Пра гарантыі пры звальненні і не толькі...
15.10.2011 10:58
—
Новости Общества
|
Пра гарантыі пры звальненні і не толькі... Далёка не заўсёды звальненне работніка адбываецца па ўзаемнай згодзе бакоў. У шэрагу выпадкаў узнікаюць спрэчкі і крыўды. часам непаразуменні здараюцца з-за недахопу элементарнай юрыдычнай адукаванасці — працадаўца не ведае асобных заканадаўчых нюансаў, звальняемы супрацоўнік — сваіх працоўных правоў і гарантый. Між іншым, для асобных работнікаў Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны дадатковыя гарантыі, якія наймальнікі абавязаныя выконваць пры спыненні працоўнага дагавора, выкліканым іх ініцыятывай. Падрабязней пра гэта ўчора можна было даведацца непасрэдна ад намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Ігара СТАРАВОЙТАВА, задаўшы яму пытанне падчас прамой тэлефоннай лініі ці оn-lіnе-канферэнцыі. Нашы грамадзяне, да якіх далучыўся і карэспандэнт "Звязды", засыпалі прадстаўніка міністэрства пытаннямі. Найбольш цікавыя з іх мы прыводзім ніжэй.
@ Ці ёсць абмежаванні па ўзросце для працуючых пенсіянераў? Альбо можна працаваць, пакуль здароўе дазваляе? Заканадаўства аб працы Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае абмежаванняў для работнікаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту (мужчыны — 60 гадоў, жанчыны — 55 гадоў), у магчымасці ажыццяўляць сваю працоўную дзейнасць. Наймальнік не мае права скасаваць працоўны дагавор з працаўніком-пенсіянерам па прычыне пенсійнага ўзросту. Работнікі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, маюць права ажыццяўляць працоўную дзейнасць на агульных падставах, як і іншыя супрацоўнікі арганізацыі. @ Майму мужу на момант заканчэння двухгадовага кантракта спаўняецца 59 гадоў. Ці абавязаны наймальнік падоўжыць з ім кантракт? У адпаведнасці з заканадаўствам, кантракт — гэта працоўны дагавор, які заключаецца ў пісьмовай форме на вызначаны ў ім тэрмін і змяшчае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы. Кантракт заключаецца на тэрмін не менш чым 1 год. Канкрэтны тэрмін кантракта вызначаецца пагадненнем бакоў. Згодна з пунктам 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 180, з работнікамі перадпенсійнага ўзросту (жанчынамі 53 гадоў, мужчынамі — 58), якія добрасумленна працуюць і не дапускаюць парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, наймальнік абавязаны прадоўжыць (заключыць новы) кантракт на тэрмін не меншы, чым неабходны для дасягнення імі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (жанчыны — 55 гадоў, мужчыны — 60 гадоў) і атрымання права на пенсію па ўзросце. Улічваючы, што на момант заканчэння тэрміну кантракта ваш муж яшчэ не дасягне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту для мужчын — 60 гадоў, наймальнік абавязаны прадоўжыць з ім кантракт на тэрмін не меншы, чым неабходны для дасягнення пенсійнага ўзросту, альбо па дамове бакоў — на большы тэрмін, пры ўмове добрасумленнага стаўлення да працы і выканання працоўнай дысцыпліны. @ У якіх выпадках работнік можа звольніцца па ўласным жаданні да заканчэння месячнага тэрміну папярэджання? У адпаведнасці з Працоўным кодэксам, пры наяўнасці абставін, якія выключаюць або значна абцяжарваюць працяг працы (стан здароўя, пенсійны ўзрост, радыеактыўнае забруджванне тэрыторыі і іншыя выпадкі), а таксама ў выпадках парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, пагаднення, працоўнага дагавора наймальнік абавязаны скасаваць працоўны дагавор у тэрмін, які ўказаны ў заяве працаўніка. У выпадках, не прадугледжаных вышэйзгаданай нормай, работнік мае права звольніцца па ўласным жаданні да заканчэння тэрміну папярэджання толькі пры дасягненні адпаведнага пагаднення з наймальнікам. Пры гэтым наймальніку неабходна ўлічваць, што, згодна з артыкулам 77 Працоўнага кодэкса, пры звальненні работніка ўсе выплаты, якія належаць яму ад наймальніка, робяцца ў дзень звальнення. @ Ці мае права наймальнік звольніць працаўніка ў перыяд яго хваробы па ўласным жаданні (артыкул 40 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь)? У адпаведнасці з артыкулам 43 Працоўнага кодэкса, не дапускаецца звальненне работніка ў перыяд яго часовай непрацаздольнасці, калі звальненне ажыццяўляецца па ініцыятыве наймальніка (арт. 42 Працоўнага кодэкса), акрамя звальнення па п. 6 арт. 42 Працоўнага кодэкса. Да падстаў для звальнення па ініцыятыве наймальніка адносяцца (арт. 42 Працоўнага кодэкса): 1) ліквідацыя арганізацыі, спыненне дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, скарачэнне колькасці або штату работнікаў; 2) неадпаведнасць работніка займаемай пасадзе або выконваемай рабоце з прычыны стану здароўя, які перашкаджае выкананню гэтай працы; 3) неадпаведнасць работніка займаемай пасадзе або выконваемай рабоце з прычыны недастатковай кваліфікацыі, якая перашкаджае працягу гэтай працы; 4) сістэматычнае невыкананне працаўніком без важкіх прычын абавязкаў, ускладзеных на яго працоўным дагаворам ці правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, калі да працаўніка раней прымяняліся меры дысцыплінарнага спагнання; 5) прагул (у тым ліку адсутнасць на працы больш за тры гадзіны на працягу працоўнага дня) без важкіх прычын; 6) няяўка на працу на працягу больш чатырох месяцаў запар з прычыны часовай непрацаздольнасці (не лічачы водпуску па цяжарнасці і родах), калі заканадаўствам не ўстаноўлены больш доўгі тэрмін захавання месца працы (пасады) пры вызначаным захворванні. За работнікамі, якія страцілі працаздольнасць у сувязі з працоўным калецтвам ці прафесійным захворваннем, месца работы (пасада) захоўваецца да аднаўлення працаздольнасці або ўстанаўлення інваліднасці; 7) з'яўленне на працы ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап'янення, а таксама ўжыванне спіртных напояў, наркатычных ці таксічных сродкаў на працоўным месцы і ў працоўны час; 8) учыненне па месцы працы крадзяжу маёмасці наймальніка, устаноўленага прысудам суда, які ўступіў у законную сілу, або пастановай органа, у кампетэнцыю якога ўваходзіць накладанне адміністрацыйнага спагнання; 9) аднаразовае грубае парушэнне правілаў аховы працы, якое пацягнула калецтва або смерць іншых працаўнікоў. Скасаванне працоўнага дагавора па ўласным жаданні працаўніка (арт. 40 Працоўнага кодэкса) не адносіцца да падстаў звальнення па ініцыятыве наймальніка. У сувязі з гэтым наймальнік мае права звольніць работніка па арт. 40 Працоўнага кодэкса (уласнае жаданне работніка) у перыяд яго часовай непрацаздольнасці. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Далёка не заўсёды звальненне работніка адбываецца па ўзаемнай згодзе бакоў. У шэрагу выпадкаў узнікаюць спрэчкі і крыўды. часам непаразуменні здараюцца з-за... |
|