Хто не загартаваўся — грып не вінаваты. 21.by

Хто не загартаваўся — грып не вінаваты

14.01.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Эпідэміялагічная сітуацыя па шэрагу інфекцый, у тым ліку па вострых рэспіраторных, застаецца на сёння стабільнай. Дарэчы, на працягу апошніх пяці гадоў у нашай краіне наогул не зарэгістравана выпадкаў рэзкага ўздыму інфекцыйных захворванняў. Што да сёлетняга ўздыму захваральнасці на грып, то, паводле прагнозаў спецыялістаў, грыпозная эпідэмія традыцыйна заявіць аб сабе напрыканцы студзеня — на пачатку лютага.

Паводле слоў галоўнага эпідэміёлага Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іны КАРАБАН, летась у нас не рэгістраваліся 20 назалагічных формаў інфекцыйных і паразітарных хвароб. Стабілізавалася сітуацыя або дасягнута зніжэнне па 43 назалагічных формах. Найбольшае зніжэнне назіраецца па вірусных гепатытах, бактэрыяльнай дызентэрыі, сальманелёзе, іерсініёзе, эпідэмічным паратыце, актыўным туберкулёзе, энтэравіруснай інфекцыі, гельмінтозах. Па вострых кішэчных інфекцыях сітуацыя заставалася стабільнай. Не было летась успышкавай захваральнасці. Удалося не дапусціць завозу ў Беларусь энтэрапатагеннай кішэчнай палачкі, халеры, хоць яны і рэгістраваліся ў еўрапейскім рэгіёне і ва Украіне. Не было выпадкаў дыфтэрыі і слупняку. Папярэджаны выпадкі поліяміеліту. На 25% вырас паказчык захваральнасці на клешчавы энцэфаліт і хваробу Лайма. Рост гэтай захваральнасці меў месца ва ўсіх рэгіёнах, што звязана з масавым наведваннем лясных масіваў у грыбны сезон, падчас адпачынку на прыродзе.

У краінах, тэрытарыяльна блізкіх да нашай, працягваюць рэгістравацца выпадкі інфекцыйных захворванняў, якія ўяўляюць пагрозу для нашага насельніцтва, а менавіта вялікая колькасць выпадкаў адру. І ў групе рызыкі тут — маладыя людзі ва ўзросце 20-29 гадоў. Як вядома, летась у нас было зарэгістравана тры факты завозу адру, у выніку чаго мелі месца 50 выпадкаў захворвання менавіта ў згаданай узроставай групе. З гэтай прычыны Міністэрства аховы здароўя вырашыла правесці спецыяльную імунізацыю. Як высветлілася, каля 200 тысяч чалавек сярод 20-29-гадовых не маюць падобнай прышчэпкі, маюць толькі адну прышчэпку або не маюць ніякіх звестак аб правядзенні падобнай прафілактыкі.

Як паведамляе загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка ШЫМАНОВІЧ, эпідэміялагічная сітуацыя па вострых рэспіраторных вірусных інфекцыях сёння стабільная як у нас, так і ў іншых краінах. Толькі ў Іспаніі ўжо адзначаецца перавышэнне нацыянальнага парогавага ўзроўню. Разам з тым за апошні тыдзень у рэспубліцы крыху падрасла колькасць выпадкаў ВРВІ і грыпу сярод дарослага насельніцтва. За мінулы тыдзень колькасць станоўчых вірусных проб павялічылася з 8 да 24%.

Паводле прагнозаў, сёлета чакаецца эпідэмія сярэдняй інтэнсіўнасці, чаму паспрыяе вакцынацыя 32% насельніцтва. Дарэчы, каб у прынцыпе спыніць распаўсюджванне віруса або знізіць яго ў пэўным рэгіёне, прышчапіць трэба не менш як 75% насельніцтва, што недасягальна. Пераважаць жа будуць у гэтым сезоне два антыгены віруса грыпу А. Аднак нельга забываць, што практычна штогод грып з-за сваіх біялагічных асаблівасцяў муціруе. Калі раней пастаянная мутацыя звязвалася толькі з вірусам тыпу А, то цяпер вядома, што і вірус грыпу тыпу В таксама мяняе свае біялагічныя ўласцівасці.

— Акрамя грыпу, яшчэ каля 20 вірусных і бактэрыяльных агентаў могуць выклікаць падобныя да грыпу захворванні, — кажа кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе Наталля ГРЫБКОВА. — Сярод вірусных найбольш часта заяўляюць аб сабе адэнавірусы, вірусы парагрыпу і інш. Негрыпозныя інфекцыі істотна зніжаюць абарончыя сілы імуннай сістэмы і такім чынам падрыхтоўваюць арганізм да сустрэчы з грыпам. Так што рэспіраторныя інфекцыі заўсёды трэба вельмі добра лячыць.

Шырокае прымяненне такога прэпарату, як рэмантадзін, актыўнага ў дачыненні да віруса грыпу тыпу А, паступова прывяло да таго, што большасць вірусаў гэтага тыпу цяпер з'яўляюцца ўстойлівымі да яго. Лекі новага пакалення такой устойлівасці пакуль у вірусаў не выклікаюць. Але гэта не значыць, што супрацьвірусныя прэпараты можна прымаць без рэкамендацыі ўрача.

Часам не абысціся і без антыбактэрыяльнага лячэння. Вірусы аслабляюць імунную сістэму, што само па сабе спрыяе актыўнаму размнажэнню самых розных бактэрый. Яшчэ больш ускладняюць сітуацыю хранічныя ачагі інфекцыі — сінусіт, карыёзныя зубы і г.д. Так што, у першую чаргу для таго, каб засцерагчыся ад любой віруснай інфекцыі, у тым ліку ад грыпу, неабходна ў прынцыпе сачыць за сваім здароўем.

1. Заўсёды добра лячыце любыя вірусныя і інфекцыйныя хваробы.

2. Не ігнаруйце загартоўванне, паколькі пераахалоджванне адназначна спрыяе захворванню.

3. Ніколі не прызначайце сабе самі імунакарэктары — рабіце лепей прышчэпку.

4. Пры першых прыкметах грыпу (ён адрозніваецца сваім рэзкім пачаткам) звяртайцеся да ўрача, каб своечасова атрымаць спецыфічную і падтрымальную тэрапію. Не хадзіце на працу.

5. Пры чханні і кашлі карыстайцеся аднаразовымі папяровымі сурвэткамі.

6. Часцей мыйце рукі.

7. У сям'і, дзе ёсць хворы, трэба часцей праветрываць памяшканне, рабіць вільготную прыборку і больш дасканала мыць яго індывідуальны посуд.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Эпідэміялагічная сітуацыя па шэрагу інфекцый, у тым ліку па вострых рэспіраторных, застаецца на сёння стабільнай. Дарэчы, на працягу апошніх пяці гадоў у нашай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика