Цэлы свет вакол цябе!. 21.by

Цэлы свет вакол цябе!

10.01.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дырэктар Магілёўскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна Краўчанка кажа, што Год кнігі пачынаецца добра, нават цудоўна. Таму што літаральна напрыканцы мінулага года магілёўскія бібліятэкі атрымалі 260 мільёнаў рублёў на падпіску і закуп новай літаратуры, у тым ліку і на беларускай мове.

Актуальныя Багдановіч і Быкаў

— Нашы самыя смелыя спадзяванні спраўдзіліся, таму 2012-ы не заспеў нас знянацку! Але справа тут не толькі ў новых кнігах, але і ў нас саміх. Сёлета будзе адзначацца 130-гадовы юбілей Купалы і Коласа, але што мы ведаем пра іх? Ну, на якой паліцы стаяць іх кніжкі — так, дакладна. Зразумела, чыталі ў школе і ў часы студэнцтва...

— Вы вырашылі ўсім працоўным калектывам перачытваць беларускую класіку?

— Хутчэй аднавіць у памяці, каб правільна рэкамендаваць чытачам. Таму мы ўжо другі месяц займаемся на спецыяльных курсах: беларусазнаўца Кацярына Сазонава раз на тыдзень праводзіць з намі  ўрокі роднай мовы і літаратуры. Яна чытае на памяць цэлыя паэмы, і мы імкнёмся да ведаў, крочым за сваім педагогам. Мы яшчэ не вельмі добра размаўляем па-беларуску, але настаўніца верыць у сваіх "вучаніц", і мы шчыруем. Так хочацца размаўляць прыгожа, як у вершах Купалы і Коласа, дзе ўсё лёгка, пявуча! Адна асалода.

Вось сапраўды, каб вывесці беларускую літаратуру на ўзровень чытання рознымі пакаленнямі, бібліятэкарам неабходна самім яе ведаць. Мы толькі што нанова адкрылі для сябе Багдановіча. А вось на маім стале кніга аповесцяў і апавяданняў Быкава — гэта маё хатняе заданне, дарэчы.

— Я сама калісьці палюбіла беларускую мову дзякуючы творам Івана Шамякіна. Напэўна, беларускую класіку і цяпер чытаюць найбольш школьнікі і студэнты?

— Памылковая думка. Паспрабуйце самі пачытаць. Для мяне Быкаў аказаўся вельмі павучальным: ён нібыта яшчэ раз нагадаў мне, што складаныя жыццёвыя абставіны "штурхаюць" людзей на такія ўчынкі, якія нібыта скіраваны на добрае, але часам атрымліваецца наадварот. Напрыклад, такое можа быць з мацярынскай любоўю. Перад чалавекам часам паўстаюць такія пытанні, за адказамі на якія хочацца звяртацца да мудрых класікаў, і варта гэта рабіць.

У чарзе па Батракову

— Увогуле ў нас ёсць цэлае кола чытачоў, якія чытаюць толькі беларускую літаратуру, ад класікі да новых твораў, надрукаваных у часопісах. Некаторыя патрабуюць літаратуру толькі на роднай мове!

— Аднак размова ідзе не толькі пра класіку, але і пра сучасных беларускіх аўтараў.

— Людзі сярэдняга ўзросту і маладзейшыя аддаюць перавагу творам Наталлі Батраковай, Тамары Лісіцкай, Сяргея Клімковіча. Яны пішуць па-руску. У нас вялікі недахоп іх кніг. У кожнай бібліятэцы, напрыклад, усяго некалькі кніг Батраковай, і ў нас на іх існуе чарга! Летась Наталля пабывала па нашым запрашэнні ў Магілёве, адбылася цікавая сустрэча з чытачамі ў Ратушы. Пісьменніца паабяцала, што яе новая кніга з'явіцца ў лютым, і мы хвалюемся: а які будзе наклад, ці хопіць усім асобнікаў?

— А ўвогуле ёсць цяжкасці з камплектаваннем бібліятэк кнігамі сучасных беларускіх пісьменнікаў?

— Мы адчуваем іх недахоп. Я ўчора зайшла спецыяльна ў кніжную краму і не знайшла на беларускай паліцы папулярных сучасных аўтараў. Што датычыцца выдавецкіх прайсаў — калі са школьнай праграмай усё проста, то па іншыя кнігі даводзіцца пабегаць.

Акрамя твораў ужо названых аўтараў, чытачам падабаюцца дэтэктывы Віктара Праўдзіна, дзеці зачытваюцца Андрэем Жвалеўскім, моладзь аддае перавагу фантастыцы Сяргея Антонава, людзі замаўляюць гумарыстычныя творы Вольгі Грамыкі, гістарычныя кнігі Юрыя Татарынава.

Але мы не заўсёды можам задаволіць патрэбы наведвальнікаў. Таму вельмі хочацца, каб нашы буйныя беларускія выдавецтвы больш вялікімі накладамі друкавалі сучасных айчынных аўтараў, каб не шукаць іх кнігі ў маленькіх "канторах" Расіі. Гэта мы кажам ад імя вялікай арміі нашых чытачоў і ад нас саміх, бо нам хочацца прыцягнуць да чытання моладзь.

Тут чакаюць пісьменнікаў

— А якія пажаданні ёсць да пісьменнікаў?

— Вельмі хочацца, каб беларускія пісьменнікі пісалі свае новыя кнігі на мясцовым матэрыяле. Мне так прыемна ў кніжках Батраковай і Лісіцкай пазнаваць мінскія вулачкі, якія для мяне дарагія. Пішыце нам творы пра жыццё нашых знакамітых землякоў, пра гістарычныя падзеі, якімі багата наша краіна. Не проста дакументальныя, а прыгодніцкія і дэтэктыўныя гісторыі.

Ды толькі ў нашым Магілёве такіх таямніц для напісання кніжак мільён: тут была Царская стаўка, адсюль зніклі беларускія каштоўнасці... І калі пацягнуць нітку з клубка і пераплесці з сучаснымі героямі, то па такія гісторыі тут бы чарга стаяла!

— Карацей: пішыце пра нас і пра наш час! Ідэя актуальная: у Англіі новая хваля цікавасці да твораў Конан Дойла ўзнікла пасля поспеху тэлевізійнага серыяла "Шэрлак", дзе старыя дэтэктыўныя гісторыі перанесены ў наш час: Шэрлак Холмс ходзіць з сотавым тэлефонам, а доктар Ватсан вядзе інтэрнэт-блог.

— Ведаеце, трэба ж зацікавіць моладзь, прыцягнуць яе да чытання! Пісьменнікам варта шчыраваць, каб заваяваць маладую аўдыторыю, а мы заўсёды гатовы рэкламаваць добрыя творы. Мы запрашаем беларускіх пісьменнікаў прыязджаць да нас, каб сустракацца з чытачамі, рабіць прэзентацыі сваіх кніг. Гэта вельмі добрая справа!

— Летась, калі ў Магілёўскую вобласць прыязджала дэлегацыя пісьменнікаў, вельмі ўразілі сустрэчы з універсітэцкай моладдзю. Калі самі аўтары гаварылі, чыталі вершы, усё гэта знаходзіла вялікі водгук у студэнтаў, якія і слухалі ўважліва, і апладзіравалі гасцям.

— Мы хочам арганізаваць шмат сустрэч з беларускімі пісьменнікамі ў Год кнігі. Звяртайцеся да нас і прыязджайце!

Магілёў будзе чытаць

— Што вы збіраецеся рабіць у сувязі з Годам кнігі ў бібліятэках Магілёва? Можа, гэта і скептычны погляд, але, напрыклад, мой сын-падлетак і яго сябры ніякага імпэту ў чытанні кніг не выяўляюць. Можа, кніга ўжо адмірае?

— Не! Падаецца, кніга яшчэ пэўны час будзе жыць! Мы з вамі дакладна дажывём з кнігай у руках.

— Асабіста я — ужо з электроннай кніжкай.

— Ну так, можа, кніга і стане бібліяграфічнай рэдкасцю і людзі масава будуць пераходзіць на электронныя сродкі чытання. Але гэта таксама кніжка, толькі на іншым носьбіце. Праўда?

— Так. "Качаць" актуальныя тэксты з інтэрнэту аказалася больш зручна і танна ў параўнанні з набыццём кніг у крамах.

— Дык давайце чытаць. Мы хочам, каб кніга стала галоўнай дзеючай асобай 2012 года. Ва ўсякім разе, у нашым Магілёве, у Беларусі. Таму галоўны праект сёлета называецца: "Мы — за Магілёў, які чытае". Мы ўсё зробім, каб кніга была ў кожнай сям'і, у кожнага чалавека. Будуць літаратурныя марафоны, асветніцкія акцыі.

У межах іншага праекта "Ёсць такія імёны, ёсць такія даты" раскажам пра знакамітых людзей, беларускіх пісьменнікаў. Будзем выкарыстоўваць усе свае інфармацыйныя магчымасці, нават на вялікіх прадпрыемствах аформім стэнды. Сёлета нас чакае вялікая праца па папулярызацыі кнігі. Напрыклад, мы хочам папулярызаваць сямейнае чытанне.

— Што вы маеце на ўвазе? Кніга ўсё ж такі рэч індывідуальная.

— Памятаеце, што, калі ў ХІХ стагоддзі не было радыё і тэлебачання, людзі садзіліся і чыталі кнігі, разам і па чарзе, потым абмяркоўвалі. Гэта вельмі разумна: гісторыя, якая апісана ў кнізе, вас аб'ядноўвае. Выберыце нейкі твор, які будзе цікавы найперш сыну, а потым штовечар хаця б 10-15 хвілін чытайце па чарзе, услых. Гэта, вядома, нялёгка, трэба рабіць усё тактоўна і ненавязліва, але яно будзе каштаваць высілкаў, асабліва калі атрымаецца стаць бліжэй.

Кніжкі ад суму і адзіноты

— Сем'і цяпер разам найбольш глядзяць тэлевізійныя серыялы.

— Гэта зусім не тое, што чытанне. Кніга "пройдзе" не толькі праз вашы вочы, але праз сэрца. І яшчэ адна парада: было б добра, калі б кніжка для сямейнага чытання была з гумарам. Трэба выхоўваць, развіваць у дзецях пачуццё гумару, бо яно дапамагае жыць. Пачуццё гумару — базавае для чалавека. Нельга ўсё навокал успрымаць надта сур'ёзна.

— Усур'ёз цяжка ўявіць сабе, што чалавек можа сёння жыць без кнігі.

— Ды гэта змрок! Нельга "падсесці" толькі на тэлебачанне і займацца кнопінгам з дапамогай дыстанцыйнага кіравання. Прыходзьце да нас! Людзі, якія сёння не ходзяць у бібліятэкі, страчваюць не толькі сябе, але і цэлы свет вакол. Дзе яшчэ можна атрымаць такую колькасць бясплатных кніг, часопісаў, газет — на любы густ? Прагрэс развіваецца імкліва (гэта наконт электронных кніжак і індывідуальнага чытання), але людзі апошнім часам усё часцей застаюцца адзінокімі. Таму бібліятэкі і кнігі — гэта вельмі актуальна ў нашым 2012 годзе.

Ілона Іванова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дырэктар Магілёўскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна Краўчанка кажа, што Год кнігі пачынаецца добра, нават цудоўна. Таму што літаральна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика