Законы ад жыцця
13.01.2012
—
Новости Общества
|
Сёлетняе 13 студзеня прыкметнае далёка не толькі тым, што прыпала на пятніцу. Менавіта ў гэты дзень 15 гадоў таму новаўтвораная ў беларускім парламенце верхняя палата сабралася на першае пасяджэнне. Пра лёсавызначальныя заканадаўчыя набыткі, ролю сенатараў у жыцці рэгіёнаў і развіцці інтэграцыі з іншымі дзяржавамі, прагнозы наконт сёлетніх парламенцкіх выбараў — у гутарцы са старшынёй Савета Рэспублікі Анатолем РУБІНАВЫМ. — Анатоль Мікалаевіч, якія, на ваш погляд, галоўныя здабыткі гэтых 15 гадоў парламентарызму?
— Чым вылучылася чацвёртае скліканне? — Нямала адказных рашэнняў выпала на нашу долю. Перыяд такі — энергічны, зменлівы. Гэта цэлы блок законаў, якія датычаць эканомікі: фінансава-крэдытная сфера, падатковыя пытанні, лібералізацыя, развіццё прыватнага прадпрымальніцтва. Працягваецца, натуральна, і дзяржаўнае будаўніцтва. Як заўжды, вялікае месца займаюць тыя законы, што датычаць правоў грамадзян і сацыяльнай абароны. Асаблівасцю чацвёртага склікання можна назваць тое, што нам давялося ратыфікаваць больш за 80 міжнародных дакументаў, звязаных з утварэннем Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы — кірунак абсалютна новы для нас, работа па ім будзе працягвацца. А таксама, павінен заўважыць, у нас вельмі моцны прэзідыум (<І>кіраўнікі камісій, якія працуюць на пастаяннай аснове. — Аўт.). Людзі, якія "хварэюць" за дзяржаву, жывуць яе інтарэсамі, нічога іншага ў іх няма, яны суперпрафесіяналы, сапраўдны мазгавы цэнтр. Працуем мы ў свабодным дэмакратычным рэжыме — адкрыта абмяркоўваем усе актуальныя праблемы і найлепшыя шляхі іх вырашэння. — Якая роля сенатараў у прасоўванні інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне? — З 60 краінамі ў нас усталяваны міжпарламенцкія кантакты. Больш як 40 міжпарламенцкіх рабочых груп утворана ў беларускім парламенце. Мы не абмяжоўваемся абмеркаваннем палітычных пытанняў: у парламенце прасоўваюцца і эканамічныя інтарэсы. Самае галоўнае на парадку дня сёння — уступленне ў АЭП. Няпростая штука — агульны рынак: хто куды будзе перацякаць, хто куды з'едзе, хто каго закідае таварамі. Нас яшчэ чакае ўжыванне ва ўсё гэта і знаходжанне слушных балансаў. Тут, скажам прама, асноўную ролю адыгрывае наша кіраўніцтва, безумоўна, наш Прэзідэнт. Менавіта яго цвёрдая, нязменная, паслядоўная пазіцыя, вельмі моцныя валявыя якасці і ўменне бачыць перспектыву прывялі да таго, што, нягледзячы на ўсе супярэчнасці, якія ёсць паміж дзяржавамі, усё ж такі прыйшло ўсведамленне з усіх бакоў таго, што трэба ўмацоўваць і Саюзную дзяржаву, і супрацоўніцтва ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, будучага Еўразійскага эканамічнага саюза. Час інтэгравацца. Не таму, што гэта чыясьці палітыка: сама гісторыя падштурхоўвае краіны да таго. Цяпер усім былым удзельніцам СССР відавочна, што ў адзіночку ніводная з іх не зможа паспяхова існаваць у сённяшнім свеце. Аднак прыняццю прынцыповых рашэнняў кіраўніцтва папярэднічае велізарная работа ў плане кантактаў паміж парламентарыямі. Атмасфера такіх сустрэч — звычайна поўнае ўзаемаразуменне. У гэтай частцы парламенты вельмі дапамагаюць. Яны ствараюць аснову як з пункту гледжання выпрацоўкі заканадаўчых актаў, вырашэння пытанняў, так і з пункту гледжання, прама скажам, псіхалагічнай. Важна, каб людзі сустракаліся, глядзелі ў вочы, разумелі адзін аднаго і адчувалі адзінства. Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, міжпарламенцкія асамблеі СНД, ЕўрАзЭС, АДКБ збіраюцца рэгулярна. Разглядаюцца праблемныя пытанні, якія датычаць узаемадзеяння краін, напрацоўваюцца тыпавыя законы. Пасля яны аналізуюцца ў кожнай дзяржаве, і на іх аснове прымаюцца законы, з тым каб уніфікацыя была ў самым пачатку ўзаемадзення. Саюз Беларусі і Расіі — гэта ўсё роўна цэнтр крышталізацыі. Многае з таго, што будзе рабіцца ў рамках будаўніцтва Еўразійскага саюза, ужо напрацавана ў Саюзнай дзяржаве, у тым ліку і парламентамі. — Анатоль Мікалаевіч, якія міжпарламенцкія кантакты былі найбольш выніковымі апошнім часам?— Гэта, натуральна, Мытны Саюз, патэнцыйны Еўразійскі эканамічны саюз, Саюз Беларусі і Расіі набыў новае дыханне — таму і мы, парламентарыі, тут канцэнтруемся. Таксама наша стратэгічнае партнёрства з Кітаем, узаемадзеянне з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Індыя вельмі важная, з Турцыяй цудоўныя кантакты, Паўднёвая Амерыка (асабліва інтэнсіўнае супрацоўніцтва з Венесуэлай). Сказаць, што заўтра ў нас будзе бязвізавы рэжым з ЕС — відаць, не. А вось што датычыць патэнцыйнага Еўразійскага эканамічнага саюза, будзе іншая сітуацыя ў плане эканомікі, жыцця людзей, іх магчымасцяў — гэта так. І сёння гэта самы вялікі прарыў. — Баланс паміж Усходам і Захадам утрымліваць усё цяжэй? — Магчыма, у меншай меры мы маем поспехі на заходнім кірунку. Але гэта не з намі звязана. З самага пачатку Прэзідэнтам была закладзена шматвектарная палітыка. Геаграфічна Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і павінна мець добрыя адносіны з усімі суседзямі на кантыненце. Гэта яе лёс, і іншага не дадзена, як бы цяжка ні было. Супрацоўніцтва з еўрапейскімі краінамі, ды і з ЗША — гэта наш вялікі інтарэс. Не ўсё тут атрымліваецца, на жаль, але гэта ўжо не па нашай віне. Не было ніводнага выпадку, каб Беларусь на нейкую прапанову ці запрашэнне адказала: мы адмаўляемся. У беларускага кіраўніцтва абсалютна няма ніякага генетычнага непрыняцця Захаду. Мы з велізарнай павагай ставімся да тых дасягненняў цывілізацыі, якія назіраем сёння ў развітых краінах Заходняй Еўропы, ЗША, Японіі. Што мы не прымаем, дык гэта тое, калі прыходзяць і кажуць: рабіце вось так, апранайцеся гэтак, тут у вас павінен быць такі парадак, а калі не будзеце, мы вас пакараем. Згадваючы дэмакратыю, увесь час кажуць аб правах чалавека, а дзе ж правы дзяржавы, калі ёю можна распараджацца, аб'яўляць нейкія санкцыі? На такой аснове пабудаваць нічога нельга. Наша самае вялікае жаданне — нармальна супрацоўнічаць з ЕС, магчыма, быць у гэтым Еўрасаюзе разам з Расіяй і іншымі. Аб'яднацца ўсім, як сказаў наш Прэзідэнт, — інтэграцыя інтэграцыі. Гэта таксама палітыка будучыні. Еўропа зараз спрабуе сілай, ёй хочацца хуткіх рашэнняў, а так не атрымаецца. Ну, яшчэ пастукаюць і ў рэшце рэшт зразумеюць: там, дзе нельга ўзяць сілай, можна — сяброўствам, ласкай і добрымі адносінамі. Калі вы зацікаўленыя, каб Беларусь была бліжэй да Заходняй Еўропы, трэба як мага больш супрацоўнічаць, а не ізаляваць. — Як уплывае Савет Рэспублікі на жыццё ўнутры краіны? — Па-першае, сумесная заканадаўчая дзейнасць з Палатай прадстаўнікоў пабудавана такім чынам, каб з самага пачатку нашы камісіі ўключаліся ў падрыхтоўку законапраекта — яшчэ да першага чытання. Каб не гуляць у гэтую гульню: нам паслалі, мы паморшчыліся, выказалі тры заўвагі, адаслалі назад — там паглядзелі, паправілі, зноў пераслалі. Такім займаюцца палітыканы. Мы сабе гэтага дазволіць не можам. Калі б мы без канца спрачаліся, мы б ніколі не прынялі гэтыя 1600 дакументаў. Па-другое, мы ўзгадняем прызначэнні шэрагу вышэйшых службовых асоб — ёсць магчымасць пракантраляваць. Па-трэцяе, работа ў рэгіёнах з Саветамі дэпутатаў усіх узроўняў. Яна прадугледжвае ўдзел у сесіях, узаемны абмен інфармацыяй. Савет па ўзаемадзеянні, утвораны пры верхняй палаце парламента, каардынуе работу мясцовых Саветаў. Плённая практыка яго выязных пасяджэнняў, дзе разглядаюцца