Новае жыццё ПЭТ бутэлькі
13.01.2012
—
Новости Общества
|
"Мае асноўныя інструменты — станок для рэзання, стэплер і фантазія!" Мінчанін Пётр БУДКОЎ са звычайных пластыкавых бутэлек робіць незвычайныя рэчы Самую першую пальму начальнік рамонтна-будаўнічага ўчастка сталічнага прадпрыемства па сартаванні бытавых адходаў "Экарэс" зрабіў тры гады таму. На стварэнне экзатычнага дрэўца ў Пятра і яго памочнікаў пайшло каля 150 ПЭТ-бутэлек. Крэатыўную ідэю адразу ж ухваліла кіраўніцтва і параіла стварыць нешта больш манументальнае. Так у двары прадпрыемства з'явілася альтанка, тры ёлкі, гірлянды якіх таксама зроблены з пластыкавай тары, сям'я паўлінаў, матылёк, снегавік... На кожную "скульптуру" ў Пятра і яго памочнікаў ідзе ў сярэднім два дні. — Брыгада падабралася вельмі талковая, хлопцы на хаду ўсё ловяць, — кажа аўтар эскізаў Пётр Будкоў. — Камбінуем і робім. Тэхналогія зусім нескладаная. Разразаеш ПЭТ-бутэльку на пласціны, сушыш фенам, па чарзе нанізваеш на металічныя пруты. Вось табе і пальма. Для альтанкі патрэбны драўляны каркас. Каб зрабіць рознакаляровы дах, спатрэбілася парадку 1000 пластыкавых бутэлек ад піва, квасу, напояў; на ёлку пайшло не менш як 250 бутэлек. Накрыўкі — элемент дэкору. Асноўныя ж інструменты — самаробны станок для рэзання бутэлек, стэплер і фантазія! На ўваходзе ў прадпрыемства стаіць страус — гэта адна з апошніх работ. У праекце — ліса і калабок. Самаробных казачных персанажаў з нецярпеннем чакаюць падапечныя з Дома дзіцяці № 1 Мінска. — Мы ўжо не першы год аказваем ім спонсарскую дапамогу, — тлумачыць Пётр Будкоў. — На тэрыторыі Дома дзіцяці ўжо ёсць некалькі нашых пальмаў з ПЭТ-бутэлек і паўліны. На мой погляд, гэта таксама выхаваўчы элемент. У большасці краін ужо не адно дзесяцігоддзе экалагічнае выхаванне практыкуецца змалку. Нашым дзецям таксама трэба прывіваць культуру, тлумачыць, што смеціць дрэнна, што кожнай пустой бутэльцы можна знайсці прымяненне. І чым раней, тым лепш. Пётр Будкоў: "Здымайце накрыўку перад тым, як выкінуць бутэльку ў кантэйнер" Гэта простае мерапрыемства дазволіць скараціць выдаткі на дадатковы бензін, амартызацыю транспарту (у кожнай машыне з бытавым смеццем перавозіцца да 50-60 % паветра). Акрамя таго, бутэлька з закручанай накрыўкай дрэнна прэсуецца. Таму сартавальныя прадпрыемствы вымушаны наймаць людзей, якія сядзяць і ўручную здымаюць гэтыя накрыўкі. Праблема адходаў чакае новых падыходаў Наўрад ці можна знайсці нешта больш распаўсюджанае і ў той жа час шкоднае, чым пластыкавая бутэлька. Раскладаецца ў прыродзе каля 150-200 гадоў. Пры згаранні выдзяляе небяспечныя высокатаксічныя рэчывы... За закопванне ў зямлю другасных матэрыяльных рэсурсаў наогул прадугледжана сур'ёзная адміністрацыйная адказнасць. Самае аптымальнае і эканамічна мэтазгоднае выйсце — перапрацоўка. Але было б што перапрацоўваць... — Мы працуем на 30 % ад магутнасці, — кажа дырэктар аднаго з буйнейшых у рэспубліцы прадпрыемстваў па перапрацоўцы ПЭТ-тары "РэПЛАСТ-М" Дзяніс КАТОЛІКАЎ. — Чаму не на 100%? Элементарна не хапае айчыннай сыравіны для перапрацоўкі. Вялікі працэнт выкарыстанай ПЭТ-тары па-ранейшаму адпраўляецца на звалку. У той час як за мяжой, не трэба далёка хадзіць, у суседняй Расіі на адходах зарабляюць добрыя грошы. Падобная праблема ўзнікла пасля адмены ў Беларусі экалагічнага падатку на вытворчасць і імпарт прадукцыі ў пластыкавых бутэльках. ДАВЕДКА Прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў, які атрымаў прызнанне ў Еўропе, заключаецца ў тым, што прадпрыемствы, якія рэалізуюць прадукцыю ў пластыкавай тары, абавязаны па заканадаўстве забяспечыць яе збор і перапрацоўку. Для гэтага яны павінны заплаціць экалагічны падатак у спецыяльны фонд альбо арганізаваць уласную сетку па зборы тары, альбо заключыць дагавор са спецыялізаванай арганізацыяй. Такі механізм дзейнічаў, і даволі паспяхова, да 1 студзеня 2011 года і ў Беларусі. — Мы ўжо год працуем без датацый, — кажа Дзяніс Католікаў. — Некаторыя чыноўнікі кажуць: ну вы ж выжылі. Зараз патлумачу, чаму. Уся наша прадукцыя ідзе на экспарт, а таму розніца на курсах валют, якая ўзнікла, і з'яўляецца для нас другаснай датацыяй. Але ж гэта не вечна. Пакуль мы можам зводзіць канцы з канцамі, але на развіццё і асваенне новых тэхналогій і расшырэнне сродкаў не застаецца. Вось і атрымліваецца, што мы развіваемся не дзякуючы нашай дзяржаве, а насуперак. Ад корпусаў мабільнікаў да моднага касцюма Атрыманыя ў выніку перапрацоўкі ПЭТ-шматкі і гранулы вельмі запатрабаваныя рознымі галінамі прамысловасці. Што толькі з іх ні вырабляюць! Корпусы мабільных тэлефонаў, адзенне, цацкі, плёнку, упаковачную стужку, тратуарную плітку, тэкстыльнае валакно, шчацінне для шчотак прыбіральных машын і машынных мыек, новыя бутэлькі... — Прымяненне другаснай ПЭТ-сыравіны вельмі распаўсюджана за мяжой. А як з гэтым у Беларусі? — цікаўлюся ў Дзяніса Католікава. — Беларускія прадпрыемствы, у прыватнасці, нафтахімічнага комплексу, на жаль, не спяшаюцца мадэрнізаваць вытворчасць, укараняць сучасныя тэхналогіі па вытворчасці прадукцыі з ПЭТ-сыравіны. Хоць гэта эканамічна мэтазгодна. Пра гэта сведчыць тое, што аналагічныя кітайскія і расійскія прадпрыемствы пры вырабе хімічных валокнаў выкарыстоўваюць пераважна сыравіну, атрыманую з другасных рэсурсаў. — Якія яшчэ перспектыўныя кірункі выкарыстання ПЭТ-сыравіны вы бачыце? — Мы летась закупілі абсталяванне і самі пачалі вырабляць упаковачную стужку з ПЭТ-сыравіны. У планах, як толькі з'явяцца сродкі, асвоіць вытворчасць упаковачных другасных плёнак. Яшчэ адным перспектыўным кірункам магла б стаць перапрацоўка і паўторны выраб ПЭТ-упаковак для харчовай прамысловасці. Дарэчы, менавіта ў гэтым кірунку рухаюцца перадавыя краіны Еўропы, ЗША, а таксама Кітай. Але ў Беларусі пакуль дзейнічае закон, які забараняе выкарыстоўваць другасную сыравіну для вырабу харчовых упаковак... "10% насельніцтва заўсёды будуць сартаваць смецце.10% — ніколі. З астатнімі трэба працаваць" Лічбы сцвярджаюць, што кантэйнеры для раздзельнага збору смецця актыўна ўваходзяць у наш побыт. Так, калі ў 2003 годзе ахоп насельніцтва раздзельным зборам не дацягваў нават да 4%, то зараз каля 80% гараджан могуць выкідваць смецце асобна. Як паведамілі ва ўпраўленні камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі, да 2015 года стаіць задача ахапіць такой паслугай усе 100%, у тым ліку і вясковага насельніцтва. — Як прымусіць жыхара шматпавярховіка штораніцы сартаваць смецце і выносіць у кантэйнер? — пацікавілася ў Сяргея Кузьмянкова. — 10% асабліва свядомага насельніцтва заўсёды будуць сартаваць смецце, 10% агрэсіўна настроены ў гэтым плане, з астатнімі 80% трэба працаваць. Па-першае, трэба стварыць для іх умовы — усталяваць кантэйнеры. Дарэчы, у нашым заканадаўстве прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за ўхіленне ад сартавання адходаў. Вядома, пры ўмове, калі ўласнікамі жылых будынкаў забяспечаны ўмовы для раздзельнага збору адходаў. Штраф складае, згодна з артыкулам 15.63 КаАП, ад 5 да 50 б. в. Улічваючы, што памер базавай велічыні павялічыцца з 1 красавіка да 100 тысяч, гэта можа ўляцець у капеечку. Немалаважны і інфармацыйны складнік. Зараз рэклама, тая, якая ёсць, не запамінаецца, у ёй няма іскрынкі, яркасці. Варта таксама распрацаваць экалагічныя праграмы для дзіцячых садкоў, школ, каб паказаць дзецям, што смецце — гэта праблема. — А праўда, што для таго, каб стымуляваць людзей выносіць і складзіраваць смецце ў жоўтыя кантэйнеры, кансервуюць смеццеправоды? — Гэты вопыт прысутнічае, напрыклад, у Гомелі. Там смеццеправоды завараныя ў многіх дамах. Такое рашэнне прынята на ўзроўні мясцовых улад. У Пінску пайшлі іншым шляхам. Там па асобных раёнах горада склалі графік аб'езду жылых забудоў камунальным транспартам. Людзі ў пэўны час выносяць смецце і высыпаюць адразу ў машыну, каб пазбегнуць непрыемнага паху ў двары. Розныя кірункі могуць быць. Дарэчы, у нас заканадаўствам прадугледжана, што распрацоўкай схем абыходжання з камунальнымі адходамі павінны займацца мясцовыя органы ўлады. Менавіта яны і павінны працаваць з насельніцтвам. — А чаму б не ўвесці закладны кошт ПЭТ-тары? Шкляныя ж бутэлькі прымаюць у крамах... — Калі я быў у Швецыі, звярнуў увагу, што там у крамах стаяць аўтаматы, куды можна кідаць пустыя ПЭТ-бутэлькі. Аўтамат, у сваю чаргу, выдае чэк, на які чалавек можа набыць тавар альбо атрымаць на касе грошы. Такая сістэма магчымая ў нашай краіне пасля таго, як будзе ўведзена пашыраная адказнасць вытворцаў. Калі чалавек будзе ведаць, што ён можа вярнуць грошы, страчаныя на ўпакоўку прадукту, то ён здасць бутэлькі перапрацоўшчыкам. І аб'ёмы адходаў, якія вывозяцца на палігоны, значна зменшыліся б. ***¦ У тым, што перапрацоўка другасных рэсурсаў выгадная, няма сумненняў. Па-першае, мы не настолькі багатыя, каб выкідваць прыдатныя для паўторнага выкарыстання матэрыялы. Па-другое, іх вяртанне ў абарот значна зніжае нагрузку на экалогію. Па-трэцяе, любы новы кірунак у бізнэсе — гэта дадатковыя паступленні ў бюджэт краіны і новыя працоўныя месцы. Акрамя таго, атрыманая ў працэсе перапрацоўкі танная сыравіна дазваляе вырабіць канкурэнтаздольны канчатковы прадукт. Усе пералічаныя "за", здавалася б, павінны спрыяць стварэнню ў краіне стройнай і дакладнай сістэмы збору і перапрацоўкі адходаў, а таксама вытворчасці з іх... Надзея ДРЫЛА, фота аўтара. А вы ведалі, што... 5 двухлітровых бутэлек дастаткова для вытворчасці спартыўнай майкі; 20 двухлітровых бутэлек — для вытворчасці ўцяпляльніка зімовай курткі; 25 двухлітровых бутэлек — для вытворчасці валакна для світара; 60 двухлітровых бутэлек дастаткова для вытворчасці 1 кв. м дывановага пакрыцця. *** l Кампанія HеwlеttРасkаrd, найбуйнейшы сусветны вытворца камп'ютарнай тэхнікі, аб'явіла аб выкарыстанні перапрацаваных пластыкавых вырабаў для вытворчасці струйных картрыджаў. l У 2009 годзе кампанія Nоkіа прадставіла мадэль тэлефона пад назвай Rеmаdе, галоўнай асаблівасцю якой з'яўляецца тое, што яе корпус выраблены з другаснай сыравіны: перапрацаваных алюмініевых бляшанак, пластыкавых бутэлек і аўтамабільных шын. Перад дызайнерамі кампаніі стаяла задача стварыць "экалагічны" тэлефон, які б мог быць выпушчаны, калі ў свеце настане дэфіцыт карысных выкапняў. l Тры гады таму кампанія Соса Соlа аб'явіла аб намеры займацца перапрацоўкай пластыкавай тары з-пад напіткаў і выпускаць з гэтага матэрыялу модныя сумкі ад англійскага фэшн-лэйбла Аntоnі&Аlіsоn. l Выключна з перапрацаваных ПЭТ-бутэлек стварылі дзелавы жаночы касцюм дызайнеры брытанскай сеткі ўнівермагаў адзення Dеbеnhаms. Касцюм, які не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, каштуе каля 80 долараў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самую першую пальму начальнік рамонтна-будаўнічага ўчастка сталічнага прадпрыемства па сартаванні бытавых адходаў "Экарэс" зрабіў тры гады таму. На...
|
|