Прэм'ер-міністр патрабуе крэатыву. 21.by

Прэм'ер-міністр патрабуе крэатыву

08.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Учора на пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі падводзілі вынікі 2011 года, абмяркоўвалі 2012-ты і рабілі планы на 2013-ты. Увогуле, канстатавана, што ў новы год краіна прыйшла без тых дысбалансаў, якія штурхалі яе летась. Наперадзе — мадэрнізацыя эканомікі і паляпшэнне дабрабыту насельніцтва.

Вынікі і новыя планы

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч лічыць, што Беларусь увайшла ў 2012 год без макраэканамічных дысбалансаў. "Фактычна вырашана задача нацыянальнай бяспекі. Бюджэтна-фінансавая сістэма працуе бездэфіцытна, прыток валюты перавышае адток, замаруджаны рост цэн, стабільныя валютны і дэпазітны рынкі", — пералічыў кіраўнік урада. Аднак ён засяродзіў увагу на тым, што гэта ўсё трэба замацаваць і зрабіць незваротным.

Сёлета ў Беларусі павінна быць адноўлена пакупніцкая здольнасць насельніцтва. Такую задачу ставіць сабе Саўмін. Таксама ён збіраецца жорстка змагацца з інфляцыяй. База для гэтага — эфектыўная манетарная і валютная палітыка. "Грашовая маса павінна адпавядаць створанаму валавому прадукту, а валютны курс вызначацца попытам і прапановай", — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Наконт сказанага адразу было дадзена даручэнне старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай. "У Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ёсць праграма, ёсць пазіцыя. Мы ведаем, як павялічваць даходы людзей і ўмацоўваць эканоміку дзяржавы", — запэўніў прысутных прэм'ер-міністр.

Неабходны мадэрнізацыя і эфектыўнасць

На жаль, для мадэрнізацыі эканомікі ў нас не хапае грошай. Па словах Мікалая Снапкова, міністра эканомікі Беларусі, нашы прадпрыемствы знаходзяцца ў стане "закрэдытаванасці", запазычанасці значна перавышаюць прыбытак арганізацый. "Унутры краіны грошай мала і яны аб'ектыўна дарагія. Мы падлічылі: пры мінімальнай патрэбнасці інвестыцый у 2012 годзе ў 15 млрд долараў ЗША наша банкаўская сістэма здольна забяспечыць не больш за трэцюю частку і пад вялікія працэнты", — расказаў Міхаіл Мясніковіч. Дарэчы, асабістых крыніц у прадпрыемстваў таксама не хапае. А "знешнія запазычанні створаць праблемы ў наступныя гады", таму найважнейшай задачай з'яўляецца прыцягненне ў краіну прамых замежных інвестыцый. Ужо распрацаваны і прадстаўлены кіраўніку дзяржавы праект закона аб інвестыцыях. У ім сабраны найлепшыя міжнародныя практыкі і айчынны вопыт. Акрамя таго, неабходна павялічваць эфектыўнасць прадпрыемстваў. "Пры адсутнасці росту прадукцыйнасці працы прэміі і бонусы кіраўніцтву прадпрыемстваў, а таксама дзяржорганаў не выплачваюцца ні пры якіх умовах", — заявіў прэм'ер-міністр і нагадаў, што адна з галоўных задач, пастаўленых на бягучы год, — рост даходаў насельніцтва. Урад, на думку Мясніковіча, павінен забяспечыць яе выкананне на якаснай аснове за кошт стварэння новых і мадэрнізацыі дзейных працоўных месцаў, і толькі ў вельмі жорсткай сувязі з прадукцыйнасцю працы.

Прыватызацыя — толькі на выгадных умовах

Ніякага распродажу дзяржмаёмасці не плануецца. Кіраўнік урада падкрэсліў, што Беларусь будзе прадаваць акцыі сваіх прадпрыемстваў толькі на выгадных умовах. У найбліжэйшы час урад прадставіць Прэзідэнту пералік запланаваных да прыватызацыі ў гэтым годзе арганізацый. "Мы спакойна і паслядоўна будзем адкрываць нашу эканоміку, ствараць новыя працоўныя месцы і прыцягваць інвестараў для росту дабрабыту нашых людзей", — сказаў прэм'ер-міністр. Між іншым, продаж актываў запланаваных прадпрыемстваў павінен забяспечыць прыток у краіну не менш за 2,5 млрд долараў. Прыватызацыя і структурныя рэформы, па словах Міхаіла Мясніковіча, — гэта штодзённая праца для ўрада. Рабіцца гэта ўсё будзе без шуму, спакойна. "Пры гэтым не будзе ніякіх масавых скарачэнняў, звальненняў і іншых страхаў, якія імкнуцца пасеяць некаторыя апаненты ў грамадстве".

Што яшчэ новага?

Урад жорстка возьмецца за манапалістаў — будуць прыняты новыя антыманапольныя захады, і кожны "змоўшчык" пашкадуе. Прынамсі, у гэтым запэўнівае Саўмін.

Міністэрства фінансаў абавязалі забяспечыць жорсткае захаванне бюджэтнай дысцыпліны, каб выключаць факты пачатку праектаў у грамадскім сектары, калі яны не маюць пацверджаных крыніц фінансавання. Парушэнне прапанавалі кваліфікаваць як шкодніцтва. "Урад будзе ўдзячны дзяржкантролю за спыненне замарожвання сродкаў у незавершаным, няпланавым, неэфектыўным будаўніцтве, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Урад зацвердзіў аб'ектныя спісы жылых дамоў, малочнатаварных ферм і іншых аб'ектаў, якія крэдытуюцца ў цэнтралізаваным парадку, на астатнія аб'екты павінны прыцягвацца выключна камерцыйныя і ўласныя рэсурсы".

"Атрымаць максімум выгады ад Адзінай эканамічнай прасторы", — заклікае прэм'ер-міністр. Ён лічыць, што неабходна цалкам выкарыстаць усе магчымасці, якія нам дае старшынства сёлета ў Савеце ЕЭК. "Мы павінны працаваць крэатыўна!" — яшчэ адзін заклік Міхаіла Мясніковіча, які гучыць больш чым актуальна. На думку Мікалая Снапкова, адна з асноўных рызык для Беларускай эканомікі ў будучыні — вялікая канкурэнцыя пасля ўступлення ў Сусветную Гандлёвую Арганізацыю. Адзіная эканамічная прастора ўжо дэ-факта пабудавана на ідэалогіі СГА. Канкурэнцыя павялічваецца, а значыць, неабходна павялічваць і канкурэнтаздольнасць нашых тавараў. Вось тут крэатыў і спатрэбіцца.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора на пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі падводзілі вынікі 2011 года, абмяркоўвалі 2012-ты і рабілі планы на 2013-ты. Увогуле, канстатавана, што ў новы год краіна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика