Калі выплацяць кампенсацыю жыхарам “дажыначных” дамоў?
28.12.2011 11:34
—
Новости Общества
|
Калі выплацяць кампенсацыю жыхарам “дажыначных” дамоў? Пасля рамонту дамоў да “Дажынак” іх жыхары яшчэ чакаюць выпраўлення хібаў у сваіх кватэрах. Але будаўнікі не кажуць, калі справяцца з работай.
Дом насупраць кінатэатра “Радзіма” па вуліцы Прытыцкага − адзін з 98 дамоў, якія капітальна рамантавалі да “Дажынак”. Тут зрабілі грунтоўны рамонт даху, уцяплілі сцены, абабілі балконы прафнасцілам і прымацавалі над імі казыркі. Гаспадар Мікалай Тамашэўскі паказвае сваю “дажыначную” кватэру: − Дзе ж вы бачылі, каб у казырку было 20 дзірак? Напэўна, яго спачатку няправільна прымацавалі, а потым перастаўлялі. Абшылі балкон прафнасцілам. Я асабіста бачыў, што каля дома былі складзеныя доўгія лісты, якраз на шырыню балкона. Але чаму ў выніку ён абшыты не суцэльным лістом, а некалькімі кавалкамі? Пакуль мянялі дах, вада прасачылася ў кватэру, і цяпер каля акон сыплецца тынкоўка. Дзякуй за рамонт, але трэба ж выправіць хібы. Некалькі сем’яў ужо распачалі рамонт, каб на Новы год было ўтульна. А я прынцыпова буду чакаць кампенсацыі. Рамон за рамонтам на “Дажынкі” Назваць дату, калі закончыцца выпраўленне хібаў, зробленых падчас рамонту дамоў да “Дажынак”, “Камунальнік” не можа. Віну за недаробкі і за немагчымасць даць людзям адказ, калі ім зробяць рамонт, прадпрыемства ўскладае на падрадчыкаў. У пятніцу, 16 снежня, намеснік дырэктара па жыллёвых пытаннях прадпрыемства “Камунальнік” Аляксей Арол абавязаў усіх падрадчыкаў, якія займаліся “дажыначным” рамонтам, падрыхтаваць гарантыйныя лісты, а ў іх назваць канчатковы тэрмін здачы жыллёвага фонду. Даслаць іх неабходна было да панядзелка, але ў аўторак, 20 снежня, абавязацельствы выканала толькі частка арганізацый. Намеснік дырэктара па жыллёвых пытаннях не можа адказаць, калі закончаць працу на “дажыначных” аб’ектах. Паводле яго слоў, рамонт яшчэ трэба зрабіць у 120 кватэрах. У васьмі з іх “Камунальнік” сам праводзіць работы. Грошы прадпрыемства потым будзе спаганяць праз суд. У 65 кватэрах гэтае пытанне вырашылі. Жыхарам 10 кватэр падрадчыкі ўжо выплацілі страты грашыма, у 51 кватэры цяпер праводзяць рамонт домакіраўніцтвы ці падрадчыкі, чатыром кампенсацыю выдалі па страхоўцы. У нумары за 28 кастрычніка “РГ” друкавала інтэрв’ю з намеснікам дырэктара па жыллёвых пытаннях прадпрыемства “Камунальнік” Аляксеем Арлом, у якім ён расказаў, што ўсе работы павінны быць закончаныя да канца лістапада. На дварэ канец снежня. Праблемы застаюцца. Асфальтаваць хацелі ўвесь горад Работы на дарогах, дзе зацвердзілі капітальны рамонт ці рэканструкцыю да “Дажынак”, ужо закончылі, паведаміла начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела “Камунальніка” Таццяна Паляковіч. Першапачаткова планавалі навесці парадак ва ўсім горадзе. Але з-за абмежаванага фінансавання праграму давялося “ўрэзаць” і займацца рамонтам ці рэканструкцыяй толькі на Вялікім Гасцінцы і вуліцах, да яго прылеглых. Праекты, якія засталіся па-за кадрам, будуць паступова рэалізоўвацца, як з’явяцца грошы. Запраектаваны капітальны рамонт васьмі дарог. Ён уключае замену асфальтавага пакрыцця, укладку тратуарных дарожак. Складзеныя праекты на рэканструкцыю 27 дарог горада, шэсць з іх − на Лясных: будуць добраўпарадкаваныя вуліцы Паўночная, Сухая і іншыя. Агулам кошт рэалізацыі гэтых праектаў − 30 мільярдаў рублёў пры сённяшніх цэнах на матэрыялы. Бягучы рамонт, у тым ліку пешаходна-транспартнай сувязі каля рэдакцыі “РГ”, будзе праводзіцца з паступленнем у “Камунальнік” грошай з раённага бюджэту ў новым годзе. У "дажыначнай" кватэры Мікалая Тамашэўскага: Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля рамонту дамоў да “Дажынак” іх жыхары яшчэ чакаюць выпраўлення хібаў у сваіх кватэрах. Але будаўнікі не кажуць, калі справяцца з работай. Дом насупраць...
|
|