Увайсці царамі
17.01.2012
—
Новости Общества
|
На Шчодры вечар карэспандэнты "Звязды" ўзялі ўдзел ва ўнікальным калядным абрадзе ...Мы крочым за дзіўнымі царамі-салдатамі, што пад гармонік і барабан строем маршыруюць па вясковай вуліцы. Цямнее, і замест самаробных шабляў "цары" бяруць факелы... Міжволі адчуваеш, што гэты абрад — не проста прыгожы перфоманс, "пазычаны" ў продкаў, якія яшчэ ў мінулым стагоддзі так абыходзілі семежаўсія хаты. (Абрад цалкам адноўлены па запісах старажылаў, якія ўзгадалі, як на Каляды па вёсцы хадзілі "цары"). Для семежаўцаў — гэта ці не галоўнае свята. За "царамі" ўвязаўся вялікі натоўп. Бабулькі, якія памятаюць яшчэ "цароў" са сваёй маладосці, натхнёна запэўніваюць усіх, хто пытаецца пра абрад: "У нас цары хадзілі, ходзяць і будуць хадзіць!". Нехта заўважае цікаўную дзятву: "А вось і будучыя цары". "А то, пару гадкоў падрасцём і таксама будзем хадзіць", — пагаджаюцца хлопчыкі... Дарэчы, у гэтым годзе па аграгарадку Семежава цары хадзілі двума калектывамі. У дгугі склад увайшлі мясцовыя школьнікі, якія таксама ўзяліся падтрымліваць адноўленую традыцыю. Раней так і было: па вёсцы адразу маршыравала некалькі гуртоў з маладых хлопцаў. "Цары" апрануты ў белыя кашулі, падпярэзаныя чырвонымі семежаўскімі паясамі. Паясамі крыж-накрыж перавязаны грудзі, на шыю павязана жаночая хустка, але самае дзіўнае ў вопратцы гэтых калядных герояў — іх высокія папяровыя шапкі з рознакаляровымі стужкамі. Паводле легенды, пачалося ўсё ў ХVІІІ стагоддзі, калі ў вёсцы стаяў атрад царскай арміі. Салдаты на Каляды хадзілі па хатах, віншавалі гаспадароў, паказвалі невялікі спектакль, пасля чаго атрымлівалі пачастункі. А калі атрад пакінуў вёску, мясцовыя хлопцы пачалі апранацца ў карнавальныя касцюмы, што нагадвалі форму вайскоўцаў. Праўда, сёння ўжо ўзнікаюць і пэўныя сумненні, а ці былі тыя салдаты. — Калі паглядзець на дыялогі, што адбываюцца паміж удзельнікамі абраду, яны амаль што тоесныя батлейцы, народнай драме "Цар Максімільян", — заўважае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Таццяна Кухаронак. — Нярэдка выклікае нараканні песня "Пасею я лебяду", што падчас абраду гучыць на рускай мове. Калі і быў атрад рускай арміі, можа, ад яго толькі гэтая песня і ўзята. Астатнія ж тэксты старадаўнія, яны ёсць у батлейцы, а значыць, не могуць быць аднекуль прыўнесены. Магчыма, удзельнікі абраду некалі ўсё ж такі пазычылі песню, таму што пад яе можна маршыраваць — яны ж увесь час строем ідуць па вуліцы. Між іншым, сама гэта песня доўгая, а ў семежаўскім абрадзе выкарыстоўваецца толькі пару радкоў, ды і спяваецца ў арыгінале ад імя жанчыны — казачкі, якая чакае свайго мілага. Напэўна, абрад увабраў у сябе шмат розных рысаў. Семежава было мястэчкам, дзе ўзаемадзейнічалі розныя культуры. Тут часта ладзіліся кірмашы. Што тычыцца абраду, які ладзіцца зараз, — ён цалкам аўтэнтычны, тэксты — дакладна тое, што мы запісвалі ад старажылаў. Але чаму такі абрад узнік толькі ў гэтай вёсцы? Чаму батлейка толькі тут ператварылася ў жывы тэатр? Магчыма, уплыў аказаў радзівілаўскі тэатр: у ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях гэтае мястэчка належала Радзівілам. І нават у ХІХ стагоддзі тут, паводле пісьмовых крыніц, дзейнічала школа "вяроўчаных скакуноў" (канатаходцаў) і "штукароў" (жанглёраў). Акрамя таго, само мястэчка падыходзіла для вялікіх прадстаўленняў: для Семежава характэрны так званыя "пагонныя двары", калі пабудовы на сядзібе размяшчаліся ў адну лінію і злучаліся паміж сабой вялікімі сенцамі. Трэба заўважыць, што і сёння сенцы — адна з самых прыгожых частак дома: тут вісіць шмат тканых і вышываных рэчаў. Семежава было ткацкай сталіцай, у кожнай хаце мелася свая майстэрня. Вырабы адсюль вядомы далёка за межамі не тое што Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны. Мясцовыя ўзгадваюць, што сюды пастаянна прыбывалі міжнародныя дэлегацыі і госці часта вывозілі адсюль розныя вырабы. Сёння гэтае рамяство адраджаецца: