Лепшыя імунамадулятары — вільготнае паветра і квашаная капуста
07.12.2011
—
Новости Общества
|
На пытанні слухачоў і чытачоў адказала дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук, урач вышэйшай катэгорыі Алена КІШКУРНО. (Працяг. Пачатак у нумары за 6 снежня.) — Мінская вобласць, Ірына. Што можна сказаць аб такім прэпараце, як ІРС-19? Праўда, чамусьці ён знік з аптэчнай сеткі...
Рот і насаглотка з'яўляюцца першым і самым важным бар'ерам на шляху спынення інфекцыі. Калі ў нас вільготнасць паветра складае 30-40 працэнтаў, наша слізістая перасыхае, абарончая слізь не выпрацоўваецца. Вось чаму зараз акцэнт робіцца на выкарыстанні прэпаратаў, якія ўвільгатняюць слізістую насавых хадоў. Ёсць і спецыяльнае абсталяванне, якое дапамагае рэгуляваць вільготнасць паветра падчас ацяпляльнага сезона. Па якой прычыне ў аптэках адсутнічае ІРС-19, я не ведаю, але раю падумаць аб тым, што асноўным застаецца дасягненне ў памяшканнях вільготнасці не менш як 50 працэнтаў. Раю таксама ўвільгатняць слізістую носа з дапамогай шэрагу іншых прэпаратаў падобнага дзеяння. — А як доўга трэба піць імунамадулятары накшталт арпетолу? — Тыя, што прадаюцца без рэцэпта, як мінімум, не прынясуць ніякай шкоды. Яны, сапраўды, павышаюць здольнасць клетак процістаяць вірусам. Але прымаць іх працягла і нават вельмі працягла трэба людзям з сапраўды аслабленым імунітэтам, астатнім — толькі тады, калі ёсць праблема, а значыць, пэўным курсам. Не абавязкова самому спрабаваць зразумець, ці ёсць у вас праблема з імунітэтам. Важна, што ў чалавека з нармальнай імуннай сістэмай грып праходзіць за 5 дзён. Калі ж гэтага не адбылося, урач сам будзе вырашаць, што перашкодзіла ў канкрэтным выпадку выздаравець за такі час. (— Орша, Кацярына Аркадзьеўна. Я пенсіянерка, не працую. Дзеці з унукамі жывуць асобна. Наколькі я разумею, шансаў падхапіць грып у мяне не многа. Тым больш, я і не памятаю, калі ў мяне было такое захворванне. Хранічныя хваробы, вядома, ёсць — артэрыяльная гіпертэнзія, некалькі гадоў таму перанесла інфаркт міякарда. Мяне цікавіць, ці правільна я раблю, што не прышчэпліваюся? — Існуюць паказанні да абавязковай вакцынацыі. Акрамя людзей з хранічнай паталогіяй і зніжаным імунітэтам, туды ўваходзяць і людзі пенсійнага ўзросту. Грып сам па сабе можа правакаваць інфаркт міякарда, паколькі гэты вірус адмоўна уздзейнічае на сасуды міякарда. Такім чынам, я б асабіста раіла вам прышчэплівацца. Не трэба баяцца гэтага працэсу. Усё роўна вы ходзіце ў магазін, кантактуеце з сябрамі, сваякамі. Рызыка захоўваецца. (— Магілёўская вобласць, Алена Віктараўна. Чытала, што вірусныя рэспіраторныя інфекцыі праходзяць літаральна за тыдзень. Калі ж гэтага не адбылося, значыць, далучылася бактэрыяльная інфекцыя. У такім выпадку прызначаюць антыбіётыкі. Аднак некаторым дзецям антыбіётыкі прызначаюць значна раней. У якіх выпадках гэта робіцца? Як наогул не дапусціць далучэння бактэрыяльнага ўскладнення? — Любую вірусную інфекцыю, як і грып, трэба вылежаць. Неабходна даць сабе адпачынак як мінімум на 3-5 дзён. Для грыпу гэта адназначна 5 дзён. Калі ж не вылежаў, значыць, чакай ускладненняў і, жартоўна кажучы, не здзіўляйся, што памёр. Мы можам не вытрымліваць ніякія рэкамендацыі ўрачоў, але мы павінны ўсведамляць ступень небяспекі. Грып выклікае мацнейшае зніжэнне імунітэту, і таму цесным чынам ён звязаны з ускладненнямі. У тым ліку з далучэннем бактэрыяльнай інфекцыі. У яе з'яўляецца больш шанцаў, каб праявіць сябе. Для кожнага ўзросту існуе свой час, які неабходна "адтэмпературыць". Для малых дзяцей — да 3 дзён, для дарослых — да 5. Калі ж ліхаманкавы стан зацягваецца, доктар павінен высветліць, з чым гэта звязана. Адна справа, калі хвароба мае цяжкую форму, і іншая — калі далучылася захворванне бактэрыяльнага паходжання, калі патрабуецца спецыяльнае лячэнне антыбіётыкамі. Без доктара ў такіх выпадках адназначна не абысціся. (— Мінск, Вольга. Зараз вельмі актыўна прапагандуюцца і рэкламуюцца так званыя імунамадулятары. Каму іх трэба прымаць? У якой колькасці? Калі пачынаць? — Нягледзячы на рэкламу, усе таблеткі прапісвае доктар з улікам вашай хранічнай паталогіі, станам імунітэту. Таму гаварыць аб самастойным прыёме гэтых сродкаў немагчыма. У лепшым выпадку вы проста выкінеце грошы на вецер. Наогул кожны ўрач ведае, што рызыка ад любога лячэння не павінна быць вышэй за само захворванне. А самалячэнне — заўсёды рызыка. Рэкамендаваць усім і кожнаму можна, напэўна, яблыкі, лімоны, і тое ў абмежаванай колькасці... Прымяненне імунамадулятараў нават з прафілактычнай мэтай павінен распісаць урач. Калі прапісаную схему не вытрымліваць, гэта адпаведна таму, каб прыкласці гэтыя таблеткі да галавы. Правілы тут жорсткія. За мяжой такіх прэпаратаў адзінкі, і іх прызначаюць толькі ў пэўных сітуацыях, а не для шырокага выкарыстання ў час узняцця эпідэміі. (— Мінская вобласць, Ангеліна. Раскажыце, калі ласка, як правільна лячыць насмарк і кашаль? Што б вы рэкамендавалі з народных сродкаў? — Тут мае значэнне ўзрост. У малога дзіцяці заўсёды пры насмарку ёсць небяспека запалення вуха і развіцця бранхіту. Таму вам трэба кантактаваць з педыятрам, каб той прызначыў спецыяльныя кроплі, якія будуць хутчэй купіраваць і вылечваць насмарк. У дарослага насмарк можна лячыць з дапамогай прамывання носу саляным растворам — ён павінен быць вельмі ашчадным, капаць трэба 2-3 разы ў дзень. Варта праводзіць і дэзынтаксікацыю, каб дапамагаць арганізму пазбаўляцца ад таксінаў. Журавіны, брусніцы добра стымулююць мочааддзяленне. Адыходу макроты будзе спрыяць цёплае малако з содай, чорная рэдзька з мёдам, проста цёплы чай. Трахея знаходзіцца блізка да страваводу, і таму будзе станоўчы эфект. Акрамя таго, такім лячэннем нікому нельга нашкодзіць. Прэпараты ж ад кашлю прызначае толькі доктар, паколькі яны валодаюць розным дзеяннем і не ўсе будуць працаваць у першыя суткі. Ёсць цукровыя сіропы для дзяцей, якія нібыта цалкам бяспечныя і могуць набывацца без рэцэпта. Але нават па іх прымяненні трэба кансультавацца з доктарам, паколькі адна трава — трыпутнік — валодае супрацьзапаленчым дзеяннем, другая — чабор — можа выклікаць рвоту і г.д. (— Віцебск, Алена. Дзяўчынцы 4 гады. Урачы мяркуюць, што ў яе вузкія насавыя праходы, адэноіды 1-2 ступені, алергічныя рэакцыі. 5-6 разоў на год (і працягла) хварэе на рынасінусіты, трахеіты, фарэнгіты, бранхіты. Тэрапія: прамыванні салінам, фізіятэрапія, інгаляцыі з дыяксідзінам, бератэкам, шчолачныя. Прымяняліся ізафрасінупрэд, складаныя кроплі, парлазін, фліксанадэ, антыбіётыкі. Зняць ацёк слізістай пакуль не ўдаецца. Ляжым у раённай бальніцы... Што нам рабіць? — Вам неабходна прыехаць на кансультацыю ў прафесарска-кансультатыўны цэнтр Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, які размяшчаецца на базе Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння ў Мінску. Тэлефон рэгістратуры: 8 (017) 265 06 25. Неабходна параіцца з урачом-інфекцыяністам або педыятрам. Вазьміце, калі ласка, выпіску аб вашых ранейшых даследаваннях і прыязджайце з дзіцем. Святлана БАРЫСЕНКА. (Працяг будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытанні слухачоў і чытачоў адказала дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат... |
|