Зямля "чырванакніжнікаў". 21.by

Зямля "чырванакніжнікаў"

16.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Комплексная інвентарызацыя біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Валожынскага раёна дае падставы разлічваць на яго паступовае ператварэнне ў адзін з цэнтраў экалагічнага турызму і істотную крыніцу валютных заробкаў.

У ходзе інвентарызацыі мясцовай біяразнастайнасці, якая праводзілася ў рамках міжнароднага праекта Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду "Інтэграцыя пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі", удалося абагульніць і вядомыя, і малавядомыя звесткі аб прыродным патэнцыяле раёна, па-новаму паглядзець на яго выкарыстанне ў рынкавых умовах.

Зайздросны біярэсурс

— Валожыншчына — самабытная тэрыторыя, якая мае ўнікальны рэльеф з перападамі вышынь да 200 метраў. Яна знаходзіцца на стыку дзвюх геаграфічных зон. У раёне 39 відаў дзікіх жывёл і 42 віды раслін, якія ўнесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Дастаткова прыгадаць славутую Налібоцкую пушчу з яе багатай фаўнай і флорай, сярод якіх шмат ахоўных відаў раслін, — гаворыць Аркадзь Скуратовіч, старшы навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. Сярод так званых "чырванакніжнікаў" (відаў з Чырвонай кнігі) луннік ажываючы, які расце ў розных кутках раёна, у асобных месцах займае нават гектары! Папуляцыя гэтай расліны тут самая вялікая ў краіне. Цыбуля мядзведжая таксама займае вялікія плошчы і, як выказаўся Скуратовіч, не асобныя ўчасткі глебы, а суцэльныя кварталы. Па самых прыблізных ацэнках батаніка — 50 гектараў! Гэта, па яго словах, сапраўднае багацце, значэнне якога мясцовыя жыхары, ды і не толькі яны, не ўяўляюць да канца. Самае цікавае ў тым, зазначае Скуратовіч, што батанікі рэгулярна знаходзяць у раёне ўсё новыя віды раслін, заолагі — насякомых. Напрыклад, адкрыта трэцяе ў краіне месца пражывання рэдкага матыля — пераліўніцы альпійскай.

У раёне расце шмат ядлоўцу. Падобныя ўнікальныя ландшафты зрэдку сустракаюцца ў Беларусі і мала дзе ў Еўропе. У раёне захавалася каля дзвюх сотняў дрэў, узрост якіх перавышае 200 гадоў. Яны — найстарэйшыя дрэвы Беларусі, якія таксама з'яўляюцца ўнікальнымі прыроднымі аб'ектамі, вартымі ўключэння ў турыстычныя маршруты. На погляд спецыялістаў, па багацці і разнастайнасці і флоры, і фаўны асобныя тэрыторыі раёна месцамі пераўзыходзяць Налібоцкую і нават Белавежскую пушчы. У раёне ёсць участкі, дзе захавалася прырода ў яе некранутым выглядзе, нягледзячы на высяканне лясоў, меліярацыю і іншую дзейнасць чалавека. І гэта прыкладна ў ста кіламетрах ад сталіцы. Вось вам стымул для ператварэння раёна ў адзін з цэнтраў экалагічнага турызму.

Фарэль і харыус — рыба беларуская

У Беларусі фарэль сёння водзіцца ўсяго ў некалькіх месцах. Папуляцыя гэтай рыбы ў Валожынскім раёне адна з самых значных у краіне. Фарэлі патрэбны неглыбокія, празрыстыя і хуткія, з камяніста-пясочным дном, рэкі. У раёне такія ёсць. Як і ёсць вадаёмы, прывабныя для харыуса еўрапейскага. Ёсць усе шанцы істотна павялічыць папуляцыі гэтых рыб, але трэба прыкласці намаганні. Прычым нічога звышардынарнага рабіць не патрабуецца. Скажам, не араць берагі рэк з гэтай рыбай да самай вады, пакуль у яе зямля не пачне сыпацца. А фарэль нерасціцца толькі ў выключна чыстай вадзе і ні ў якім разе там, дзе ілістае дно. Сур'ёзным бар'ерам для размнажэння фарэлі і харыуса ў прамым сэнсе становяцца плаціны баброў. Іх збудаванні моцна запавольваюць рух рэк, у выніку ствараецца ненармальнае асяроддзе для гэтых рыб. Навукоўцы зазначаюць: там, дзе замацаваўся бабёр, паступова знікае фарэль і харыус. На жаль, папуляцыя бабра ў апошнія гады значна вырасла ў раёне, што становіцца фактарам нестабільнасці для нармальнага існавання іншых відаў. Бо адметная рыса раёна — шмат чыстых малых рэк, якія цяпер апанавалі бабры. Іх вялікая колькасць ужо ўваходзіць у канфлікт з іншымі відамі. Таму зараз распрацоўваецца кампраміснае рашэнне па мінімізацыі будаўніцтва бабрамі плацін у вярхоўях малых рэк, куды фарэль і харыус ідуць на нераст.

