Габелен, "bеаtlеs", джаз — усё адно. 21.by

Габелен, "bеаtlеs", джаз — усё адно

06.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У розных сферах мастацтва здараюцца свае яркія выбухі — кожныя 20, 50 ці 100 гадоў. Тады пачынае ажываць наваколле і ствараецца пэўны культурны асяродак. У ім чэрпаюць натхненне маладыя і менш таленавітыя і таксама ідуць наперад.

Вось, напрыклад, выяўленчае мастацтва. Як чалавеку непрафесіянальнаму ў гэтым плане, мне не прыходзяць у галаву выбітныя з'явы. Аднак штосьці моцнае па ўздзеянні з'явілася зараз. І ў зусім нечаканай сферы — дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яно "квітнее і пахне", як кажуць. Нядаўна праходзіла рэспубліканская выстава ў Палацы мастацтваў. У мінулую сераду адкрыўся паказ габеленаў, ткацтва і тэкстылю ў Літаратурным музеі імя Я. Купалы. На экспазіцыю ў Палацы эксперымент, як заўсёды, "прыехаў" з Віцебска — габелен (карціна, сплеценая з нітак) з тэхнікай валяння і вялікімі ўстаўкамі шыфону ў выкананні Наталлі Лісоўскай. Запомнілася манументальнае палатно (у памеры нават большае, чым вышыня сцяны Палаца), зробленае ў тэхніцы валяння з роспісам, выразаннем, а дакладней, вышкрабаннем малюнка на тканіне. Зверху былі прыклеены тоўстыя малюнкі-эмблемы, таксама з "жывога" тканага матэрыялу. Яго аўтар — Вераніка Багачова, выпускніца Акадэміі мастацтваў. Аднак па-сапраўднаму ўразіла Марыя Барысенка. У сваіх габеленах яна... матэрыялізавала музыку.

Натхніўшыся творчасцю "Bеаtlеs", мастачка стварыла цэлую серыю габеленаў, якая так і называецца "Bеаtlеs fоrеvеr". Ёсць творы, зробленыя адмыслова пад пэўныя песні, і іх назвы супадаюць з назвамі хітоў. У адной рабоце зашыфравана загадка "Bеаtlеs", якая, на думку Марыі, заключаецца ў тым, што іх музыка, створаная паўстагоддзя таму, вельмі папулярная і зараз, а ў новых аранжыроўках гучыць вельмі сучасна.

Аўтарка восем гадоў збірала эскізы, накіды на гэтую тэму, пераасэнсоўвала падзеі. А ўсе работы, акрамя першай, зрабіла за адзін 2010 год. Дарэчы, спецыяльных прыстасаванняў у яе не было. Амаль ўсю прастору пярэдняга пакоя яе невялікай кватэры займае станок для габеленаў. Яшчэ адмысловы малаточак, які нагадвае грэбень, — вось і ўсё — праца робіцца рукамі.

Барысенка выкарыстоўвае вельмі розныя тэхнікі — гэта далёка не звычайнае ткацтва. У адну працу яна дадае металічную сетку і светадыёдную падсветку, у другую — залатую люрэксавую нітку, у трэцюю — кавалкі тканіны і люстэрка.

Летась экспанавалася іншая калекцыя габеленаў на гэтую тэму пад назвай "Джаз". Марыя з самага дзяцінства слухае джаз разам з сям'ёй. Яна наведвае амаль усе мерапрыемствы гэтага накірунку музыкі, якія ладзяцца ў Мінску. Нездарма яе габелены быццам увабралі прыгожыя гукі і зараз выпраменьваюць. А да адной работы прымацаваны сапраўдны стары саксафон. І гэта не выпадкова. Твор мае сваю гісторыю. Саксафон куплены і ўведзены ў гэтую інсталяцыю пасля смерці аднаго блізкага сябра яе сям'і. Разам яны часта хадзілі на джазавыя канцэрты, слухалі новыя выданні і архіўныя запісы, дзяліліся ўражаннямі. Ён ведаў пра мэту Марыі стварыць джазавую выставу і вельмі хацеў на ёй пабываць. Але ўсё адбылося па-іншаму. Таму праца з саксафонам прысвечана людзям, якія не толькі самі выдатна ігралі джаз, але і ўмелі ацаніць добрае выкананне.

Паверхня работы з саксафонам сплецена зусім незвычайна. Там і жгуты з абгортачнай фольгі, і пафарбаваныя касічкі з тканіны, серабрыстага, залатога, пяшчотна-ружовага колераў, і празрысты стары шнур, і рознакаляровыя правады. Аднак усё гэта заўважаеш толькі тады, калі ўважліва прыглядаешся. Бо сама работа і простая і "хітрасплеценая", і даступная і загадкавая адначасова. З яе быццам льецца сапраўдны іскрысты джаз.

Работы Марыі Барысенкі выстаўляліся ў адным з самых буйных сталічных клубаў на трыб'юце "Bеаtlеs" — канцэрце, дзе іншыя гурты выконваюць кампазіцыі гурта-легенды. І габелены не былі проста прыдаткам — гэта самадастатковыя творы, якія сапраўды дапаўнялі і ўпрыгожвалі творчы асяродак.

Гэта моцна і гэта варта. Новы імпульс у нашай культуры.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У розных сферах мастацтва здараюцца свае яркія выбухі — кожныя 20, 50 ці 100 гадоў. Тады пачынае ажываць наваколле і ствараецца пэўны культурны асяродак. У ім чэрпаюць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика