Гомель у рытме танца
20.09.2011
—
Новости Общества
|
Выступіць тут за гонар лічаць не толькі артысты Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, але і, напрыклад, знакамітага на ўвесь свет Нацыянальнага балета Грузіі імя Іліко Сухішвілі і Ніно Рамішвілі. Не кажу ўжо пра шматлікія танцавальныя калектывы з усіх рэгіёнаў Беларусі, замежныя цыркавыя трупы і тэатры агню, якія тры дні правялі ў Гомелі, парадавалі яго жыхароў — і самі парадаваліся жыццю ў рытме танца. Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" па ўзроўні і маштабах святкавання гамяльчане параўноўваюць з віцебскім "Славянскім базарам". Сёлета свята праходзіла ў шосты раз і сабрала на пляцоўках горада над Сожам больш за тысячу артыстаў з 15 краін свету. Арганізатарамі танцфоруму сталі Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты. Ілона Ноор, якая прадстаўляе танцавальны калектыў "Хопсані", упершыню прыехала ў Гомель з Эстоніі і гаворыць, што ніяк не чакала пабачыць такое грандыёзнае шоу танцавальных калектываў. Францужанка Селін Мармелю прывезла з горада Клермон-Феран дзяўчат і юнакоў школы джазавага танца. Яна ўражана: — Ваш фэст — гэта каласальна, мы не бачылі нічога падобнага. Вельмі прыемна падзяліцца сваімі творчымі знаходкамі з гамяльчанамі і беларусамі. Нас вельмі парадаваў цёплы і ветлівы прыём. Ансамбль "Сож" з Гомельскага раёна прымае ўдзел у свяце ў шосты раз. Вось словы яго ўдзельніцы Ірыны Мельнік: — Мы пастаянныя ўдзельнікі "Сожскага карагода". Ведаеце, узровень фэсту год ад года расце, і сёлета тут асабліва святочна, урачыста. Адчуваецца, што менавіта Гомель — культурная сталіца СНД. Гамяльчане і шматлікія госці шкадавалі толькі ад немагчымасці пабачыць усё: свята праходзіла ва ўсіх раёнах Гомеля на 20 пляцоўках. Дарэчы, яно было прымеркавана і да Дня горада. А можа, дзень горада да свята танца? А пачынаўся харэаграфічны фэст сапраўды яскравым карнавальным шоу на галоўнай плошчы, у якім прынялі ўдзел дэлегацыі ўсіх 15 краін-удзельніц. Прафесійныя танцоры спаборнічалі ў міжнародным турніры па бальна-спартыўных танцах на Кубак Гомеля "Залатая Рысь". Пад гукі самбы, румбы, ча-ча-ча пары высвятлялі, хто з іх лепш валодае тэхнікай сучаснага танца. Сёлета ў конкурсную праграму ўпершыню ўключылі катэгорыю "сеньёры" — гэта пары старэй за 35 гадоў. Цяпер гэта вельмі папулярна, і менавіта ў "сеньёраў" з іх досведам і ўзроўнем майстэрства з задавальненнем вучыцца моладзь. На цырымоніі адкрыцця да ўдзельнікаў і гасцей фэсту звярнуўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Ён адзначыў, што "Сожскі карагод" — гэта галоўная падзея ў культурным жыцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна краіны, якая ўвесь час збірае дзясяткі творчых калектываў з Беларусі і замежжа. Колькасць удзельнікаў пастаянна расце, пашыраецца і геаграфія: — Фэст закліканы прапагандаваць, захоўваць і развіваць харэаграфію як адзін з відаў мастацтва. Гэты форум спрыяе вывучэнню сучасных працэсаў у сусветнай харэаграфіі, пашырэнню і ўмацаванню міжнацыянальных творчых сувязяў, узаемадзеянню нацыянальных культур, развіццю фэставага руху ў Беларусі. У гэтыя дні ў горадзе прайшлі спектаклі балетных тэатраў, конкурсы народна-сцэнічнага танца, балетмайстарскіх работ, сучаснай харэаграфіі, "круглы стол" па пытаннях развіцця харэаграфічнага мастацтва і іншыя мерапрыемствы, арганізаваныя ў рамках праекта "Гомель — культурная сталіца Беларусі і Садружнасці 2011". Увага самых юных гледачоў была цалкам прыкавана да фэсту аматарскіх цыркавых калектываў. Больш за 300 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама ўкраінскія артысты не столькі спаборнічалі, колькі сваім узорам прапагандавалі цыркавое мастацтва. Не забыты быў і ўжо традыцыйны ў Гомелі бег дзяўчат на абцасах. Фінальным акордам свята стала лазернае шоу і феерверк у горадзе над Сожам. Прынамсі, на галоўных вуліцах Гомеля паўсюль было створана шмат незвычайных куткоў-рэтраспекцый. Маю ўвагу прыцягнулі газетны кіёск "Саюздрука" і сапраўдны працуючы аўтамат па продажы газет родам з 60-70-х гадоў. Як вы разумееце, з самай цікавай газетай рэспублікі — "Звяздой". Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступіць тут за гонар лічаць не толькі артысты Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, але і, напрыклад, знакамітага на ўвесь свет Нацыянальнага балета Грузіі імя...
|
|