у аграгарадку адкрыты цэнтр ткацкага мастацтва, дзе займаюцца дзеці і моладзь. Цікаўлюся ў Таццяны Іванаўны, чым наогул былі Каляды для беларусаў. — Каляды — самае галоўнае зімовае свята беларускага народа. У ім "закладзена" шмат ідэй. Самая галоўная — гэта спрыянне дабрабыту, здароўю, прыцягненне ўсялякіх даброт да сваёй абшчыны, свайго роду. У адпаведнасці з міфалагічнай свядомасцю (і гэта было яшчэ ў канцы 19 стагоддзя), быццам было два светы — гэты і "той". У "тым" жылі продкі, якія ў час святаў маглі патрапіць у гэты свет. І ў адпаведнасці з міфалагічнай свядомасцю калядоўшчыкі лічыліся прадстаўнікамі таго свету. Казалі: "Дзе каза ходзіць — там жыта родзіць". Людзі верылі, што ў хаце, дзе пабывалі калядоўшчыкі, усё будзе добра. І з такой ахвотай калядоўшчыкаў адорвалі, бо, лічылася, што ўсе дары трапяць продкам. Дарэчы, падчас Каляд забаранялася працаваць. Лічылася: калі свята пакрыўдзіць, яно будзе помсціць. Не працавалі, каб пазбегнуць калецтва дзяцей і жывёлы, якая ў хуткім часе народзіцца. Пасля Каляд (а раней яны пачыналіся 25 снежня) сонца паварочвала на лета. Таму праводзіліся пэўныя рытуальныя дзеянні з разлікам на новы земляробчы год, спрыянне будучаму ўраджаю. Увесь народны каляндар пабудаваны на чаргаванні будняў са святамі. Пасля такога працяглага посту, калі абмежаванні датычыліся не толькі ежы (для моладзі існавала забарона на спевы і танцы), пачыналася свята. І гэта быў самы вясёлы перыяд ва ўсім народным календары, сапраўдны выбух весялосці. Моладзь кожны дзень ладзіла танцы, гульні. Так, адной з функцый абраду "Калядныя цары" было ўсталяванне дашлюбных адносін паміж маладымі людзьмі. Хлопцы, якія ўдзельнічалі ў абрадзе, у першую чаргу хадзілі ў тыя хаты, дзе былі дзяўчаты на выданне. На сабраныя дары два дні ладзіліся вячоркі... Сёння семежаўцы жартуюць, што ў свет яны ўвайшлі "царамі". Гэта першы і пакуль адзіны беларускі абрад, які рашэннем Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА патрапіў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Дарэчы, адраджацца абрад пачаў у канцы 90-х. Дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея" Валянціна Шуракова ўзгадала, як тры гады таму, калі ладзіліся "Калядныя цары" быў моцны мароз. Абрад не сталі зацягваць, і некаторыя жыхары крыўдзіліся, што "цары", якія нясуць дабрабыт, да іх у хаты не завіталі. Звычайна, калі "цары" сыходзяць, у хаце накрываецца стол і пачынаецца свята. Наогул, сам аграгарадок 13 студзеня, калі ладзіцца абрад, ажывае. Прычым яшчэ да таго, як "цары" пачнуць хадзіць па вуліцах. Пасля таго як абрад быў прызнаны на высокім узроўні, у аграгарадку пачалі ладзіцца святы. Калі мы прыбылі ў Семежава, тут гудзеў калядны кірмаш. Амаль увесь аграгарадок у гэты час высыпаў на вуліцы, амаль увесь рыхтаваўся да свята, усміхаўся падчас яго. Разам з прадстаўнікамі мастацкай самадзейнасці пускаліся ў пляс і старыя, і малыя. Гаспадынькі, што частавалі блюдамі нацыянальнай кухні, зацягнулі прыпеўкі. Тутэйшыя і госці, якіх шмат прыехала на свята, далучаліся да гульняў і варажбы... — Такіх вялікіх святаў раней не было. Іх пачалі ладзіць пасля таго, як абрад адрадзіўся. І, дзякуй Богу, сёння яго заўважылі на сусветным узроўні. Семежава сёння вядома ва ўсім свеце. І людзі гэтым ганарацца. Калі да нас прыязджаюць замежныя госці, то заўсёды здзіўляюцца, як мы маглі ўсё зберагчы да сённяшніх дзён, — заўважае загадчык адзела культурна-масавай і метадычнай работы Капыльскага раённага цэнтра культуры Любоў Галубовіч. — Лічу, што Беларусь адметная сваімі традыцыямі. Тут шмат раёнаў, якія маюць нешта сваё, унікальнае. Можна ўзгадаць і троіцкія, і купальскія абрады. Хацелася б, каб і яны жылі і сталі вядомымі ў свеце. Алена Дзядзюля. Фота Марыны Бегунковай. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Шчодры вечар карэспандэнты "Звязды" ўзялі ўдзел ва ўнікальным калядным абрадзе ...Мы крочым за дзіўнымі царамі-салдатамі, што пад гармонік і барабан строем... |
|