Тэрыторыя дабрыні
13.12.2011
—
Новости Общества
|
Першы ў Калінкавіцкім раёне дом сямейнага тыпу аб’яднаў пад сваім дахам дзесяць дзіцячых “я” Надыходзячы 2012 год вялікая сям’я калінкавічан Наталлі Зубец і Аляксандра Змушко сустрэне ў новым прасторным доме. Прынамсі, як і да жылога будынка, да самой сям’і цалкам прыдатнае такое ж азначэнне — “новая”. Былая аперацыйная медыцынская сястра райбальніцы і рабочы Калінкавіцкай дыстанцыі пуці нядаўна займелі ганаровы статус бацькоў-вы-хавальнiкаў дзевяці прыёмных дзяцей: двух хлопчыкаў і сямі дзяўчынак. Кожнае з гэтых “я” — ад самага малодшага двухгадовага Дзімы, нядаўняга выхаванца дома дзіцяці, да пятнаццацігадовага сіраты Сашы, што трапіў сюды з сацыяльнага прытулку, — без сумненняў, асоба. Індывідуальнасць са сваімі (хоць часам не заўсёды станоўчымі) звычкамі і характарам. Між тым гэта акалічнасць ніяк не паўплывала на агульны настрой і ўсхваляванасць усіх членаў прыёмнай сям’і ў дзень наваселля. Было ад чаго хвалявацца: цудоўным пераднавагоднім падарункам для выхаванцаў і іх бацькоў стала не толькі прыгожае і ўтульнае жытло, але і шматлікія госці, якія завіталі сюды, на вуліцу Зарэчную райцэнтра, каб падзяліць радасць навасельцаў. Сярод іх — намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Пётр Кірычэнка, кіраўнік Калінкавіцкага райвыканкама Іван Піліпец, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Сяргей Парошын... Поўны пералік атрымаўся б вельмі доўгім. Па добрай традыцыі госці прыйшлі з адметнымі падарункамі. Для абсталявання пакояў дома аблвыканкам, напрыклад, прэзентаваў набор дзіцячай мэблі і халадзільнік, райвыканкам набыў тэлевізар, старшыня раённай асацыяцыі прыёмных бацькоў Ніна Календа, кіруючыся старадаўнім звычаем, пажадала сям’і шчаслівай долі і ўручыла гаспадыні дома сімвал трываласці — даматканы рушнік. Не застаўся ўбаку i настаяцель тутэйшага храма: пратаіерэй Георгій перадаў сям’і ікону абаронцы горада — Казанскай Божай Маці. — На будаўніцтва першага ў раёне дома сямейнага тыпу спатрэбілася каля чатырох месяцаў, — распавядае начальнік раённага аддзела адукацыі Валянціна Касьянчык. — На ўзвя-дзенне яго з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдаткавана 980 мільёнаў рублёў. Стваралі гэту сямейную гавань, што называецца, талакой. Значны ўклад унеслі прадпрыемствы-спонсары, што выдаткавалі на хатнюю начынку — бытавую тэхніку, мэблю, камп’ютар — звыш 100 мільёнаў рублёў. Падчас аб’яўленай у раёне акцыі школьнікі сабралі для выхаванцаў установы сотні экзэмпляраў кніг, а калектывы дзіцячых садоў перадалі сюды цацкі. Што ж да прыёмных бацькоў, то іх адбіралі па конкурсе, у ім удзельнічалi тры сям’і. Улічваўся пры прыняцці рашэння, вядома, вопыт прэтэндэнтаў у выхаванні ўласных нашчадкаў. У Зубец і Змушко ў гэтым плане, дарэчы, рэальны плюс: старэйшы сын Ігар паспяхова скончыў школу, зараз сумленна служыць у войску. Не сорамна бацькам і за малодшую, шасцікласніцу Святланку, дзясятую ў ліку выхаванцаў, а па сумяшчальніцтве — правую руку і памочніцу гаспадыні сямейнага дома. Як даведалася “Р”, на рашэнне Наталлі стаць прыёмнай маці паўплывала і яшчэ адна важная акалічнасць. — Вялікія сем’і — традыцыя нашага роду, — з усмешкай прызнаецца Наталля Адамаўна. — Мая бабуля выхоўвала дзесяць дзяцей, маці таксама ўзяла на выхаванне восем прыёмных падлеткаў. Словам, мне з дзяцінства добра вядома, што такое вялікі сямейны ачаг, дзе заўжды ўтульна і цёпла... Тым не менш пакуль дом узводзіўся, з Наталляй і Аляксандрам працавалі псіхолагі і сацыяльныя педагогі — рыхтавалі прыёмных бацькоў да выканання адказнай сацыяльнай місіі. ...І вось кіраўнік падраднай арганізацыі, што будавала сямейны прытулак, ПМК-43 ААТ “Гомельсаўгасбуд” Юрый Перавознікаў уручае гаспадару дома сімвалічны ключ ад новабудоўлі. Навасёлы не скрывалі эмоцый. Маўляў, калі пераступілі парог дома, проста ахнулі ад захаплення: выдатна! Пакоі, дзе будуць жыць, за кароткі час не толькі падзялілі, але і асвоілі. Дзяўчынкам, зразумела, дасталіся спальні ў ружовай і персікавай гаме, хлопчыкам — у адпаведнасці з мужчынскім характарам — у больш стрыманых фарбах: блакітных і зялёных. А вось прастора для гульняў, спартыўны гарадок агульныя. Як і поле для будучых карысных спраў: гараж, гаспадарчы блок, градкі для вырошчвання зяленіва і гародніны, малады яблыневы сад... Усё гэта дзеці “набылі” адначасна з клапатлівымі і нераўнадушнымі да іх лёсаў бацькамі. Раённыя ўлады, вызначаю-чы месца для будоўлі, вельмі стараліся, каб дзесяці малодшым членам вялікай сям’і былі створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага развіцця: побач з прываблівым асабняком з блакітным, як яснае неба, дахам — гімназія, дзіцячы садок, музычная школа. Усё гэта выразны куточак вялікай тэрыторыі дабрыні, якую стварае дзяржава для сваіх маленькіх грамадзян, пазбаўленых у розны час сілай жыццёвых абставін бацькоўскай ласкі і клопату. Кіраўніцтва раёна ўпэўнена, гэты сямейны дом не апошні — за першым крокам будуць новыя: 86 дзяцей яшчэ знаходзяцца ў апякунскіх сем’ях і 46 — у прыёмных. Тым больш што працэс гэты ў вобласці ідзе актыўна. — Сёння на Гомельшчыне дзейнічаюць 24 дамы сямейнага тыпу, у якіх выхоў-ваецца 186 дзяцей, — зазначыў у сваім слове на ўрачыстасці намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Кірычэнка. — За такімі ўстановамі, іх аб’яднаннем у дзіцячыя гарадкі будучыня. Таму сёння ўлады многае робяць, каб само паняцце “інтэрнат” стала архаізмам. Дзеці павінны выхоўвацца ў сем’ях, і сённяшні прыклад таму — красамоўнае сведчанне. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Калінкавіцкім раёне адкрыецца першы дом сямейнага тыпу
|
|