Прадпрымальнікі просяць павысіць базавую велічыню толькі да 50 тысяч. 21.by

Прадпрымальнікі просяць павысіць базавую велічыню толькі да 50 тысяч

06.01.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З адпаведнай просьбай Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў звярнуліся да прэм'ер-мінінстра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча. У прыватнасці, у гэтым звароце беларускія прадпрымальнікі адзначаюць, што павышэнне з 1 красавіка памеру базавай велічыні да 100 тысяч "вельмі адмоўна адаб'ецца не толькі на прадпрымальніках, але і на ўсім насельніцтве ў цэлым, паколькі памер базавай велічыні фігуруе ў дзясятках нарматыўных актаў".

Па разліках прадпрымальнікаў, павышэнне базавай велічыні ў тры разы аўтаматычна прывядзе да росту арэнднай платы (тым больш што дзяржава з'яўляецца найбуйнейшым уласнікам нерухомасці ў краіне). Бо, як прапісана ў Палажэнні аб парадку вызначэння памераў арэнднай платы, стаўка арэнднай платы — гэта кошт 1 кв. метра арандуемай плошчы нерухомай маёмасці ў месяц, разлічаны зыходзячы з базавай стаўкі з прымяненнем каэфіцыентаў. Як напісана ў лісце, у сваю чаргу, "павелічэнне памеру арэнднай платы ў тры разы аўтаматычна цягне за сабой павелічэнне кошту тавараў (паслуг), бо ўсё гэта будзе закладвацца ў сабекошт". Але нават у гэтым выпадку, як мяркуюць эксперты бізнэс-саюза, для большасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў арэндная плата стане непасільным гнётам.

Па-другое, таксама ў тры разы вырастуць і штрафныя санкцыі, таму што большасць з іх вылічаецца ў базавых велічынях. Адначасова павялічацца і дзяржпошліны: напрыклад, рэгістрацыя індывідуальнага прадпрымальніка будзе каштаваць не 17,5 тысячы, а 50 тысяч. А рэгістрацыя камерцыйнай арганізацыі — не 175 тысяч, а 500 тысяч.

Зыходзячы з усяго гэтага, прадпрымальніцкія аб'яднанні прапануюць ураду перагледзець пастанову № 1785 ад 30 снежня 2011 года "Аб устанаўленні памеру базавай велічыні" і выказваюць меркаванне, што ў 2012 годзе базавую велічыню можна павялічыць толькі да 50 тысяч рублёў.

Як патлумачыў "Звяздзе" Уладзімір КАРАГІН, старшыня ГА "МССПіП" і СЮА "РКП", па-першае, пры прыняцці такіх рашэнняў ураду трэба раіцца з бізнэсам; па-другое, павялічваць базавую велічыню трэба не адным махам, а паступова:

— Безумоўна, аб'ектыўна павышаць базавую велічыню неабходна. Але гэта трэба было рабіць паэтапна з 2007 года. Бо любы плацеж, які адразу павышаецца ў тры разы, адразу адаб'ецца на цэнах. Калі казаць пра арэндную плату, то яна і так у Мінску з 1 студзеня павялічана, а тут — яшчэ адно павышэнне. Ды і ўсе плацяжы, пачынаючы ад уваходу ў бізнэс і заканчваючы штрафнымі санкцыямі — усё гэта павялічыцца ў трохкратным памеры. Гэта ж можна было зрабіць неяк паэтапна, бо эканоміка і бізнэс яшчэ не адаптаваліся да ваганняў на рынку. Тым больш што зіма — гэта заўсёды ў нас дэпрэсіўны перыяд у эканоміцы, калі зніжаюцца ўзроўні продажаў, калі партнёры ў Расіі знаходзяцца ў адпачынках і г. д. Да таго ж пры заключэнні здзелак, кантрактаў на 2012 год бізнэс не ўлічваў, што з 1 красавіка базавая велічыня вырасце ў тры разы. І мы лічым, што падстаў так спяшацца няма. Паўтаруся, павышаць трэба, але паэтапна: спачатку, скажам, з ліпеня — да 50 тысяч, потым, у канцы года, можна выйсці на большую лічбу...

Па другое, значныя для бізнэсу дакументы ўсё-такі трэба абмяркоўваць з дзелавой супольнасцю, як гэта запісана ў Дырэктыве № 4. У нас ёсць Савет па развіцці прадпрымальніцтва, ёсць бізнэс-асацыяцыі — можна сабраць прадпрымальнікаў і параіцца, мы б разам выпрацавалі нейкія падыходы. Мы звярнуліся да прэм'ер-міністра з просьбай перагледзець рашэнне, бо ведаем, што Міхаіл Уладзіміравіч і ўрад у цэлым узважана рэагуюць на такія пытанні.

— Уладзімір Мікалаевіч, але ж дэвальвацыя, калі рубель абясцэніўся амаль у тры разы, завяршылася восенню, а базавая велічыня падымаецца толькі вясной. Можна сказаць, што было дадзена паўгода адтэрміноўкі...

— Дык у эканомікі і ў бізнэсу і іншых затрат і рызык хапае зараз. Не падымае ж сёння ўрад кошт камунальных паслуг адразу ў тры разы, правільна? Калі зыходзіць з гэтай логікі і ўсё памнажаць на тры, то чаго мы тады даб'ёмся? Сацыяльнага выбуху і спынення бізнэсу? Не трэба наносіць самім сабе ўрон, такія рэзкія скачкі — не дапушчальныя. Гэта не вельмі добры пачатак года ва ўмовах непрагназавальнасці.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З адпаведнай просьбай Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў звярнуліся да прэм'ер-мінінстра...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика