Горад не для ўсіх, або Адзін дзень з жыцця інваліда-калясачніцы
30.12.2011 13:36
—
Новости Общества
|
Горад не для ўсіх, або Адзін дзень з жыцця інваліда-калясачніка Таццяна Крышталь ужо 22 гады вымушана перамяшчацца на інваліднай калясцы. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна імкнецца жыць звычайным жыццём. Нават мары ў гэтай адкрытай і ўсмешлівай жанчыны нічым не адрозніваюцца ад мар здаровых людзей: даць адукацыю дачцэ, зарабіць на новую машыну і знайсці чалавека для душы.
"Дачку вынасіла ў калясцы, у калясцы яе і выхоўваю" Зранку рушыла на праспект Ракасоўскага, 50. Менавіта там, у спецыяльным доме для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў № 1, і жыве мая новая знаёмая разам з 14-гадовай дачкой Вікай і кошкай Буськай. — Праходзьце, калі ласка, паглядзіце, як мы жывём, — запрашае ва ўтульную і з густам абстаўленую двухпакаёўку гаспадыня. — Віка мая зараз у школе, але я вам яе пакажу на фотаздымку. Яна ў мяне акселератка (смяецца), самая рослая ў класе — ажно 176 см. Праз колькі хвілін мы ўжо сядзелі на кухні і пілі каву. Таццяна ахвотна расказвала пра сваіх сяброў, сярод якіх нямала людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Паведала (праўда вельмі лаканічна) і асабістую гісторыю. — Калі мне было 17 гадоў, я трапіла ў аўтамабільную аварыю. Пашкодзіла пазваночнік. З таго часу і не хаджу, зусім не адчуваю сваіх ног. Шмат часу правяла ў бальніцах, аднаўлялася. А праз 8 гадоў выйшла замуж. Былы муж у мяне таксама быў інвалідам. У яго адсутнічалі кісці абедзвюх рук. У хуткім часе зацяжарала. Дачку вынасіла ў калясцы, у калясцы яе і выхоўваю. — Дзяўчынка нарадзілася здаровай? — Дзякуй Богу (усміхаецца). Нягледзячы на каляску, Таццяніна жыццё нельга назваць спакойным. Яна вельмі мабільная і жыццярадасная. Два гады таму захапілася вялікім тэнісам, у вольны час вырабляе мармышкі для сяброў — аматараў рыбалкі. — А самі рыбу лавіць любіце? — Штолета спускаемся з валанцёрамі на плытах па Бярэзіне. Спартыўны клуб нам на тры дні прадастаўляе бясплатна плот. Тады, безумоўна, аматары рыбалкі ловяць рыбу. А я з задавальненнем гатую юшку. Наогул вельмі люблю гатаваць. Тата Вікі — грузін па нацыянальнасці, таму я добра ведаю грузінскую кухню. — Акрамя гатоўкі, чым яшчэ любіце займацца па доме? — Люблю мыць падлогу рукамі, не швабрай. Менавіта падчас фізічнай працы будуюцца планы майго жыцця. "Я з задавальненнем пайшла б працаваць таксісткай" Таццяна разумее, што шмат якія прафесіі для яе недасяжныя, таму скончыла бухгалтарскія курсы. Зараз у якасці валанцёра дапамагае весці бухгалтэрыю ў асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. І марыць знайсці звычайную аплатную працу. Але кожная спроба ўладкавацца па спецыяльнасці на звычайнае прадпрыемства заканчваецца адмовай. — Наймальнік не бярэ ў разлік мае прафесійныя якасці, — кажа жанчына, — бо разумее, што, перш чым узяць інваліда-калясачніка на працу, ён павінен стварыць доступ да працоўнага месца: паклапаціцца пра пандус, пад'ёмнік. На нас пакуль што глядзяць як на абузу, а не як на людзей, якія могуць быць карыснымі. Таццяна прызналася, што, калі б не аварыя, пэўна б працавала дальнабойшчыкам. За рулём жанчына ні многа ні мала ўжо 8 гадоў. Выязджае ў горад практычна штодзень: у будныя дні на працу, у выхадныя — з дачкой у музей, або на кірмаш зрабіць пакупкі. — Я пайшла б таксісткай працаваць, — кажа мая новая знаёмая. — Люблю кіраваць аўтамабілем. Здаецца, я б там і жыла, калі б бензін быў не такі дарагі. Але нам дзяржава не дазваляе працаваць па найме. Гэта значыць, я сваё дзіця магу вазіць, я за яе адказваю, а за чужых людзей не магу! Дзе логіка? Вось і атрымліваецца, што Таццяна мае схільнасці да той працы, якой марыць займацца, адпаведныя навыкі, вялікае жаданне, але знайсці сабе занятак можа толькі нізкааплатны — і толькі ў хаце. "Бардзюры і пандусы — гэта наша бяда" Так супала, што на той дзень была прызначана сустрэча жыхароў дома, у якім жыве Таццяна, з кіраўніцтвам суседняй крамы "Палессе". Інваліды-калясачнікі скардзіліся, што яны не могуць самастойна заехаць у краму па пандусе, бо той пабудаваны з парушэннямі нормаў. Папрасілі стварыць для іх некалькі парковачных месцаў на аўтастаянцы. Гутарка атрымалася непрацяглай, але канструктыўнай і шматабяцальнай. У выніку дамовіліся, што два чалавекі прыедуць і пратэстуюць на сваіх калясках усе бардзюры і пандусы. — Для нас гонар, што вы выбралі менавіта нашу краму, — сказала дырэктар "Палесся" Надзея Шуба. — Мы пойдзем вам насустрач. Арганізуем для вашых аўтамабіляў тры месцы на стаянцы, палепшым заезд на пандус. У перспектыве, калі будзе такая неабходнасць, знойдзем грошы і на пад'ёмнік. Акрамя таго, Надзея Шуба паабяцала разгледзець пытанне адносна зніжак на жыццёва неабходныя тавары для 35 інвалідаў-калясачнікаў, якія жывуць у спецыяльным доме. Пасля сходу Таццяна ўзгадала, што ёй тэрмінова трэба аплаціць страхоўку за аўтамабіль. І запрасіла паехаць з ёй у банк. Маўляў, "якраз паглядзіце, з якімі праблемамі мы сутыкаемся штодзень". Першай перашкодай на шляху да банка, пасля таго, як Таццяна прыпаркавалася і выйшла з машыны, стаў бардзюр. І жанчыне нічога не заставалася, як папрасіць мужчыну, які праходзіў міма, падняць яе разам з каляскай на тратуар. — Большасць бардзюраў у Мінску не адпавядае агульнадзяржаўным ДАСТам. Іх вышыня ў некаторых месцах дасягае 20 і больш сантыметраў! Добра, калі Віка са мной. У іншым выпадку даводзіцца прасіць людзей, каб дапамаглі падняцца. А людзі ж, як вядома, рэагуюць па-рознаму: адны, як гэты малады чалавек, без слоў дапамагаюць. Іншыя — аблаяць: маўляў, паколькі бездапаможныя, дык сядзіце дома. — А вось гэты пандус, па якім вы толькі што падымаліся, адпавядае стандартам? — цікаўлюся я ў Таццяны, пакуль мы стаім у чарзе. — Адпавядае. Толькі вось пліткай ён абкладзены коўзкай. Зімой не падымемся. Ведаеце, у мяне часта пытаюцца, ці адчуваю я дыскрымінацыю ў адносінах да сябе. Дык вось мне часта прыходзіцца па працы вазіць паперы ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна. Там ёсць шырокі ліфт, на якім я не магу падняцца на 4-ты паверх толькі таму, што пандус ля ўвахода пабудаваны з парушэннямі нормаў. Я на яго сама не падымуся, таму вымушана штораз адрываць чалавека ад спраў і прасіць, каб ён спусціўся да мяне. Калі б не было такіх бар'ераў, я б нікога не напружвала, а сама паднялася. Вось у гэтым і адчуваю дыскрымінацыю. Перад тым як развітацца, Таццяна ўзняла яшчэ адно праблемнае пытанне. — У нашай краіне чамусьці перасталі выдаваць машыны па льготных цэнах інвалідам-калясачнікам. Вельмі б хацелася, каб дзяржава перагледзела гэтае пытанне і вярнулася да ранейшай практыкі, калі інвалідам трэба было аплачваць толькі 20% ад кошту аўтамабіля. Я зараз езджу на такой сацыяльнай машыне. Але ж яна не вечная, прыйдзе час — і разваліцца. Жывучы ж на пенсію, якая сёння складае 720 тысяч, я магу толькі марыць пра новую машыну. — Таццяна, я ў захапленні ад вашага аптымізму, але ж у кожнага бываюць моманты, калі рукі апускаюцца. Падзяліцеся сакрэтам, як вы выходзіце з дэпрэсіі? — Я ўключаю сваю любімую музыку. Люблю Кузьміна, Макарэвіча. Калі ж сум адольвае перад сном, сярод ночы, ці зранку, што здараецца часцей, то хуценька гляджу на левае плячо, на якім ляжыць галава дачкі, — і дрэнныя думкі знікаюць, быццам іх і не было. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Таццяна Крышталь ужо 22 гады вымушана перамяшчацца на інваліднай калясцы. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна імкнецца жыць звычайным жыццём. Нават мары ў гэтай...
|
|