Што падарыць хоспісу, або Захаваць якасць жыцця да апошняга дня.... 21.by

Што падарыць хоспісу, або Захаваць якасць жыцця да апошняга дня...

28.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паводле даўніх традыцый, перадсвяточныя дні заўсёды былі часам праяўлення міласэрнасці і клопату аб тых, хто воляй лёсу аказаўся бездапаможным. Перад невылечнай хваробай, напрыклад. Не абавязкова анкалагічнай... Ёсць шмат станаў, калі медыцына ўжо не здольна дапамагчы. Але жыццё яшчэ нейкі час працягваецца, і яно не павінна доўжыцца ў болі і страху. Хвораму патрабуецца і нармальнае харчаванне, і пэўны медыцынскі догляд, і маральная падтрымка. Але ж, як высвятляецца, і тым, хто прадастаўляе гэта, таксама патрэбна падтрымка.

Страшных, як кажуць у народзе, дыягназаў шмат. Аднак куды больш страшна адмовіць у дапамозе чалавеку, чыё жыццё вісіць на валаску... Ад якога б захворвання ні пакутаваў пацыент, якім бы цяжкім ні быў яго стан, заўсёды можна знайсці спосаб павысіць якасць жыцця, сцвярджае паліятыўная дапамога. Дапамога, якая выходзіць наперад, калі медыцына сказала сваё слова. Няхай яно несуцішальнае, але ж хворы ніколі не павінен пачуць: "больш нічога немагчыма зрабіць". Можна. Прычым не толькі ў псіхалагічным сэнсе.

Найбольш аптымальнай мадэллю арганізацыі паліятыўнай дапамогі з'яўляюцца хоспісы. Ёсць такі і ў Мінску, па вуліцы Стаханаўскай.

— Мы аказваем медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, дапамагаем арганізаваць сацыяльную і духоўную падтрымку, — расказвае галоўны ўрач бальніцы паліятыўнага догляду "Хоспіс" Вольга МЫЧКО. — Прычым не толькі самім хворым, але і іх блізкім. Дастаткова сказаць, што толькі каля 3 тысяч анкалагічных хворых маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе. Дадайце яшчэ і іх блізкіх, якім таксама патрэбна самая розная дапамога, няхай нават чыста псіхалагічная... У нас працуе выязная служба на даму, функцыянуе аддзяленне дзённага знаходжання на 8 месцаў і стацыянар паліятыўнай дапамогі на 28 ложкаў. А з 15 лістапада гэтага года на базе 11-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска адкрылася аддзяленне паліятыўнай дапамогі "Хоспіс" на 30 ложкаў, з выязной службай... Як бачыце, гэта досыць сціплыя магчымасці ў параўнанні з рэальнай колькасцю тых, хто мае патрэбу ў такіх паслугах. Між тым, паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 70% хворых у тэрмінальнай стадыі хваробы перажываюць найцяжэйшыя фізічныя пакуты, адчуваюць пакутны страх смерці... Аб запатрабаванасці паслуг хоспісу сведчаць шматлікія звароты хворых і членаў іх сем'яў, медыцынскіх работнікаў...

Як бальнічная арганізацыя хоспіс для дарослых фінансуецца з бюджэту. Аднак забеспячэнне сапраўднай якасці жыцця мае на ўвазе дадатковыя расходы. Таму прыцягваюцца сродкі дабрачынных арганізацый, прымаюцца і добраахвотныя ахвяраванні звычайных грамадзян. У хоспіса ёсць партнёры, з якімі супрацоўніцтва працягваецца сёмы год запар — ад моманту стварэння. Арганізацыі рознай формы ўласнасці рэгулярна ахвяруюць пэўныя сумы, паколькі ведаюць, для чаго патрэбны паліятыў.

Гэтымі святочнымі днямі для патрэб хоспіса "Пріорбанк" ААТ пералічыў 50 млн рублёў. Даўні сябар — упраўленне культуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта — традыцыйна прыязджае напярэдадні калядна-навагодніх свят з падарункамі, якія дапамагаюць уладкаваць побыт тутэйшых пацыентаў. Запланаваны такі візіт і сёлета. Па традыцыі на Каляды прыедуць да пацыентаў з падарункамі і канцэртам царкоўных песень жыровіцкія семінарысты.

— Як правіла, нашы партнёры не чакаюць ніякіх свят, а працуюць у пастаянным рэжыме, — тлумачыць Вольга Віктараўна. — Амаль 20 арганізацый на добраахвотна-пастаяннай аснове забяспечваюць набыццё сродкаў догляду. Некаторыя арганізацыі і фізічныя асобы пералічваюць на рахунак хоспіса грашовыя сродкі, за якія хоспіс набывае тое, што неабходна. А неабходна, паверце, вельмі многае, паколькі той догляд, які мы забяспечваем, патрабуе немалых матэрыяльных затрат. Хоспісу пастаянна патрэбны тыя ж сродкі гігіены. Дастаткова сказаць, што сучасны перавязачны матэрыял для прафілактыкі і лячэння пролежняў каштуе каля 150 тысяч рублёў. Гэтая перавязка "працуе" 10 дзён, пасля чаго яе трэба замяніць... Неабходны нашым пацыентам каляскі, хадункі, партатыўныя канцэнтратары кіслароду, спецыяльнае бялковае харчаванне. А ўвогуле мы гаворым пра звычайных жывых людзей, якім проста нечым трэба сябе заняць на працягу дня. А значыць, нам патрэбны тэлевізар, радыё, плэеры... Важная нават дробязная падтрымка. З намі супрацоўнічаюць валанцёры — як правіла, з ліку студэнтаў — яны апякаюць хворых, набываюць ім проста прадукты харчавання... Я думаю, у нас многа добразычлівых людзей. Проста нямногія ведаюць, якія магчымасці існуюць для добрых спраў.

Між тым, наша насельніцтва старэе, і тэма паліятыўнай дапамогі з цягам часу будзе станавіцца ўсё больш вострай. А значыць, нам трэба будзе развівацца далей, і развівацца больш актыўна, каб прадастаўляць паслугі на сучасным узроўні, з улікам усіх тых магчымасцяў, якімі карыстаюцца ва ўсім свеце.

Р.S. <І>Па нумары рэгістратуры 8 (017) 230 24 04 можна атрымаць інфармацыю аб тым, як атрымаць кансультацыю любога спецыяліста хоспіса, у тым ліку псіхатэрапеўта або псіхолага, якія дапамогуць адшукаць адказы на пытанні "што рабіць, калі ў доме цяжка хворы?", "як перажыць страту блізкага чалавека?". У хоспісе падкажуць, як менавіта даглядаць цяжкахворага дома, і якім чынам можна паспрыяць рабоце ўстановы. Грашовыя ахвяраванні ў беларускіх рублях можна перавесці на разліковы рахунак:

УНП 190657716, ОКПО 37676867.

р/р 3642000000054 у ф-ле №511 ААТ "ААБ Беларусбанк", код 815.

220009, г. Мінск, вул. Стаханаўская, 19. Тэл. 230 99 33.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле даўніх традыцый, перадсвяточныя дні заўсёды былі часам праяўлення міласэрнасці і клопату аб тых, хто воляй лёсу аказаўся бездапаможным. Перад невылечнай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика