Генпракуратура Беларусі: Правядзенне "Народнага сходу" не санкцыянаванае. 21.by

Генпракуратура Беларусі: Правядзенне "Народнага сходу" не санкцыянаванае

07.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Правядзенне масавых мерапрыемстваў пад назвай "Народны сход" не санкцыянаванае. Пра гэта заявіў учора журналістам начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Павел Радзівонаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Паўла Радзівонава, арганізатары акцыі папярэджаны аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. Ім таксама растлумачана, што ў выпадку парушэння дзейных нормаў закона "Аб масавых мерапрыемствах" яны могуць быць прыцягнуты да адказнасці.

"Генеральная пракуратура таксама звяртаецца да грамадзян Рэспублікі Беларусь не паддавацца на правакацыйныя заклікі і не ўдзельнічаць у тых мерапрыемствах, якія супярэчаць нормам дзейнага заканадаўства. Гэты заклік абумоўлены імкненнем забяспечыць грамадскую бяспеку, нармальнае функцыянаванне грамадскіх, грамадзянскіх інстытутаў", — адзначыў Павел Радзівонаў.

Пачынаючы з ліпеня гэтага года, у інтэрнэце актыўна анансуецца правядзенне так званага "Народнага сходу". Па задуме арганізатараў, на вуліцы гарадоў краіны павінны выйсці дзясяткі тысяч беларусаў. Учора ў Генеральнай пракуратуры адбылася гутарка з ініцыятарамі акцыі В. Івашкевічам і Г.Федынічам, дзе ім растлумачана, што нормы Закона "Аб мясцовых і рэспубліканскіх сходах" на так званы "Народны сход" не распаўсюджваюцца. Як растлумачыў Павел Радзівонаў, для ініцыяцыі правядзення такога сходу неабходна 10% подпісаў насельніцтва, якое пражывае на дадзенай тэрыторыі, а арганізатарамі акцыі, у прыватнасці ў Мінску, сабраны толькі подпісы жыхароў некалькіх пад'ездаў дамоў у мікрараёне Серабранка і дамоў, прылеглых да плошчы Бангалор.

"Цалкам відавочна, што некалькі сотняў подпісаў, сабраных у асобных пад'ездах дамоў, прылеглых да плошчы Бангалор, і некалькіх дамоў у раёне Серабранкі, недастаткова для абмеркавання пытанняў жыцця грамадства і дзяржавы", — сказаў Павел Радзівонаў.

Генпракуратура прыйшла да высновы, што правядзенне падобных "сходаў" рэгламентуецца Законам "Аб масавых мерапрыемствах". Арганізатары такіх масавых мерапрыемстваў не атрымалі адпаведных дазволаў на іх правядзенне ад мясцовых органаў улады. "Улічваючы гэтыя акалічнасці, арганізацыя і правядзенне масавых мерапрыемстваў пад назвай "Народны сход" з'яўляецца несанкцыянаваным. Мы з павагай ставімся да права грамадзян на правядзенне сходаў, але ігнараваць нормы права і маніпуляваць нормамі права лічым недазвольным", — сказаў Павел Радзівонаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Правядзенне масавых мерапрыемстваў пад назвай "Народны сход" не санкцыянаванае. Пра гэта заявіў учора журналістам начальнік упраўлення па наглядзе за...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика