Старэйшыне вёскі — прыз ад "Звязды"
04.01.2012
—
Новости Общества
|
Жыхарка вёскі Арэшанкі Віцебскага раёна Валянціна Паўлаўна Логінава выйграла ў латарэі для падпісчыкаў "Звязды" параварку. Прыз стаў для яе цудоўным навагоднім падарункам ад любімай газеты, якую яна выпісвае некалькі дзясяткаў гадоў. — Нарадзілася я ў вёсцы Арэшанкі і жыву там па сённяшні дзень. У Сураж у школу хадзіла. Зараз мне 72 гады. З 1965-га ўвесь час працавала на пошце ў Задуброўскім аддзяленні сувязі аднайменнага сельсавета, — расказвае паважаная падпісчыца. — Працавала звычайным паштальёнам, потым прызначылі начальнікам, потым — зноў паштальёнам, і зноў начальнікам...
— "Звязду" пачала выпісваць, калі ўладкавалася на пошту. Вельмі добрая газета, — гаворыць пенсіянерка. — Падабаюцца публікацыі ў рубрыцы "Алё, народ на провадзе", спецыялізаваныя старонкі "Краіна здароўя", "Мясцовае самакіраванне". Валянціна Паўлаўна з мужам летась адсвяткавалі залатое вяселле. Муж да выхаду на пенсію працаваў будаўніком. У іх пяцёра дзяцей, дзевяць унукаў і два праўнукі. Не мог не запытаць пра жыццё ў вёсцы. Тым больш што Валянціна Паўлаўна — старэйшына. — Вёска калісьці была вялікая. Ды хто з'ехаў, хто памёр. Тры дамы заселеныя засталіся. Тут мы з мужам жывём і яшчэ чатыры чалавекі. Шасцёра ўсяго! І яшчэ ў адным дамку — дачнікі, — не без жалю канстатуе старэйшына. — Пазбіралі, дарэчы, грошы — больш за мільён рублёў — агарадзілі за гэтыя грошы могілкі. І яшчэ збіраю грошы, каб надалей добраўпарадкоўваць вёску. Паводле слоў Валянціны Паўлаўны, у вёсцы няма ні цэнтральнага водазабеспячэння, ні крамы. Добра, што аўталаўка прыязджае спраўна па графіку — раз у тыдзень. — Калодзеж грамадскі трэба чысціць. Абяцалі камунальнікі гэта зрабіць, — працягвае жанчына. — Дарогу на Сураж падсыпалі, за што дзякуй дарожнікам. А вось прыпынак аўтобусаў толькі па патрабаванні. Дойдзеш да асфальту, чакаеш-чакаеш, а аўтобус не спыняецца. Не трэба нам дарогу асфальтаваць і прыпынак рабіць, проста хочацца, каб шафёр спыняўся, бо ў Суражы ў нас бальніца, аптэка, крама, царква. Можа трэба да старшыні райвыканкама звяртацца?.. А так — настрой добры. Пенсіі патроху дабаўляюць. Нам з мужам хапае: і адзетыя, і абутыя, есці ёсць што. Ад імя ўсіх супрацоўнікаў рэдакцыі хочацца пажадаць паважанай Валянціне Паўлаўне, яе мужу, дзецям, унукам і праўнукам моцнага здароўя, поспехаў і аптымізму. І каб надалей "Звязда" заставалася іх памочніцай, дарадчыцай, сяброўкай. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхарка вёскі Арэшанкі Віцебскага раёна Валянціна Паўлаўна Логінава выйграла ў латарэі для падпісчыкаў "Звязды" параварку. Прыз стаў для яе цудоўным...
|
|