Кіроўца «БелАЗу» на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах Леанід Гладзевіч абвясціў галадоўку пратэсту супраць ціску на сябраў незалежнага прафсаюзу, паведамляе “Радыё Свабода”.
Актывіст незалежнага прафсаюзу кажа, што ўжо другі дзень галадае. Аднак паведаміць пра гэта ён здолеў толькі цяпер, бо знаходзіўся ў міліцыі. Леанід Гладзевіч правёў там суткі:
«Адміністрацыя „Граніту“ пачала ціснуць на бацькоў маёй жонкі, каб яна, у сваю чаргу, паўплывала на мяне, прымусіўшы мяне адмовіцца ад удзелу ў незалежным прафсаюзе. У выніку бацькі нават пачалі канфліктаваць з жонкай. З-за гэтага жонка пачала канфліктаваць і са мной. Учора раніцай я прыйшоў з працы дадому і папрасіў жонку прыгатаваць мне паснедаць. Але жонка адмовілася, мы пачалі сварыцца, і тут ужо міліцыя стаіць, каб мяне забіраць. Я думаю, што гэта падрыхтавана было адміністрацыяй „Граніту“. У выніку я апынуўся ў міліцыі, сёньня во толькі мяне выпусцілі, і я другі дзень нічога ня еў,» — кажа Леанід Гладзевіч.
Спадар Гладзевіч кажа, што плянуе трымаць галадоўку да таго часу, пакуль незалежны прафсаюз на «Граніце» не даб’ецца рэгістрацыі:
«Патрабаваньні маёй галадоўкі заключаюцца ў тым, каб прыехаў старшыня аблвыканкаму Канстанцін Сумар са мной на гутарку. Я паведамлю зараз у лякарню пра тое, што я галадаю, каб мэдыкі былі ў курсе гэтага, сачылі за маім здароўем. Я буду дабівацца, каб незалежны прафсаюз на „Граніце“ зарэгістравалі і перасталі ціснуць на рабочых. Патрабую, каб Сумар даў магчымасьць атрымаць нашаму прафсаюзу памяшканьне для рэгістрацыі».
Кіроўца «БелАЗу» на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах Леанід Гладзевіч абвясціў галадоўку пратэсту супраць ціску на сябраў незалежнага прафсаюзу,...