Ліміт на спажыванне электраэнергіі будзе залежаць не ад колькасці жыльцоў, а ад пліты — газавай ці электрычнай?
06.01.2012
—
Новости Общества
|
Нашу падпісчыцу з Астравецкага раёна, якая патэлефанавала на "гарачую лінію", нельга назваць даўняй прыхільніцай — "Звязду" чытае ўсяго гады чатыры. "Дагэтуль спрабавала выпісваць розныя выданні — усё нешта не тое. А потым на пошце, даведаўшыся пра маю праблему, параілі выпісаць "Звязду". Паспрабавала — і засталася задаволенай". Чалавек цудоўна арыентаваўся, так бы мовіць, у "журналісцкай кухні": ведаў аўтараў, праблематыку... З падпісчыцай было проста прыемна пагутарыць. Тым больш што і сваё пытанне яна задала не дакучліва і ў той жа час слушна. Датычыцца яно ўсіх, бо гаворка — пра магчымае ўвядзенне лімітаў на электраэнергію. — Дэпутаты абмяркоўвалі гэтае пытанне і было агучана, што з 1 студзеня ліміты могуць быць уведзены. Трэба эканоміць, што зробіш. Але давайце паразважаем над лічбамі, якія мы пачулі. Паразважаем з пазіцыі, прабачце, вясковага жыхара. Гараджанін з вялікага горада першапачаткова мае пэўныя выгоды — тую ж гарачую ваду ў кватэры. Вядома, ён плаціць за яе, аднак, каб атрымаць гэтую выгоду, не прыкладае дадатковых намаганняў — проста адкрывае кран... Мы колісь атрымалі дамок у вёсцы ад фабрыкі. Ацяпленне, гарачую ваду адключылі ў ім шмат гадоў таму. І мы самі, нікога не просячы, набылі кацёл, самі зрабілі ацяпленне. Бойлер бярэ шмат электраэнергіі, бо набываўся даўно, калі не было такога выбару больш эканамічных. Але, паўтаруся, як і многія іншыя, мы не сядзелі на шыі ў дзяржавы, не прасілі дапамогі, а самі вырашалі свае праблемы. Прабачце, але і нам жа, як тым гараджанам, хочацца, каб у доме была цёпленькая вада. Затое ў зімовы час у нас за месяц на дваіх "набягае" 230 кілават. Дык у нас у дом хоць халодная вада падведзена. А дзеці, што жывуць у Астраўцы, мусяць падаваць яе ў жыллё з уласных калодзежаў пры дапамозе помпаў. А гэта ж зноў расход электраэнергіі. Заўважце, толькі на тое, каб забяспечыць мінімальны камфорт. Выходзіць, з увядзеннем лімітаў на спажыванне электраэнергіі толькі палову мы будзем аплачваць па цяперашніх тарыфах, а астатняе — па значна большых. Чаму? Я пенсіянерка, але сужэнец яшчэ працуе. А ў каго абое пенсіянеры? Ці жывёла ў гаспадарцы ёсць, якую напаіць-накарміць трэба? Тут жа таксама без электрычнасці не абысціся, — дзялілася сваімі развагамі жанчына. Мы яшчэ працяглы час абмяркоўвалі гэтыя агучаныя 107 кілават на месяц на аднаго чалавека плюс яшчэ 30 кілават — калі на двух... Чытачка папрасіла па магчымасці данесці гэтыя думкі да ўрада, дэпутатаў. Выказвала занепакоенасць, што пасля афіцыйнага абвяшчэння лімітаў на спажыванне электраэнергіі абмяркоўваць нешта будзе ўжо позна... "Звязда" атрымала невялікі каментар на зварот чытачкі ў дзяржаўным вытворчым аб'яднанні электраэнергетыкі "Белэнерга". — Міністэрствам энергетыкі падрыхтавана дакладная запіска ва ўрад. Там сказана, што агучаныя прапановы па ўвядзенні лімітаў на спажыванне насельніцтвам электраэнергіі яно лічыць непрымальнымі. Больш за тое, іх зараз увогуле нельга ажыццявіць. Справа ў тым, што ў краіне няма поўнай, 100-працэнтнай базы ўліку грамадзян-абанентаў. Напрыклад, у канкрэтным доме маецца адзін абанент, з якім заключаны дагавор на пастаўку электраэнергіі. А прапісаны тры чалавекі, пражывае ж больш ці менш. Можа быць і так, што прапісана пяцёра, а фактычна жыве адзін. І сітуацыя з колькасцю жыльцоў у адным доме, кватэры можа змяняцца, яна не будзе ўвесь час пастаяннай. Як адсочваць гэтую інфармацыю, прычым кожны месяц?.. — Якія прапановы агучаны ў дакладной запісцы замест ужо прапанаваных лімітаў — 107 кілават у месяц на чалавека, плюс яшчэ 30 кілават — калі ліміт на дваіх, і гэтак далей на кожнага наступнага члена сям'і? — Ліміт на кожнага абанента, з якім заключаны дагавор на пастаўку электраэнергіі. Калі жыллё абсталявана газавай плітой — 150 кілават у месяц, калі электрычнай — 250 кілават. Колькасць фактычна пражываючых у жыллі ўжо пад ўвагу не бярэцца. — Такія лічбы плануюцца і для вясковых, і для гарадскіх жыхароў аднолькавымі? І калі мяркуецца іх увесці ў дзеянне? Многія хвалююцца, што гэта будзе зроблена "заднім чыслом" — з пачатку года?.. — Падзелу на гарадскіх і вясковых спажыўцоў не плануецца. Пад увагу будзе прымацца толькі пліта — газавая ці электрычная. Што датычыцца тэрмінаў... Мяркую, што гэта будзе не з 1 студзеня. Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашу падпісчыцу з Астравецкага раёна, якая патэлефанавала на "гарачую лінію", нельга назваць даўняй прыхільніцай — "Звязду" чытае ўсяго гады чатыры....
|
|