жыццёва важныя пытанні на прыкладзе канкрэтнага рэгіёна. Па-чацвёртае, апошняе па ліку, але не па значнасці, — работа з насельніцтвам. Сенатарамі толькі ў 2011 годзе праведзена больш за 950 прыёмаў грамадзян і разгледжана 4,5 тысячы заяў. Я не сказаў бы, што мясцовыя органы ўлады так ужо моцна недапрацоўваюць. Як правіла, яны нармальна вырашаюць пытанні. Здараецца, недзе няўважліва паставіліся. Тады наша задача — звярнуць на гэта іх увагу. Іншая справа, калі ўлада ва ўсім разабралася і хоча дапамагчы, але рэальна магчымасці гэта зрабіць няма. Да таго ж, ёсць яшчэ і вечныя скаржнікі. Сустракаюцца, аднак, і людзі, якія нічога не просяць, а хочуць, каб пачулі іх прапановы. Гэта актыў. У іх шчырая зацікаўленасць — на гэты патэнцыял трэба абапірацца. Работа з насельніцтвам надзвычай важная ўжо проста таму, што калі парламент будзе адарваны ад жыцця, яго дзейнасць будзе бескарыснай. — Не паспеем азірнуцца, як давядзецца вызначацца з новымі народнымі выбраннікамі. Цікава пачуць вашы прагнозы наконт сёлетніх парламенцкіх выбараў, Анатоль Мікалаевіч. — Думаю, кампанія будзе вельмі актыўнай. Усё ж такі няпростая сітуацыя ў краіне склалался — пераважна па аб'ектыўных абставінах. Людзі нечакана для сябе апынуліся ў становішчы, калі было ўсё добра, танна, даступна, усё можна набываць, будаваць, куды заўгодна ездзіць — і тут раптам трэба эканоміць. Гэта псіхалагічна на іх падзейнічала, натуральна. Крытыкі ўлады будуць у гэтых умовах усяляк ажыўляцца і казаць: няправільная мадэль, не той шлях. Пэўны зарад няпоўнай задаволенасці ёсць і ў грамадстве: нейкія сумненні, мабыць, — ці туды мы ідзём. Выбары будуць няпростыя. Тыя, хто пойдзе на іх, павінны ўсведамляць, што ім трэба прадставіць людзям нешта такое, у што б яны паверылі. — Цяперашні беларускі парламент часта папракаюць у дзіўнай для ўсяго свету адсутнасці апазіцыі... — Мы ўсе зацікаўленыя ў тым, каб у парламенце была апазіцыя. Павінны быць у парламенце людзі, якія гавораць нешта іншае. Калі чалавек кажа слушна, трэба пагадзіцца і прыняць яго прапановы. Калі ён займаецца папулізмам, трэба ўказаць на гэта. У заканадаўстве цяжкасцяў няма — партыі маюць права вылучаць свайго кандыдата, агітаваць за яго і так далей. Але праблема ў чым: што ж іх, за вушы туды цягнуць?! Сёння ўжо гучаць прапановы байкатаваць будучыя выбары. Папросту баяцца. Здабудзь трыбуну — і адтуль даказвай свае пазіцыі канстытуцыйнымі спосабамі. Нам не патрэбны рэвалюцыі, патрасенні. Нам патрэбен паступовы рух. Давайце абмяркоўваць слушныя прапановы. Не ментарскія непрадуманыя выказванні — ад іх толку няма. Прааналізуйце і скажыце нешта талковае. "Курс долара павінен быць такім, таму што...". Толькі дзякуй вам скажуць. — Мабыць, стымулам для ўдзелу партый у выбарах стаў бы пераход да галасавання па партыйных спісах? — Наступныя пасля сёлетніх выбары могуць прайсці па змешанай сістэме. Трэба падрыхтаваць грамадскую думку, стварыць партыі. Нейкія партыі ў Беларусі ёсць, але яны не адлюстроўваюць інтарэсаў насельніцтва. Калі "Белая Русь" захоча аформіцца ў партыю — няхай, але яна не павінна быць наменклатурнай. Адразу перайсці да партыйнай сістэмы нельга, але паступова прывіваць культуру трэба. — У якім рэчышчы, на ваш погляд, павінен развівацца беларускі парламентарызм далей? — Увогуле найбольш аптымальны для Беларусі курс (які парламент будзе замацоўваць у законах) на найбліжэйшы час, гадоў 15, — гэта максімальная эканамічная свабода пры моцнай палітычнай уладзе. Ала МАЧАЛАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлетняе 13 студзеня прыкметнае далёка не толькі тым, што прыпала на пятніцу. Менавіта ў гэты дзень 15 гадоў таму новаўтвораная ў беларускім парламенце верхняя...
|
|