Як паслу Швецыі жонку шукалі.... 21.by

Як паслу Швецыі жонку шукалі...

10.01.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Карэспандэнты "Звязды" прынялі ўдзел у абрадавым гульбішчы "Жаніцьба Цярэшкі"

На дварэ — марозны студзеньскі вечар. Ціша. Вецер сціх, і толькі ледзьве заўважная імжа кладзецца на зямлю. Вялікая хата з бярвенняў пад яркім святлом ліхтара ўзнаўляе ў памяці такія знаёмыя, але з часам паціху забытыя вобразы роднай вясковай хаты.

Вунь, стрыгануўшы вухам, да хаты таропка затрухала шэрая котка. На хвіліну стаіўшыся, жывёліна пачала цікаваць за хатай і яе насельнікамі, якія, як толькі бразгала клямка дзвярэй, давалі пра сябе знаць вясёлым гулам і спевамі. Клямка бразгала ўсё часцей — вясёлы гул ужо не спыняўся, і котка заспяшалася далей...

У гэты вечар да хаты прыбывалі ўсё новыя і новыя госці. Прыгожыя льняныя спадніцы, яркія ўзоры кашуль, паясы, наміткі... Вясёлыя найгрышы музыкаў так і запрашалі кінуцца ў скокі. Аднак мальцы і дзяўкі нясмела таўкліся ля парога ці ў сенцах.

Насупраць, седзячы ў квяцістых хустках, на доўгай лаве сваю "вахту" неслі вясковыя бабулькі. Добра прапаленая печ паддавала духу — бабулькі хутка расчырванеліся, але наседжаную лаву ля сцяны не пакідалі.

А з сенцаў даносіліся пахі апетытных страў. Тут і шкваркі, і бульбачка, і капустка, хатнія каўбаскі, гурочкі, клёцкі, бліны з начынкам... Стравы яшчэ чакалі сваёй чаргі — спачатку трэба было "ажаніць Цярэшку".

"Ці не ажаніць нам Цярэшку?"

Абрад "Жаніцьба Цярэшкі" быў распаўсюджаны на памежжы Полацкага княства, а сёння ладзіцца на Віцебшчыне штогод. Асабліва прыжыўся абрад у Лепельскім раёне. Тут у калядны перыяд гэту вясёлую абрадавую гульню ладзяць адразу ў некалькіх вёсках. У адну з іх — вёску Селішча — карэспандэнты "Звязды" і завіталі.

— Абрад дастаўся нам у спадчыну ад продкаў, — гаворыць ідэйны натхняльнік ігрышча Вольга Маханенка. — "Цярэшку жанілі" яшчэ нашы дзяды, нашы бацькі, а цяпер — і нашы дзеці. "Цярэшка" — гэта такі продак, які дапамагаў парам жаніцца. Нібы як сімвал кахання і сям'і. Кожны хлопец адчуваў сябе Цярэшкам.

Пачыналася ўсё з карагода, які вадзілі каля вогнішча. У нейкі момант запальвалася Калядная зорка, сімвал летне-зімовага сонцавароту, — гэта азначала, што з сённяшняга дня ноч карацейшая за дзень.

Пад гукі дуды маладзіцы радасна кідаліся абдымаць плот. Мужчыны сціпла ўсміхаліся, сочачы, як ліхаманкава лічаць колькасць жэрдак дзяўчаты і як яны радасна скачуць, налічыўшы цотны лік.

Асноўнае ж дзейства развівалася затым ў хаце. Выбраныя з ліку паважаных удзельнікаў "бацька і "маці" пачыналі гульбішча, выбраўшы кожнаму прысутнаму пару. Такім чынам, і карэспандэнт "Звязды" Ілья Лапато, і прысутны пасол Швецыі Стэфан Эрыксан атрымалі пад руку па новай жонцы...

"Кожнай Мар'і — па Цярэшку!"

...У момант, калі ўсім пачалі шукаць пару, я падумаў, што неяк абыдзецца і мяне не заўважаць. Заўважылі. Маёй нарачонай стала калега — журналістка Надзея Суслава, з якой нас "пажанілі" пасля сімвалічнай полькі і глытка з чарачкі. Умомант стаўшы "дзядулькам" і "бабулькай", мы павінны былі сваё "каханне" даказаць у выпрабаваннях...

Першае выпрабаванне называлася "Пацалункі". Ставяць лаву, а "маладыя" сядаюць на яе спінаю адно да аднаго. І на "раз-два-тры" павінны павярнуць галаву да сваёй "паловы". Калі і ён, і яна паварочваюцца ў адзін бок, значыць, пара павінна пацалавацца. Павярнуліся ў розныя бакі — трэба спрабаваць, пакуль не атрымаецца.

Адно з самых няпростых выпрабаванняў — "Вішанька". Твая "жонка" становіцца на лаву, а ты павінен падскочыць і пацалаваць яе. Усё як бы добра, калі ты высокі, але калі ростам не ўдаўся, то каб даскочыць, трэба добра разагнацца...

— У жыцці я ўжо жанаты, — усміхаецца "Звяздзе" шведскі пасол Стэфан Эрыксан. — Гэта абрад — першы, дзе мяне ажанілі наноў. Увогуле, было вельмі весела. У Швецыі гульні таксама жывуць. У дзяцінстве я гуляў у нешта падобнае. Было ў нас і калядаванне. Зараз ужо няма, але раней практыкавалася. Увогуле гарманічна сябе адчуваю ў кампаніі добрых людзей. Было цікава — і абрад, і новая "жонка" спадабаліся.

"А весела было: і хадзілі, і спявалі"

Пасля скокаў і прыпевак, якімі да болю ў жываце павесялілі бабулькі ў стракатых хустках, усе селі за стол, апетытна хрумкаючы дранікамі, каўбаскай і агурочкамі.

74-гадовая Зінаіда Мірановіч, мастацкі кіраўнік самадзейнага калектыву, адна з тых самых бабулек у стракатых хустках, распавяла пра тое, як бавіла час моладзь у яе часы.

— Вячоркі ў нашай вёсцы былі кожны раз. У суботу, у нядзелю і ў святкі. А Каляды чатыры дні святкавалі, чатыры дні весяліліся. Па чарзе наймалі хату, запрашалі гарманістаў, бубяністаў, скрыпачоў... Вёскамі збіралася, мы па 15 кіламетраў хадзілі на вечарынку. Ідзеш наранку дахаты — салаўі заліваюцца. Там — на вячорках — і знаёміліся. Не было адзявацца ў што, абувацца ў што. Калі хто быў багацейшы, то ў яго прасілі: ці дасі мне сёння "красівую" куртачку. Пытаешся ў мамы, ці можна даць? Можна, дачушка, дай — яны ж бедныя... Але хоць і бедна, але весела было. І хадзілі, і спявалі, і такія радасныя былі...

Ілья ЛАПАТО. Фота Марыны Бегунковай.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнты "Звязды" прынялі ўдзел у абрадавым гульбішчы "Жаніцьба Цярэшкі" На дварэ — марозны студзеньскі вечар. Ціша. Вецер сціх, і толькі ледзьве...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика