Колькасць мае значэнне. 21.by

Колькасць мае значэнне

21.09.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасол Арменіі ў Беларусі Армэн Хачатран выступае за адмену квот па імпарце каньяку, вырабленага на яго радзіме

Усе мы чулі пра грамадзяніна свету, а ўявіце сабе цэлую краіну свету. Арменія — такая дзяржава, ледзь не большая частка насельніцтва якой жыве за мяжой, па ўсім свеце. Ад Сіднэя да Манрэаля. Але дзе б яны ні былі, гэта ўсё адна вялікая сям'я. З узаемавыручкай, падтрымкай і дапамогай. І дзе б ні былі, яны не губляюць сваёй адметнасці ды самабытнасці. Як складваюцца нашы адносіны з гэтай краінай, распавёў напярэдадні 20-годдзя яе незалежнасці пасол Арменіі ў Беларусі Армэн ХАЧАТРАН.

Дыпламат адзначыў сяброўскі характар і высокі ўзровень беларуска-армянскіх адносінаў: "Ніколі ў гісторыі не было ніякіх праблем паміж Арменіяй і Беларуссю, няма і не будзе". Нагадаў пра шчыльнае супрацоўніцтва ў рамках міжнародных і міжрэгіянальных праграм і арганізацый. Ва ўмовах яшчэ да канца не пераадоленага крызісу абодва бакі, паводле ацэнкі пасла, прыкладаюць максімум намаганняў, каб развіць супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі і павялічыць тавараабарот паміж Арменіяй і Беларуссю.

На карысць такой перспектывы кажа наяўная станоўчая дынаміка. Летась у Ерэване адкрыўся гандлёвы дом "Беларусь" — буйны комплекс, дзе можна набыць літаральна ўсё, што заўгодна — ад прадуктаў да трактароў. У Арменіі наогул зарэгістравана больш як 20 прадпрыемстваў з беларускім удзелам. Беларусь пастаўляе ў Арменію пераважна машыны, трактары, сельскагаспадарчую тэхніку, запчасткі, медыкаменты, шыны, будаўнічыя матэрыялы. Арменія сюды — моцныя спіртныя напоі (у тым ліку армянскія каньякі), мінеральныя воды, медыкаменты, трансфарматары. Узаемны тавараабарот летась склаў больш як 47 млн долараў. Прычым за апошнія 10 гадоў ён павялічыўся амаль у 20 разоў. І гэта пры адсутнасці прамых чыгуначных зносінаў. Але рэальны патэнцыял росту, на думку дыпламата, значна вышэйшы.

Міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве працуе над актывізацыяй узаемадзеяння. "У найбліжэйшы час намячаюцца значныя зрухі. З абодвух бакоў вядзецца сур'ёзная работа", дзеліцца прагнозам пасол. Назваў ён і сферы інтарэсу Арменіі ў Беларусі: пасажырскі транспарт, сельскагаспадарчая і кар'ерная тэхніка.

— Мы маем патрэбу ў вялікай колькасці аўтобусаў, некалькі сотняў, — удакладняе дыпламат. — Спадзяёмся, мы зможам дамовіцца пра супрацоўніцтва з "МАЗ".

Паводле яго назіранняў, ёсць узаемная зацікаўленасць дзвюх краін знайсці магчымасці для сумесных праектаў — нешта разам вырабляць, будаваць, абсталёўваць, ствараць. "Гэта будзе больш моцна трымаць нашы сувязі".

Не менш трывалыя сувязі — гастранамічныя. Армянскія каньякі слынныя на ўвесь свет. Знайшлі яны свайго аматара і ў Беларусі. Аднак пастаўкі абмежаваныя квотамі, засмучаны дыпламат.

— Колькасць нашага імпарту з Беларусі нічым не абмяжоўваецца, а тут ёсць квоты, — рэзонна заўважае спадар Хачатран. — Калі прадукцыя карыстаецца попытам на рынку, нашто тыя квоты?

Нагадаў пасол і пра прынцып парытэту ва ўзаемным гандлі. Маўляў, калі адзін бок экспартуе шмат прадукцыі, то няблага даць выхад на свой рынак другому.

— Жаданне падтрымаць мясцовага вытворцу зразумелае, але нашы тавары не канкурэнты вашым: гэта прадукцыя іншага класу, — упэўнены А. Хачатран.

Варыянтам магла б стаць вытворчасць прадукцыі на месцы, але... зроблены тут напой будзе ўжо не армянскім каньяком, даводзіць дыпламат.

— Армянскім лічыцца той каньяк, які вырабляецца ў Арменіі, з армянскага вінаграду, па армянскай тэхналогіі, у армянскіх бочках, якія робяцца з больш чым стогадовых дубоў. Адзін кубаметр такой драўніны каштуе 3600 еўра!

Вось ужо дзе колькасць мае значэнне! Не кажучы ўжо пра калекцыю адмысловых спіртоў, асаблівую культуру вытворчасці і дакладнае выкананне складанай і дарагой тэхналогіі, якая дазваляе атрымаць менавіта такі букет і дасягнуць таго, каб якасць ва ўсіх бутэльках была аднолькавая. Якасць напою, вырабленага тут, будзе ўжо не такая. Таму хоць колькасць і мае значэнне, добрага пакуль патрошку!

Няхай не каньячным, а нейкім іншым бізнэсам армянскія прадпрымальнікі могуць займацца ў Беларусі. І актыўна такой магчымасцю карыстаюцца.

— Так, ёсць армяне, якія нешта адкрываюць, ствараюць у Беларусі. Яны актыўныя, прадпрыемлівыя, законапаслухмяныя, — падкрэслівае кіраўнік замежнай дыпмісіі.

Аднак і тут ён упільноўвае яшчэ адно "але". У Беларусі, маўляў, ёсць бізнэс, а ёсць 10, 12, 40 органаў, якія за гэтым сочаць. Варта, кажа, каб яны крыху скараціліся, тады бізнэс развіваўся б лепш.

Ала МАЧАЛАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасол Арменіі ў Беларусі Армэн Хачатран выступае за адмену квот па імпарце каньяку, вырабленага на яго радзіме Усе мы чулі пра грамадзяніна свету, а ўявіце сабе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика