Ці хопіць грошай у бюджэце 2012 года на мемарыял у Трасцянцы?
12.11.2011 12:26
—
Новости Общества
|
Ці хопіць грошай у бюджэце 2012 года на мемарыял у Трасцянцы? У лістападзе 1941 года, якраз 70 гадоў таму, за дзесяць кіламетраў ад Мінска фашыстамі быў арганізаваны лагер смерці "Трасцянец", у якім за гады вайны было знішчана каля 200 тысяч (а то і больш, па іншых падліках) чалавек — цывільнае насельніцтва, савецкія ваеннапалонныя, яўрэі з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Беларусі... Такім чынам, гэты канцэнтрацыйны лагер пад Мінскам быў самым буйным на тэрыторыі СССР па колькасці ахвяр і чацвёртым у Еўропе пасля сумна знакамітых Асвенцыма, Майданэка і Трэблінкі. Але, на жаль, памяць загінулых у "Трасцянцы" людзей як след не ўшанавана (некалькі сціплых памятных знакаў лічыць не будзем): стварэнне вялікага мемарыяльнага комплексу расцягнулася на дзясяткі гадоў, пра што "Звязда" неаднаразова пісала. Сёння мы зноў вяртаемся да тэмы ўшанавання памяці ахвяр "Трасцянца" і спрабуем высветліць, як рухаецца справа.
У 2009 годзе здавалася, што стварэнне мемарыяльнага комплексу ў "Трасцянцы" зрушылася з мёртвай кропкі: быў аб'яўлены конкурс на мемарыяльную кампазіцыю, якая павінна была ўпісацца ў архітэктурную канцэпцыю ўсяго комплексу. Але ў конкурсе пераможца выяўлены не быў (прадстаўленыя працы не адпавядалі ўмовам конкурсу), і ў пачатку 2010 года быў абвешчаны другі тур, у якім пераможца нарэшце знайшоўся: ім стаў Канстанцін Касцючэнка са скульптурнай кампазіцыяй "Вароты памяці" (яна павінна быць выканана з бронзы вышынёй недзе каля 6 метраў). — Праца ўяўляе сабой уваходную частку канцлагера: трохі прыадчыненыя вялікія вароты, у якіх адлюстраваны вобразы тых людзей, тых вязняў, якія знаходзіліся ў канцлагеры, — расказвае Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА, аўтар скульптурнай кампазіцыі. — Целы, мышцы гэтых людзей пераплецены з дошкамі і канструкцыяй варотаў. Вонкавы бок — як старая чорна-белая фотакартка, з якой людзі глядзяць на нас з гэтых варотаў, але не могуць выйсці. Гэта сімвалізуе нашу памяць, якая заўсёды будзе з намі: ход тых падзей, якія адбываліся ў вайну, мы ўжо не зменім, але гэта павінна быць урокам на будучыню. Што тычыцца ў цэлым праекта добраўпарадкавання тэрыторыі былога канцлагера, то пра яго нам расказала Ганна АКСЁНАВА, навуковы кіраўнік мемарыяльнага гісторыка-культурнага комплексу "Трасцянец", галоўны архітэктар праекта УП "Мінскпраект": — Нам быў дадзены заказ на першую чаргу, і мы распрацавалі праект добраўпарадкавання той часткі тэрыторыі, дзе непасрэдна размяшчаўся лагер смерці (60 гектараў у межах рэчышча ракі Трасцянкі і вуліцы Сяліцкага). Мы гэты праект выканалі, і зараз ён знаходзіцца на экспертызе: магу сказаць, што ён ужо прайшоў узгадненне ў Міністэрстве культуры і Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Як расказала Ганна Аляксееўна, у праекце прадугледжана галоўная кампазіцыйная вось — "Дарога памяці", якая будзе ісці да плошчы з помнікам "Вароты памяці". За манументам, на тым месцы, дзе калісьці фашысты рассейвалі попел спаленых людзей, будзе "Поле пахавання": газон, адмежаваны ад вуліцы Сяліцкага пасадкай дрэў. Непасрэдна тэрыторыя канцлагера будзе абазначана мемарыяльнымі плітамі з гістарычнай інфармацыяй. Фундаменты некаторых будынкаў (баракаў, дома каменданта), якія захаваліся яшчэ з тых часоў, плануецца закансерваваць і побач з імі ўсталяваць інфармацыйныя шыльды з адпаведнай інфармацыяй. Існуючыя памятныя знакі ў "Трасцянцы" мяркуецца рэканструяваць такім чынам, каб яны ўдала спалучаліся з усёй кампазіцыяй. Але, на жаль, рэалізаваны праект будзе не сёння, і, магчыма, нават не заўтра: — Архітэктурны праект на добраўпарадкаванне гатовы, але яшчэ на экспертызе не быў. Мы ўключаем яго ў праект праграмы на наступны год. Але гэтую праграму яшчэ не зацвярджалі на сесіі дэпутатаў, — патлумачыла Таццяна ЛЯЎКОВІЧ, начальнік тэхнічнага аддзела камунальнай гаспадаркі Мінгарвыканкама. Але гэта тычыцца толькі добраўпарадкавання тэрыторыі, а мемарыяльная кампазіцыя "Вароты памяці", якая перамагла на конкурсе, у 2012 годзе рэалізоўвацца не будзе: — Дакументы мы падаём толькі на добраўпарадкаванне тэрыторыі, а на мемарыяльную кампазіцыю — пакуль не, — кажа Таццяна Ляўковіч. — Справа ў тым, што ў 2014 годзе будзе чэмпіянат свету па хакеі, і асноўныя сродкі накіроўваюцца на падрыхтоўку да яго. Таму, магчыма, у патрэбным аб'ёме грошы не будуць выдзелены. Таццяна Васільеўна паведаміла, што добраўпарадкаванне тэрыторыі былога канцлагера "Трасцянец" ацэнена ў 9 мільярдаў 898 мільёнаў рублёў у цэнах 2006 года. Гэта недзе 30 мільярдаў рублёў у прагнозных цэнах на наступны год (ужо з улікам дэвальвацыі). А кошт мемарыяльнай кампазіцыі "Вароты памяці" нават яшчэ і не ацэньваўся. Але ж ёсць яшчэ ўрочышча Благаўшчына, дзе немцы праводзілі масавыя расстрэлы людзей (знаходзіцца па другі бок Магілёўскай шашы), — добраўпарадкаванне гэтага месца запланавана на яшчэ больш далёкую перспектыву: — Благаўшчына не ўвайшла ў першы этап. Але яна ўваходзіць у праект зоны аховы, і нам неабходна будзе працаваць над ёй пазней, — тлумачыць Ганна Аксёнава. — Пакуль, у сувязі з эканамічным становішчам, будзе паэтапнае асваенне: у першы пускавы комплекс увайшла толькі зона канцлагера і ўсталяванне мемарыяльнага знака. Мы хацелі ўжо і фундамент закладваць пад скульптуру, але нам сказалі, што ў сувязі з эканамічным становішчам трэба як мінімум прывесці ў парадак тэрыторыю. Бо ўсё-такі гэта тэрыторыя святая. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У лістападзе 1941 года, якраз 70 гадоў таму, за дзесяць кіламетраў ад Мінска фашыстамі быў арганізаваны лагер смерці "Трасцянец", у якім за гады вайны было знішчана...
|
|