Не менш за баброў шкодзіць гэтым рыбам непрадуманая меліярацыя, дакладней, выпрамленне рэчышчаў лясных рачулак, паабапал якіх высякаюцца прыбярэжныя кусты. А пад імі менавіта і харчуецца фарэль. Не спрыяе аднаўленню рэдкіх рыб і дробнае бытавое браканьерства. Як заўважылі мінскія біёлагі ў час даследавання прыроднага патэнцыялу раёна, няма яшчэ ў мясцовых рыбакоў натуральнага імкнення выпусціць назад выпадкова злоўленага харыуса ці фарэль, якую ў нас завуць стронгай. Ды і многія дачнікі часта скідваюць у ваду адходы, нешта бруднае мыюць. Паасобку ўсе гэтыя дробныя парушэнні быццам бы і неістотныя, але разам яны перашкаджаюць аднаўленню рэдкіх відаў рыбы з Чырвонай кнігі.

"Зялёнае паляванне" на рэдкую птушку

А як зрабіць Валожыншчыну прывабнай і вядомай сярод замежных экатурыстаў? Міхаіл Максіменкаў, навуковы эксперт па пытаннях біяразнастайнасці і кіравання экасістэмамі, лічыць, што з еўрапейцамі трэба працаваць па еўрапейскіх стандартах, укараняць новыя падыходы па арганізацыі экалагічнага турызму на тэрыторыі раёна. Каб не быць галаслоўным, эксперт прапанаваў наладзіць у Валожынскім лясгасе "зялёнае паляванне" на прыгожую і вельмі рэдкую птушку, якая амаль знікла ў Еўропе, — глушца. Яе мала і ў Беларусі, але сустракаецца. Ёсць у Максіменкава ўжо і адпаведны бізнэс-план па стварэнні сучаснай, на ўзроўні еўрапейскіх патрабаванняў, інфраструктуры (аўтастаянка, месцы адпачынку і харчавання, замаскіраваная пад навакольнае асяроддзе будка непадалёку ад традыцыйнага месца знаходжання птушак) для адносна камфартабельнага назірання за такаваннем глушцоў. Рэалізацыя плана намечана на будучую вясну. Калі ўсё пойдзе добра, то можна зарабляць тысячы еўра толькі за прадастаўленую магчымасць паназіраць, зняць на фота ці відэа глушцоў на такаванні, палавіць фарэль ці паблукаць з суправаджальнікам па рэліктавых балотах. Вось гэта і будзе гаспадарскае выкарыстанне мясцовага біярэсурсу. Дзіўна: глушэц, які ўключаны ў спіс ахоўных відаў Міжнароднага саюза аховы прыроды, у Беларусі з'яўляецца паляўнічым відам. Відаць, невыпадкова апошнім часам яго колькасць у краіне скарацілася ў некалькі разоў.

Ці цэнім тое, што маем?

Можна і трэба ў раёне актыўна зарабляць на экатурызме, лічыць Міхаіл Максіменкаў. Ёсць усе ўмовы стварыць, напрыклад, адну з лепшых у краіне экалагічных сцежак, якая б стала і ўзорам для іншых раёнаў, і вядомай далёка за межамі краіны. Не секчы лес, не забіваць звяроў і птушак на паляванні, а хоць бы проста пракласці сцежку. Але такое ўражанне, што прадстаўнікоў мясцовай улады "раскрутка" прыроднага патэнцыялу з мэтай развіцця турызму калі і цікавіць, то ў другую ці трэцюю чаргу. Мяркую па пытаннях і заўвагах, якія прагучалі ў ходзе абмеркавання праекта новай схемы землеўпарадкавання раёна. Яно днямі адбылося ў Валожыне. З дакладамі перад мясцовай уладай выступілі мінскія спецыялісты і навукоўцы. Старшыня райвыканкама Уладзімір Навумовіч і старшыня райсавета Марыя Іода ацанілі значэнне дакумента як вельмі важнага для будучыні раёна і яго жыхароў, асабліва ў частцы выкарыстання біярэсурсаў. А вось кансалідаванае пытанне ад групы старшынь сельсаветаў тычылася таго, як максімальна спрасціць перадачу зямлі ад аднаго ўласніка другому, бо даводзіцца пераадольваць шмат бюракратычных перашкод, марнаваць час на папяровую валакіту. Безумоўна, пытанне актуальнае, але яно, прабачце, не па тэме размовы. Як і пытанне з месца наконт скарачэння колькасці вясковага насельніцтва: як прапанаваная схема можа палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў раёне, дзе з 1959 года на 49 тысяч стала менш людзей?

Увогуле мясцовым жыхарам, як здаецца, экалагічны турызм яшчэ не ўяўляецца сур'ёзным рэнтабельным заняткам. Для іх гэта хутчэй нейкае экзатычнае і малазразумелае хобі зацюканых аўтамабільнымі заторамі, смуродам выхлапных газаў заможных іншаземцаў-дзівакоў, якім для поўнага шчасця не хапае толькі паназіраць у лясной цішыні за рэдкімі ў Еўропе дзікімі жывёламі, птушкамі і раслінамі. Можа, таму многія вяскоўцы сутнасць агратурызму і экатурызму ўспрымаюць прымітыўна і аднабакова. У першым выпадку — завесці ў хату і добра напаіць, у другім — добра напаіць на паляне, у будане ці на беразе рэчкі, возера. Анекдот, скажаце. Так, але вельмі блізкі да жыцця. Як і гэты аргумент на карысць развіцця экатурызму. Скажам, можна высекчы ўчастак прыгожага лесу і прадаць драўніну. А можна сюды з году ў год прыводзіць турыстаў і зарабляць на гэтым грошы. Але пакуль неяк больш зразумелай з'яўляецца высечка лесу. Ёсць у раёне палі з нізкім балам зямлі, дзе традыцыйна малая ўраджайнасць. Але чамусьці іх аруць, засейваюць, збіраюць ну вельмі сціплы ўраджай. І гэта пры тым, што выдаткі на паліва, зарплату, плюс амартызацыя тэхнікі, істотныя. А больш рацыянальна было б гэтыя плошчы заняць пад новы лес.

"Зоны спакою" — гэта толькі пачатак

Зразумела, новая схема землеўпарадкавання раёна арыентаваная ў першую чаргу на вырашэнне эканамічных задач, паляпшэнне сацыяльных умоў жыцця людзей. Разам з тым у схеме прадугледжана захаванне біяразнастайнасці, развіццё экатурызму. Ёсць намер стварыць у раёне новы ландшафтны або геалагічны заказнік рэспубліканскага значэння. Гэта таксама павысіла б шанцы трапіць мясцовым прыродным славутасцям у арбіту міжнародных турыстычных аб'ектаў. Для захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці прымаюцца іншыя захады. Былі ўведзены абмежаванні па паляванні на вадаплаўных і водна-балотных птушак у перыяд іх вясновага пралёту. Тэрыторыям, дзе адзначаецца высокая канцэнтрацыя рэдкіх і ахоўных відаў птушак, нададзены статус "зон спакою". У іх лік увайшло, у прыватнасці, Сакаўшчынскае вадасховішча — там у перыяд міграцыі канцэнтруюцца чароды ў сотні птушак. У "зонах спакою" забаронена паляванне на птушак і жывёл, у першую чаргу на "чырванакніжнікаў". Такія меры прынятыя ўпершыню, і яны ўжо далі эфект. Прадугледжаны мерапрыемствы па рэгуляванні колькасці дзіка, янотападобнага сабакі і лісіцы ў месцах цецеруковых такавішчаў і гнездавання. Гэта дазволіць стварыць спрыяльныя ўмовы для падтрымання колькасці цецерука, папуляцыя якога скарачаецца.

У раёне, як расказалі відавочцы, ёсць удалы прыклад спалучэння азнаямлення турыстаў з нашай культурнай спадчынай і адметнасцямі беларускай прыроды. У самым пачатку Налібоцкай пушчы знаходзіцца вёска Малая Люцінка, слынная тым, што ў ёй пражыў шмат гадоў (з сярэдзіны 1860-х да сярэдзіны 1880-х г.г.) класік беларускай літаратуры, славуты беларускі драматург, паэт, тэатральны і грамадскі дзеяч Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Менавіта ў вёсцы пачынаецца турыстычны маршрут па мясцовых краявідах. Так, пэўныя зрухі ёсць. Але гэта толькі пачатак асваення ўнікальнага прыроднага патэнцыялу гэтай прыгожай зямлі "чырванакніжнікаў".

Леанід Лахманенка.

Валожынскі раён.  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Комплексная інвентарызацыя біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Валожынскага раёна дае падставы разлічваць на яго паступовае ператварэнне ў адзін з цэнтраў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика