакрытыя аскепкамі, абломкамі і паперамі. Вельмі шмат паперы ў паветры — як быццам нехта высыпаў тону канфеці. Зразумела было адно — наверсе выбухнула нешта вельмі вялікае і трэба хутка ўцякаць.
 
НН: Як удалося ўратавацца?

ММ:
Я і мой сусед Нэльсан ускочылі ў ліфт, які ішоў на 43-і паверх (гэта так званы "лакальны ліфт") Там мы і даведаліся, што на 73 паверсе выбух (глупства, аднак нехта ўжо паспеў пусціць чуткі). На 43-м паверсе знаходзіліся экспрэсы — "ліфты-накапляльнікі", у якім маглі ехаць да ста чалавек. Адразу пасля выбуху іх адключылі, і нам сказалі спускацца па лесвіцы — у мэтах бяспекі. Плыня людзей была агромнай — на верхніх паверхах людзі не рызыкнулі сесці у лакальныя ліфты. Лесвіцы вузкія — на два чалавекі, не болей. Ішлі павольна, моўчкі — пакуль праз гучную сувязь не аб’явілі, што "здарэнне" адбылося ў суседнім будынку і трэба вяртацца. Мы спыніліся, і пачалася такая нервозная атмасфера — пару хвілінаў мы не рухаліся. Адзінае жаданне ў мяне было — як мага хутчэй трапіць на вуліцу. Ніхто, прынамсі каля мяне, на рэкамендацыі не зрэагаваў і мы пачалі спускацца далей. Мы былі амаль унізе, калі раздаўся грукат, разоў у пяць мацнейшы за папярэдні. Цяпер мы не сумняваліся — у будынку закладзеныя бомбы — наступная можа выбухнуць у любы момант, дзе заўгодна. Пачалася паніка. Усе выхады на вуліцу, акрамя самага дальняга (які вёў у метро), былі зачыненыя — і машыніст падземкі крычаў, "гэта апошні цягнік — болей не будзе". Менавіта ў цягніку мы пачулі іншую версію — у будынак урэзаўся самалёт "Амэрыкан Эйрлайнз".
 
НН: Ці бачылі вы, як абрынуліся будынкі?

ММ: А 9.15, на наступным прыпынку цягніка, я выйшла паглядзець, што адбылося — у двух агромністых будынках былі дзве гіганцкія дзіркі. Паліцыя перакрыла раён і не дазваляла набліжацца да будынкаў. Мы стаялі і глядзелі, як другая вежа складвалася як картачны дамок, хмара з пылу атачыла яго і стала рухацца ў наш бок — мы з крыкамі кінуліся ўцякаць і спыніліся толькі праз хвілін пятнаццаць, калі ўпэўніліся, што небяспека мінула. А яшчэ за пятнаццаць хвілін першая вежа гэтаксама склалася ў нас на вачах.
 
НН: Ад чаго залежыла магчымасць уратавацца?

ММ: Гэта залежыла ад паверха, на якім ты знаходзіўся. У першай вежы сутыкненне адбылося ў раёне дзевяностых паверхаў. Усе, хто знаходзіўся ніжэй, калі выхады на лесвіцу не былі заваленыя (а такое цалкам магло быць верагодным), мелі час каб спусціцца. Паўночная вежа абрынулася а 10.00. У нашай вежы сітуацыя была больш складанай — сутыкненне было нашмат ніжэйшым, і некаторыя людзі, якія ішлі з верхніх паверхаў, апынуліся на лесвіцы ў пункце ўдару якраз у момант сутыкнення.
 
НН: Ці адразу вы зразумелі, што гэта — тэракт?

ММ: Пасля першага ўдару ніхто бадай што не думаў пра тэрарызм. Зрэагаваць дапамаглі пастаянныя інструкцыі, што рабіць у выпадку экстрэннага здарэння. Асноўны ўпор рабіўся на тое, каб адразу пакінуць будынак па лесвіцы, пазбягаючы ліфтаў, якія ў выпадку пашкоджанняў могуць апынуцца пасткай. Гэта дапамагло нам выратавацца — нават тым, хто быў на верхніх паверхах. Пасля другога выбуху, аднак, ніхто ўжо не сумняваўся, што гэта быў акт тэрарызму.
 
На відэа — сутыкненне самалёта з Другой (Паўднёвай) вежай. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
11 верасня 2001 года адбыўся тэракт у Нью-Ёрку. "НН" размаўляе з беларускай, якая падчас тэракта знаходзілася ў вежах, але здолела ўратавацца.   10 гадоў таму ў Нью-Ёрку...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика