Рыба наша і заморская. 21.by

Рыба наша і заморская

24.01.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння можна выбраць любую рыбу на свой смак. У крамах — шырокі асартымент марской, а рыбгасы рэгулярна падвозяць прэснаводную. Выбірай і разлічвайся.

Старэйшае пакаленне памятае час, калі ў былым Саюзе праводзіліся "рыбныя дні". Кожны чацвер ва ўсіх пунктах грамадскага харчавання прапаноўваліся толькі стравы з рыбы. Тады мелі пэўныя праблемы з мяснымі прадуктамі, і рыба павінна была крыху стабілізаваць сітуацыю. Цяпер здзіўляешся, чаму тыя дні не падабаліся людзям. Заходзіш у рабочую сталоўку, а там смажаны хек ці фрыкадэлькі з рыбы. У той час атлантычнага селядца чамусьці не было, а яго замяняў селядзец "івасі". Марская рыба прадавалася даволі свабодна. Мінтай ляжаў ва ўсіх вітрынах і чамусьці попытам не карыстаўся. Але ўсё гэта было, калі мы будавалі камунізм і ўжо першую фазу яго, калі не памыляюся, прайшлі.

Нядаўна вырашылі мы з жонкай купіць марской рыбы, бо менавіта ў ёй ёсць ёд, і пажадана гэтую рыбу хоць зрэдку есці. Марожанай рыбы хапае, але або цана высокая, або ў рыбы адходаў шмат. Пахадзіўшы па крамах, вырашылі купіць філе мінтая. Без касцей і цана прымальная — 30 тысяч рублёў за кілаграм, хоць у некалькіх крамах кошт дасягаў 53 тысяч.

Здавалася б, выбралі тое, што хацелі. А калі прынеслі дадому і размарозілі, то філе скурчылася і вады набралася 300 грамаў на кілаграм. Вось табе і рыба — без галавы і касцей. Кінулі тыя палоскі мінтая на патэльню і ўбачылі ў выніку невялічкія "дулькі". (А некалі смажылі філе грэнадзёра, дык яно ператварылася ў кашападобную масу, і гэта пры цане 40 тысяч за кілаграм). Рыба расійская, а там схемы ашуканства спажыўца адпрацаваны. Што, філе спецыяльна вытрымліваюць у вадзе, а затым замарожваюць? Вазьміце рыбныя кансервы і патрасіце каля вуха. Калі знойдзеце бляшанку, у якой не будзе "боўтацца", то кансервы не расійскай вытворчасці ці вам пашанцавала. Калі купілі селядзец кавалачкамі ў пластмасавай празрыстай упакоўцы, то расолу там можа быць да 40 працэнтаў. А на выгляд усё як найлепш. Прыгожа, але не шчыльна.

Пакупнік заўсёды будзе ў пройгрышы. Можна за кілаграм вэнджанай скумбрыі заплаціць 80 тысяч, і не будзе ніякага падману, але такі кошт далёка не кожнаму па кішэні. А ў нас размова ідзе пра рыбу, якая па цане была б прымальнай для большасці. Ляжыць на прылаўках салака і мойва ў межах 15-16 тысяч за кілаграм, але ў многіх краінах гэтай рыбай кормяць толькі жывёлу.

Дык якую рыбу есці нашаму чалавеку? Народ ужо вызначыўся, і чэргі выцягваюцца каля цыстэрнаў з карпам. Сёння дзень сажалкавая рыба найбольш запатрабаваная.

Жывы (а гэта ўжо плюс) буйны карп прадаецца па 18-19 тыс./кг, а сярэдняга памеру — яшчэ на пару тысяч танней. Лічыцца, што ў прэснаводнай рыбы шмат адходу, але гэта толькі на першы погляд. З галоў таго ж карпа можна прыгатаваць выдатную юшку, толькі неабходна выкінуць жабры. І атрымаецца, што ў нашых умовах сажалкавай рыбе альтэрнатывы няма.

Вырас попыт — і рыбгасы ажылі. Напрыклад, рыбгас "Лактышы" (Ганцавіцкі раён) летась рэалізаваў прадукцыі на 38 працэнтаў больш, чым у 2010 годзе. Калі раней гаспадарка несла страты, то ў мінулым годзе рэнтабельнасць перавысіла 9 працэнтаў.

Нашы рыбгасы ў асноўным робяць стаўку на карпа. У аб'ёме вытворчасці гэтая рыба ў рыбгасе "Сялец" (Бярозаўскі раён) займае 80 працэнтаў. А яшчэ гадуецца белы амур, таўсталобік, шчупак, карась... У гэтай гаспадарцы з 2006 года вядзецца вырошчванне асятровай рыбы — асятра, сцерлядзі, стронгі. Але гэтая рыба не для масавага спажыўца. Стронгу паспрабаваць не давялося, а ў краме ляжыць. Праўда, і цана "кусаецца" — 100 тысяч рублёў за кг.

Сымон Свістуновіч.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння можна выбраць любую рыбу на свой смак. У крамах — шырокі асартымент марской, а рыбгасы рэгулярна падвозяць прэснаводную. Выбірай і разлічвайся. Старэйшае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика